Хто ўзрывае «стабільнасць». Аляксандр Тамковіч пра тэракты ў Менску, Маскве ды Егіпце


Не пагаджуся з тымі, хто зараз кажа пра нараджэнне чарговага «канспіролага». Гэта цалкам не адпавядае рэчаіснасці. Работа такая – задаваць пытанні. І не мая віна ў тым, што яны далёка не ўсім падабаюцца.

Сёння я таксама пачну з пытання, але не са свайго, а з таго, якое праз два дні пасля піцерскага тэракту агучыў мой сябар літаратар і выдавец Уладзімір Сіўчыкаў – «Цікава, а на гэты раз Ісламская дзяржава (ІД) возьме на сябе адказнасць?».

З моманту тэракту ў метро Санкт-Пецярбурга ўжо прайшоў тыдзень. На жаль, станоўчага адказу на гэта пытанне мы так і не пачулі.

Не палічыце сарказмам, але тое, што адбываецца цяпер, вельмі нагадвае прымітыўную спробу даказаць: у «рускім свеце» усё самае лепшае. Нават тэрарысты…

Не хочацца праслыць «няверуючым Фамой», але тлумачэнні наконт таго, што гэта следства «аўтаномнасці» расейскіх тэрарыстаў ад міжнароднага тэрарызму асабіста мяне не пераконваюць. Перш за ўсё таму, што звычайна (учора ў Егіпце гэта і адбылося) ІД так хутка і ахвотна бярэ на сябе адказнасць, што некаторыя нават пачынаюць сумнявацца ў іх шчырасці…

А тут – наадварот. Афіцыйная Расея настойліва імкнецца «павесіць» выбух на Ісламскую дзяржаву, а тая амаль адбіваецца ад «славы», да якой імкнецца ў любой другой краіне.

Не пераконвае і тэза – «арганізатары не называюць сябе па той прычыне, што плануюць нейкі працяг». Не прыпомню прыклада, каб некага стрымлівала менавіта гэта.

Хутчэй за ўсё прычына другая. Або ІД наўмысна адмяжоўваецца ад расейскіх ЧП, або ў тых, сапраўды, іншае паходжанне.

Пра яго прапіску гадаць не будзем, хаця думка пра «кантралюемы тэракт» НАДЗВЫЧАЙ цікавая. На мой погляд, больш відавочнай з’яўляецца выснова пра тое, што аўтарытарныя ўлады добра вучыцца бараніць сябе, і не ўмеюць бараніць сваіх працадаўцаў, то бок народ.

Некаторыя нават адкрыта кажуць – калі б гутарка ішла пра палітычную крытыку Пуціна, расейская ФСБ перадухіліла бы магчымы эксцэс, яшчэ ў зародкавым стане. Маўляў, «заточаны» яны сёння выключна пад гэта.

Калі гутарка ідзе пра жудасныя расейскія трагедыі, без беларускіх «аналогіяў» абысціся вельмі цяжка. Пра бензапілу і «аператыўнасць» адпаведных службаў нават узгадваць не хочацца, бо там усё настолька відавочна, што паверыць у нешта больш важкае за барацьбу са звычайным іншадумствам практычна немагчыма.

Не менш агідна іншае. Не ведаю, хто дакладна стаіць за людскім горам і трагедыямі, аднак тое, як іх выкарыстоўваюць у палітычных мэтах, амаральнасцю і цынізмам проста шакуе.

Судзіце самі.

У афіцыйнай расейскай прэсе пачалі шукаць «украінскі след» фактычна адразу пасля выбуху, аднак «на версе» хутка зразумелі, што гэта будзе яўны «перабор», і далі «адбой». Калі хто не забыўся, шэсць гадоў таму пасля тэракта ў менскім метро адбываліся вельмі падобныя рэчы. Памятаеце, як «пятай калоне» абяцалі «адкруціць галовы», калі пэўная датычнасць да тэрарыстычнага акту, будзе даказана фактамі.

На шчасце, спроба выдаць пажаданае за рэальнае не адбылася. І тады, і зараз.

А вось тое, што яшчэ можна лічыць агульным паміж трагедыямі 11 красавіка 2011 года і 3 красавіка 2017, так гэта іх НЕВЕРАГОДНАЯ своечасовасць.

У 2011-ым, адразу пасля менскай бяды ў Люксембургу павінны былі ўводзіць супраць Беларусі новыя санкцыі. У 2017-м, літаральна перад узрывам у Санкт-Пецярбурзе па ўсёй Расеі адбыліся акцыі супраць карупцыі бліжэйшага атачэння Пуціна.

Як вядома, новых санкцый тады не ўбачыў ніхто, а што будзе цяпер – застаецца толькі чакаць.

Не трэба быць Касандрай, каб прадбачыць негатыўную рэакцыю на гэтыя нататкі афіцыйных прапагандыстаў. Як і мяне, у іх такая работа. На любыя адрозныя ад афіцыйнай версіі крычаць – «сам дурань»…

А што тычыцца адказу на пытанне, якая стала назвай артыкула, то тут усё проста.На мой погляд, «стабільнасць» часцей за ўсё ўзрывае сама «стабільнасць». Тым, што прыходзіцца браць яе ў двукоссе…

Фота: Зміцер Лавецкі/АР/ТАСС

Стужка навінаў