Хто ў гісторыі Беларусі кіраваў больш за Лукашэнку?


20 ліпеня спаўняецца 25 гадоў з першай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. З таго часу ён застаецца ва ўладзе, і адмаўляцца ад яе 65-гадовы кіраўнік Беларусі пакуль не збіраецца. Тым не менш у гісторыі нашае краіны былі і тыя, хто кіраваў ёй або яе часткамі даўжэй за Лукашэнку.

Hавiны
ТОП-5 прэзідэнтаў, якія больш за ўсіх знаходзяцца пры ўладзе
2019.03.12 17:15

Безумоўным рэкардсменам тут з’яўляецца полацкі князь Усяслаў Чарадзей, які заступіў на пасаду ў 1044 годзе, а пакінуў яе толькі праз 57 гадоў, памёршы ў 1101-ым. Вядома, не ўвесь час ён знаходзіўся ва ўладзе, бо ў 1067 годзе Полацкае княства паспрабавалі інтэграваць кіеўскія князі. Але Усяслаў здолеў вырвацца з палону і нават узначаліць саюзную, так бы мовіць, дзяржаву, а ў 1071 годзе зноў аднавіць уладу над Полацкам. Вось такія беларускія гульні тронаў.

Усяслаў Чарадзей

Другое месца – у вялікага князя літоўскага Казіміра Ягелончыка, які стаў гаспадаром у свае 13 гадоў, у 1440 годзе. Пакінуў ён уладу толькі ў 1492 годзе, як і большасць сярэднявечных манархаў, наперад нагамі, пракняжыўшы 52 гады. За гэты час ён паспеў стаць каралём Польшчы, а свайго сына Уладзіслава зрабіць каралём Чэхіі і Вугоршчыны, паклаўшы тым самым пачатак кароткачасовай імперыі Ягелонаў і стаўшы прадвеснікам ідэі балта-чарнаморскага Міжмор’я.

Hавiны
Ад лекаркі – да міс Беларусь: жанчыны вакол Лукашэнкі за ўсе 25 гадоў
2019.07.15 07:00

Замыкае п’едэстал Жыгімонт Ваза, нашчадак Казіміра Ягелончыка з боку маці (як тады казалі «па кудзелі»). Пры ім каралёў і вялікіх князёў на нашых землях ужо абіралі. Тым не менш, 21-гадовы шведскі прынц здолеў вырваць перамогу ў славутых нямецкіх Габсбургаў і ў 1587 годзе стаў кіраўніком Рэчы Паспалітай. У гэтым статусе ён прабыў да сваёй смерці ў 1632 годзе, або 45 гадоў. Не забываў Жыгімонт і пра сваіх варажскіх продкаў, і нават сем гадоў пабыў каралём Швецыі, а на словах – дык і ўсе 40. Дынастыя ж Вазаў кіравала Польшчай і ВКЛ да 1668 году.

Рэдкі манарх мог пахвастацца партрэтам ад Рубэнса. А Жыгімонт Ваза мог

На чацвёртым месцы змясціўся яшчэ адзін Жыгімонт, вядомы як Стары – сын Казіміра Ягелончыка ды дзед Жыгімонта Вазы. Ён гаспадарыў у Літве 42 гады – ад 1506-га да 1548-га, а ад 1507-га – таксама і Каронай Польскай. Праўда, у 1544 годзе ён аддаў уладу ў ВКЛ свайму сыну Жыгімонту Жыгімонтавічу, які фармальна быў вялікім князем ужо з пяцігадовага веку – ад 1529 году. Ну як аддаў, нешта падобнае можна зараз бачыць у Казахстане, дзе Нурсултан Назарбаеў нібы і сышоў, а нібы і застаўся.

Hавiны
Як полацкі Рагвалод стаўся продкам усіх сучасных манархаў Еўропы
2019.02.13 14:22

Завяршае топ-5 полацкі князь Брачыслаў, які адным з першых пачаў збіраць раскіданыя беларускія землі ў адну дзяржаву. Унук славутай Рагнеды і бацька лідара нашага рэйтынгу Усяслава далучыў да Полацкага княства Віцебск і Менск, заснаваў курортны Браслаў, прабраўся да сучасных расейскіх Усвятаў і да латвійскага Прыдзвіння. Валадарыў ён 41 год – ад 1003-га да 1044-га.

Сярод тых, хто кіраваў у Беларусі больш за Лукашэнку, быў і іншы Аляксандр, больш вядомы як Вітаўт. 38 гадоў (ад 1392-га да 1430-га) ягонага княжання «лічаць усе летапісцы росквітам княства Літоўскага, нашага краю». Ён нават ледзь не стаў каралём, але «лёс склаўся так, што хрусць і папалам».

Вось у Вітаўта – Рубэнса не было

За ім ідзе саксонскі курфюрст Аўгуст ІІ Моцны, які быў вялікім князем 33 гады – ад 1697-га да 1706-га і ад 1709-га да 1733-га. А быў бы Аўгуст Моцны яшчэ мацнейшым, не давялося б рабіць гэтага перапынку.

32 гады кіраваў у ВКЛ дзед Казіміра Ягелончыка Альгерд, хай і на пару з братам Кейстутам, бацькам Вітаўта. У гісторыю ён увайшоў дзякуючы таму, што, як і Брачыслаў, далучыў Віцебск, вызваліў ад ардынцаў Украіну і тройчы «шатаў» Маскву.

31 год кіравання мае на сваім рахунку Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які на ўласнай скуры адчуў, што значыць інтэграцыя з Расеяй. У 1764 годзе ён з расейскай дапамогай стаў манархам Рэчы Паспалітай, а ў 1795-ым пад яе ж ціскам быў вымушаны адмовіцца ад улады. Нічога не нагадвае?

Станіслаў Панятоўскі, з Божай ласкі і волі народу кароль польскі, вялікі князь літоўскі, рускі, прускі, мазавецкі, жамойцкі, кіеўскі, валынскі, падольскі, падляскі, інфлянцкі, смаленскі, северскі і чарнігаўскі і іншых.

29 гадоў кіраваў папярэднік папярэдняга і сын Аўгуста Моцнага Аўгуст ІІІ, які, як і ягоны бацька, таксама гаспадарыў у нямецкай Саксоніі. Менавіта ён даслаў у Пецярбург амбасадарам Станіслава Панятоўскага, які там закахаўся ў будучую «шальную» расейскую імператрыцу Кацярыну, якая Панятоўскага ўзвяла на п’едэстал, а пасля адтуль жа скінула.

За межамі топ-10 застаюцца яшчэ тры беларускія манархі, якія кіравалі больш за дзейнага – сын Усяслава Чарадзея Рагвалод aka Барыс (27 гадоў, 1101–1128), які прыдумаў Барысаў і Барысавы камяні, ды заснавальнік ВКЛ і яго адзіны кароль Міндоўг (27 гадоў прыкладна з 1236 года да 1263-га).

Hавiны
Ці будзе Коля Лукашэнка ў старасці падобны да бацькі? ФОТА
2019.07.16 14:57

На мяжы нашага спісу знаходзіцца продак усіх Гедымінавічаў і Ягелончыкаў Гедзімін (25 гадоў у 1316-1341 гадах). Але яго ўжо збіраецца пацясніць Аляксандр Лукашэнка, які плануе ў 2020 годзе зноў удзельнічаць як у прэзідэнцкіх выбарах, гэтак і ў інаўгурацыі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў