Хто ёсць хто. Усё, што трэба ведаць пра кандыдатаў на будучых прэзідэнцкіх выбарах ва Украіне


Цягам апошнім двух тыдняў у 10 вобласцях Украіны дзейнічае ваеннае становішча. Пятро Парашэнка запэўніў грамадскасць: гэта не паўплывае на правядзенне прэзідэнцкіх выбараў, прызначаных на 31 сакавіка 2019 года. Афіцыйна перадвыбарчая кампанія яшчэ не распачалася, але галоўныя гульцы і патэнцыйныя кандыдаты на пост прэзідэнта Украіны вядомыя ўжо цяпер. Belsat.eu распавядае, хто ёсць хто ў будучай гонцы і з якімі ідэямі выступаюць топавыя ўкраінскія палітыкі.

Пятро Парашэнка і «формула ідэнтычнасці»

У 90-я гады стварыў групу «Рашэн», якая стала найбуйнейшым вытворцам кандытарскіх вырабаў ва Украіне. Пазней далучыў да сваёй бізнес-карпарацыі некалькі аўтобусных заводаў, шэраг медыя-актываў. За час палітычнай кар’еры змяніў пасады міністра эканамічнага развіцця і гандлю (2012 год), міністра замежных спраў Украіны (2009-2010), сакратара Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны і старшыні савета Нацбанка. З 2001 па 2013 гады ўзначальваў уласную партыю «Салідарнасць», якая потым была перайменаваная ў Блок Пятра Парашэнкі «Салідарнасць». Кандыдат юрыдычных навук.

У траўні 2014-га перамог у першым туры прэзідэнцкіх выбараў, атрымаўшы 54,70 % галасоў пры яўцы 59,48 %. Адразу пасля перамогі Парашэнка займеў высокі ўзровень падтрымкі, але ўжо праз паўгода ён пачаў імкліва падаць. Агулам за час кадэнцыі рэйтынг Парашэнкі абваліўся ў пяць разоў.

Сёлета ў ліпені ў ягонай фракцыі заявілі, што выбарчы штаб ужо створаны, хаця сам Парашэнка пакуль публічна не агучваў намеру балатавацца. Разам з тым, яшчэ ў жніўні на вуліцах украінскіх гарадоў з’явіліся плакаты з ягоным подпісам і лозунгам «Армія. Мова. Вера». Гэтыя тры кіты Парашэнка назваў «формулай сучаснай украінскай ідэнтычнасці».

Абяцанні У 2014 годзе ў праграме «Жыць па-новаму» Парашэнка абяцаў дэцэнтралізацыю ўлады, бязвізавы рэжым з Еўразвязам, рэформу праваахоўнай сістэмы, і гэтыя абяцанні сапраўды былі выкананыя. У той жа перыяд ён заяўляў, што «антытэрарыстычная аперацыя працягнецца гадзіны», але вайна на Данбасе доўжыцца больш за 4 гады. Не была паспяховай і анансаваная Парашэнкам барацьба з карупцыяй. Журналісты і антыкарупцыйныя актывісты рэгулярна фіксуюць сярод набліжаных да прэзідэнта асобаў злоўжыванне ўладаю дзеля ўласнага ўзбагачэння. Фігурантам рэзананснага журналісцкага расследавання стаў і сам прэзідэнт: у яго знайшлі актывы ў афшорах.

Шанцы на перамогу Паводле апытання Кіеўскага міжнароднага інстытута сацыялогіі (КМІС) і Цэнтра Разумкова, у лістападзе рэйтынг Парашэнкі склаў 10, 3%. Гэта на 2% менш, чым у жніўні-верасні. Яшчэ мінулай восенню падтрымка дзейнага прэзідэнта дасягала 16,9%. Такім чынам, тэндэнцыя на зніжэнне ўзроўню даверу відавочная. Ужо цяпер значная частка экспертаў лічыць, што выбары адбудуцца ў два туры. Старшыня фонду «Дэмакратычная ініцыятыва Ірына Бякешкіна мяркуе: Парашэнку будзе нават складаней патрапіць у другі тур, чым перамагчы ў ім.

Палітычны старажыл Юлія Цімашэнка

Інфаграфіка “Сацыяполіс”
Віцэ-прэм’ер-міністр Украіны з пытанняў паліўна-энергетычнага комплексу (1999-2011), прэм’ер-міністр (2005; 2007-2010). Кандыдат эканамічных навук. Старшыня партыі «Бацькаўшчына». У 2004 годзе разам з Віктарам Юшчанкам была лідэрам Памаранчавай рэвалюцыі. Пры Януковічу супраць яе распачалі крымінальную справу за перавышэнне службовых паўнамоцтваў пры заключэнні газавых дамоваў з Расеяй. У 2001 годзе Цімашэнка была арыштаваная і асуджаная на 7 гадоў зняволення. У лютым 2014 года, падчас Еўрамайдану, Вярхоўная Рада вызваліла Цімашэнку, неўзабаве Вярхоўны суд закрыў справу.

На пазачарговых прэзідэнцкіх выбарах у траўні стала галоўным канкурэнтам Парашэнкі, здабыўшы 12,8% галасоў. Трэба адзначыць, што канфлікт паміж Парашэнкам і Цімашэнкай узнік яшчэ падчас прэм’ерства апошняй: тады яна абвінаваціла яго ў карупцыі. Юшчанка спрабаваў улагодзіць сітуацыю, але замест кансэнсусу разыходжанні паміж апанентамі толькі пашыраліся.

Абяцанні Чатыры гады таму Цімашэнка ў сваёй праграме выступала за ўзмацненне абароннага сектару эканомікі, павелічэнне здабычы ўласных нафты і газу, наданне большай свабоды малому бізнесу. Што тычыцца агрэсіі РФ, то тут Цімашэнка заклікала наўпрост «вызваліць Крым ад расейскай акупацыі» і «ліквідаваць усе элементы залежнасці Украіны ад Расеі».

Сёлета палітык пацвердзіла намер балатавацца ў прэзідэнты. На першы план у ейнай рыторыцы выйшла еўраатлантычная інтэграцыя. «Будучыня Украіны – у НАТО і ЕЗ», – сцвярджае яна. Акрамя таго, у праграме «Новы курс» Цімашэнка абяцае прыняць новую Канстытуцыю, паводле якой Украіна стале парламенцкай рэспублікай на чале з канцлерам – намёк на свае нібыта падабенства да Меркель. Таксама яна прапануе адыйсці ад «Менскіх дамоваў», а асновай для далейшага ўрэгулявання канфлікту на Данбасе называе Будапешцкі мемарандум. Выступае супраць «асаблівага статусу» Данбаса і лічыць яго рэінтэграцыю на такіх умовах немагчымай.

Шанцы на перамогу Эксперты даследвальніцкай арганізацыі «Сацыяполіс» прагназуюць Цімашэнцы выхад у другі тур з рэйтынгам 18,5% галасоў. Па выніках апытання КМІС у лістападзе 2018 яе рэйтынг перавышае 20%.

«Цімашэнка абяцае ўсё адразу, усім слаям выбарнікаў. Але поспех праекта парламенцкай рэспублікі значна падарваны галасаваннем у Вярхоўнай Радзе, калі дэпутаты сарвалі рашэнне прэзідэнта, які з’яўляецца галоўнакамандуючым, аб увядзенні ваеннага становішча на тэрмін 60 дзён, – мяркуе рэдактар аддзелу міжнароднай палітыкі кіеўскага выдання lb.ua Ігар Салавей, – Гэта паказвае, як у інтарэсах выбараў дэпутаты могуць ігнараваць знешнюю небяспеку. Такім чынам яны прадэманстравалі, што калектыўны орган – гэта безадказнасць, а не паспяховае кіраўніцтва абаронай краіны».

Аналітык мяркуе, што менавіта таму Цімашэнка можа адмовіцца ад ідэі парламенцкай рэспублікі як ад непапулярнай у масах. Ініцыятывы па Будапешцкім мемарандуме Салавей лічыць «спрэчнымі, нерэальнымі», а адмову ад Менскай пляцоўкі – «нават у чымсьці небяспечнай».

Анатоль Грыцэнка

Уладзімір Зяленскі – «слуга народу»?

Юрый Бойка
Шоўмэн, актор, кінарэжысёр, сцэнарыст, прадзюсар і лідар студыі «Квартал-95». Быў чальцом праўлення і генеральным прадзюсарам тэлеканала «Інтэр» у 2010-2012 гадах. Выканаў ролю «сумленнага палітыка» у папулярным серыяле «Слуга народу».З пачаткам расейскай агрэсіі актыўна выказваецца на палітычную тэматыку, выступае з канцэртамі перад украінскімі вайскоўцамі, ахвяруе грошы на патрэбы фронту.

Пакуль што Зяленскі афіцыйна не пацвердзіў, што збіраецца ісці на выбары ў сакавіку. Але ў снежні 2017 году была зарэгістраваная партыя «Слуга народу», у склад яе кіраўніцтва ўваходзяць аўтары «Кварталу-95».

Ва ўкраінскіх гарадах нядаўна з’явіліся білборды з надпісам «Слуга народу», але незразумела – гэта палітычная агітацыя ці анонс новага сезону вядомага серыялу.

Абяцанні Што можа запрапанаваць выбарнікам Зяленскі – застаецца таямніцай. Пакуль ні згаданая раней партыя, ні ён сам не выступалі з канкрэтнай праграмай. Шэраг экспертаў і журналістаў звязваюць размовы пра магчымы ўдзел Зяленскага ў выбарах з фігурай алігарха Ігара Каламойскага, уласніка тэлеканалу «1+1».

Шанцы на перамогу Цікава, што рэйтынг Зяленскага дасягае 10,8%, большасць прыхільнікаў – з цэнтральнай і паўднёвай частак Украіны. Эксперты звязваюць такую папулярнасць з жаданнем грамадства бачыць «новыя твары» замест патрыярхаў украінскай палітыкі. На думку дырэктара Інстытуту сусветнай палітыкі Яўгена Магды, стомленасць ад «старой гвардыі» ва ўкраінцаў насамрэч ёсць, але на сённяшні дзень не даводзіцца казаць, што Уладзімір Зяленскі – сапраўды палітык.

«Тое, што ён зняўся ў серыяле і пастаянна мільгаціць на экране, яшчэ не робіць яго палітыкам, а ўсяго толькі медыйным персанажам. У нас няма звестак пра рэальную дзейнасць партыі, не існуе яе заяваў. Яна, хутчэй за ўсё, такі сабе віртуальны аб’ект. Гэта сведчыць пра гатоўнасць нашай палітычнай сістэмы і грамадства абіраць па прынцыпе «лепей горшае, але іншае», – сказаў Магда ў каментары belsat.eu

Паводле словаў Магды, выхад на арэну такіх патэнцыйных кандыдатаў як актор Зяленскі або спявак Святаслаў Вакарчук (лідэр гурта «Акіян Эльзы») – гэта элемент складанай палітычнай гульні. У 2019 годзе Украіну чакаюць яшчэ і парламенцкія выбары, і калі хтосьці з верагодных кандыдатаў выбывае з прэзідэнцкай кампаніі, ён можа з’явіцца падчас парламенцкай. Такім чынам цягам году захаваецца палітычная інтрыга, лічыць эксперт.

Экс-міністр абароны Анатоль Грыцэнка

Дэпутат Вярхоўнай рады Украіны ад блока «Наша Украіна – Народная самаабарона» (2007-2012) і «Бацькаўшчына» (2012-2014), міністр абароны Украіны ў 2005-2007 гадах. Балатаваўся ў прэзідэнты ў 2010 і 2014 гадах. Лічыцца адным з аўтараў праграмы Віктара Юшчанкі. У сувязі з расейскай агрэсіяй назваў Пуціна «фашыстам».

Калі раней Грыцэнка замацаваў за сабой імідж «непрахаднога» палітыка, чые рэйтынгі не перавышалі 6%, то цяпер некаторыя аналітыкі лічаць, што ён здольны пацягнуць за сабой частку электарату, расчараваную ў Парашэнку.

Абяцанні У 2014 ён запэўніваў: «Я сам хабараў не браў і не даваў», абяцаў люстрацыю чыноўнікаў і матэрыяльны дабрабыт. Заяўляў, што «з Украіны пачнецца адраджэнне духоўнасці ва ўсім свеце». Сын Грыцэнкі ўваходзіць у кіраўніцтва Нацынальнага антыкарупцыйнага бюро (НАБУ). Сёлета Грыцэнка афіцыйна пацвердзіў, што пойдзе на выбары ў трэці раз. На парадку дня – план па мірным вяртанні Данбасу, якое зойме 3-5 гадоў, а потым і вяртанне Крыму. Дэталі свайго плану Грыцэнка яшчэ не раскрывае, акрамя таго, што збіраецца пазбавіць баевікоў «ЛДНР» кантролю над украінска-расейскай мяжой».

Шанцы на перамогу Цягам апошняга году за дадзенымі КМІС рэйтынг Грыцэнкі вагаўся ад 9,7% да 15,5% па розных рэгіёнах Украіны. Стаўленне грамадства да Грыцэнкі можна характарызаваць як станоўчае, мяркуе палітычны эксперт Дома дэмакратыі Анатоль Акцісюк. У першую чаргу, гэта звязана з тым, што Грыцэнка «не надта сябе дыскрэдытаваў». У плюс яму ідзе той факт, што ягоная жонка Юлія Маставая – вядомы журналіст, кіраўнік аўтарытэтнага выдання «Дзеркало тижня».

«Кандыдат ад Усходу» Юрый Бойка

Нарадзінец Горлаўкі Юры Бойка быў віцэ-прэм’ер-міністрам Украіны (2012-2014), міністрам энергетыкі і вугальнай прамысловасці Украіны (2010-2012), міністрам паліва і энергетыкі Украіны (2006-2007 і 2010). Пры Юшчанку і Януковічу быў у «Партыі рэгіёнаў», якая традыцыйна лічылася арыентаванай на Расею.

З верасня 2014 года кіруе «Апазіцыйным блокам» і адпаведнай парламенцкай фракцыяй. У «Апаблок» часткова ўвайшлі былыя «рэгіяналы».

Абяцанні На выбарах 2014 году атрымаў 0,19% галасоў. Балатуецца ў другі раз. Абяцае вярнуць Данбас не самым папулярным для большасці ўкраінцаў спосабам: увесці міратворцаў, пайсці на наўпроставыя перамовы з Расеяй, аднавіць жыхарам акупаваных тэрыторыяў усе сацыяльныя выплаты. Крытыкуе дзейную ўладу за эканамічную блакаду акупаванага Крыму.

Шанцы на перамогу Найбольшая праблема для Бойкі – ён не адзін прэтэндуе на галасы жыхароў Усходу. Сам «Апазіцыйны блок» перажыў крызіс і раскол на фракцыі праз розныя, часам супрацьлеглыя інтарэсы яго чальцоў. У лістападзе, паводле КМІС, у Бойкі былі 8,7%.

***

Таксама сярод патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты Украіны – «радыкал» Алег Ляшко, які прапануе, адпаведна, радыкальныя эканамічныя рэформы і такія ж дзеянні па вяртанні акупаваных тэрыторыяў. Ляшко мае менш за 1,5% галасоў. Палітык з Харкаву Яўген Мураеў мае каля 5% галасоў і выступае за федэралізацыю Украіны аж да надання кожнаму рэгіёну асобнага статусу. Таксама на выбары збіраюцца былы кіраўнік Данецкай абласной адміністрацыі Сяргей Тарута і былы мэр Харкава Міхаіл Добкін. Абодва маюць вельмі нізкія рэйтынгі. Мэр Львова Андрэй Садовы выступае з пазіцыяў хрысціянскай дэмакратыі і прапануе пашырыць мясцовае самакіраванне. Цяпер ён мае 3% галасоў. Акрамя таго, пра намер вылучыцца на пасаду прэзідэнта заявіў і былы амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бязсмертны, які таксама пэўны час прадстаўляў Украіну ў Трохбаковай кантактнай групе.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў