«Хто выбывае, губляе практычна ўсё». Сяргей Чэрачань падаў дакументы ў ЦВК


Старшыня партыі БСДГ Сяргей Чэрачань падаў дакументы ў ЦВК на рэгістрацыю сябе ў кандыдаты ў прэзідэнты, паведамляе TUT.by.

Сяргей Чэрачань кажа, што на пачатку кампаніі ягоныя шанцы быць зарэгістраваным як кандыдат былі зусім маленькімі. Але потым кампанія прыняла вельмі цікавы паварот і бягучая сітуацыя вельмі змянілася.

Прэтэндэнт у прэзідэнты мяркуе, што пасля рэгістрацыі, усе альтэрнатыўныя кандыдаты мусяць сесці за стол перамоваў.

«Калі мы разам – у нас ёсць шанец. Калі не… Зараз увесь працэс уяўляе сабою «галодныя гульні»: той, хто выбывае, губляе практычна ўсё, калі не сказаць болей. І калі не будзе аніякай кансалідацыі дэмакратычных сілаў, то чакаць выніку на гэтай палітычнай кампаніі не варта», – цытуе палітыка TUT.by

Сяргей Чэрачань.
Фота: cherechen.by

Ён падкрэсліў, што не чакаў такіх жорсткіх рэпрэсіяў падчас прэзідэнцкай кампаніі. Аднак нягледзячы на ціск, здымацца з выбараў ён не збіраўся.

«Я занадта доўга ішоў да гэтай кампаніі, я занадта шмат змарнаваў сіл і пэўных рэсурсаў, каб на сёння зняцца. Калі б гэта было неабходна і калі б мы разумелі, што гэта да чагосьці прывяло б, канешне, я б зняўся. Але пакуль канцэпцыя – мы яшчэ мусім пазмагацца, каб не падвесці тых людзей, якія зараз з намі», – сказаў Сяргей Чэрачэнь.

Афіцыйная старонка Сяргея Чэрачня паведамляе, што ён сабраў 106 тысячаў подпісаў. Агулам для вылучэння ў кандыдаты ў прэзідэнта неабходна сабраць мінімум 100 тысячаў.

Зараз ЦВК актыўна «бракуе» подпісы, сабраныя за вылучэнне Віктара Бабарыкі і Валера Цапкала.

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць 9 жніўня.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў