Хто такая журналістка Кацярына Андрэева? Расказваюць яе муж і дзядуля

Журналістцы Кацярыне Андрэевай 20 лістапада выставілі абвінавачанне па артыкуле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Кацярына была затрыманая 15 лістапада, калі вяла стрым для «Белсату» з разгону Плошчы Перамен.

Кацярына Андрэева. Фота: Facebook

У кватэру, дзе была журналістка разам з аператаркай, уварваліся супрацоўнікі АМАП. Праз нейкі час Андрэева знайшлася на Акрэсціна, ёй прысудзілі адміністрацыйны арышт у 7 сутак. Аднак ужо ў пятніцу стала вядома, што супраць журналісткі распачалі крымінальную справу. Цяпер яе перавядуць у СІЗА Жодзіна.

Гайд па найлепшых журналісцкіх працах Кацярыны Андрэевай, якая была арыштаваная за сваю дзейнасць

«Наша Ніва» паразмаўляла пра Кацярыну Андрэеву з яе дзядулем, ветэранам журналістыкі, былым галоўным рэдактарам выдання «Труд в Беларусі» Сяргеем Ваганавым і яе мужам, журналістам Ігарам Ільяшом.

Кацярыне 27 гадоў. Яе сапраўднае прозвішча Бахвалава, Андрэева – гэта творчы псеўданім. «Каця ўзяла яго ў гонар бацькі, якога завуць Андрэй, у іх вельмі цёплыя адносіны», – расказвае Сяргей Ваганаў.

Так выйшла, што дзяцінства дзяўчынкі прайшло ў хаце дзядулі і бабулі ў менскім раёне паблізу Залатой Горкі, Казлова і Берасцянскай, гэта адзіная іхная ўнучка. «Аднак бацькі таксама ўдзельнічалі актыўна ў выхаванні, нельга сказаць, што толькі мы яе выхавалі», – кажа спадар Сяргей. Бацькі ў Кацярыны філолагі.

Вучылася спачатку ў школе №19, а потым перайшла ў беларускамоўную гімназію №23 на праспекце Незалежнасці. «Мне здаецца, што ў яе ўжо тады ўзніклі моцныя пачуцці да радзімы. Я быў на Каціным выпускным, яна была адзінай з выпускнікоў, хто прамаўляў па-беларуску».

Яшчэ ў школе ў Кацярыны выявіліся схільнасці да вывучэння замежных моў. Яна займалася з рэпетытарамі, дасканала валодае англійскай, пасля школы паступіла на іспанскую мову ў МДЛУ. Аднак давучыцца ў ін’язе не атрымалася. На трэцім курсе Кацярына нечакана нават для сваякоў забірае дакументы з універсітэту, каб паехаць валанцёркай у Іспанію.

Сяргей Ваганаў з унучкай. Архіўнае фота з Facebook.

«Гэта была праграма па ахове прыроды, экалогіі па лініі Еўразвязу. Яны жылі ў іспанскай вёсачцы, але атрымалася так, што нічога не рабілі, а толькі атрымлівалі грошы ад куратараў. Кацю такое не задавальняла, таму яна з’ехала адтуль у Малагу [горад на поўдні Іспаніі – «НН»]. Там яна стала выкладаць англійскую мову для іспанцаў», – апавядае Сяргей Ваганаў.

У Іспаніі Кацярына нават паспела ўвайсці ў адзін з прафсаюзаў і паўдзельнічаць у забастоўцы. У выніку гісторыя з выкладаннем скончылася не дужа прыгожа, кіраўніцтва моўнай школы засталося віннае выкладчыкам грошы. Агулам у Іспаніі Кацярына прабыла болей за два гады.

Вяртацца дамоў Каця вырашыла з дапамогай платформы для папутчыкаў «Бла-бла-кар», так яна аб’ехала дзесяць краінаў, пакуль дабралася да Вільні. Ужо там быў набыты білет да Менску, але літоўскія памежнікі высадзілі на мяжы, бо пратэрмінаванай была віза. У выніку нейкі час яе пратрымалі нават за кратамі, але потым адпусцілі і сказалі пераходзіць мяжу.

«Справа ў тым, што перасякаць мяжу пешшу было нельга, то Каця закінула рэчы ў джып да нейкага расяяніна і сказала, што паедзе з ім, так і давёз яе да Філармоніі, а ўжо адтуль пайшла дадому», – смяецца дзядуля.

Ідэя стаць журналістам, як успамінае Сяргей Ваганаў, прыйшла да Каці, калі яна вярталася з Еўропы на радзіму. У дарозе яна напісала на конкурс «Народны журналіст» тэкст «Паланэз на вакзале». «Даслала мне, каб я паглядзеў, нешта паправіў, у выніку гэты артыкул заняў прызавое месца, дыплом уручаў дыпламат Пятро Садоўскі. Ніхто не ведаў, што Каця – мая ўнучка, я нікому не казаў.

Потым для мяне было нечаканасцю ўбачыць яе публіцыстыку ў «Нашай Ніве». Таксама я нават не ведаў, што яна нешта дасылала выданню. У мяне ёсць верш «Журналістка» – гэта пра яе.

Яе ўсю ноч трымалі ў пастарунку.

Прапанавалі каву і зефір:

«Частуйцеся, вышэйшага гатунку!

Не тое, што акрэсцінскі чыфір…

Якое глупства ваша галадоўка!

Ці ж вам не трэба набіраць вагу?!

Цукерку пакаштуйце, вось, «Кароўка»…

Не хочаце? А вы праз не магу…»

Ёй сапраўды не шкодзіла б паесці.

У вочы поўз вясёлкавы туман.

Падумала: а як жа моўчкі бэсціць

Яе звышклапатлівы капітан!

Падрыхтавана здымачная група.

Люстэркам ззяе зоркі аб’ектыў…

«Ну, зʼеш! Ну, зʼеш! – малілі зрэнкі тупа. –

Зʼясі, хутчэй на волю выйдзеш ты…

Не псуй для тэлебачання карцінку.

БТ, РТ развешаны кручкі.

Не ўсё ж пра гвалт амонаўскі пласцінку

Табе круціць, пра кулі і дручкі…»

Яе ўсю ноч трымалі ў пастарунку.

Карцінку спадзяваліся займець.

Ды толькі хто вышэйшага гатунку,

Ніколі ім ужо не зразумець.

«Магчыма, гены спрацавалі. Яе прадзед, мой бацька Давід Пінхасік быў вядомым журналістам, прабабуля Марыя Ваганава скончыла да вайны КІЖ, у 1939-м годзе кінула дачку на сяброў і пайшла з войскам у Заходнюю Беларусь, стварала і была першым галоўным рэдактарам «Палескай праўды», а 24 чэрвеня, здаецца, выпускала першы ў вайну нумар «Советской Белоруссии». Я думаю, што шмат у чым Каця атрымала ў спадчыну яе баявы характар», – гаворыць дзед.

У сваёй працы Кацярына ніколі не абмінала вострых тэмаў, пастаянна вяла стрымы «Белсату». «Пастаянны і гонар, і хваляванні за ўнучку. Яна абсалютна адданая прафесіі. Сама Каця – чалавек з норавам, характарам. Мы, родныя, падымалі размовы пра выезд за мяжу, пакуль тут неспакойна. Дык яна адказвала, што нават гаворкі пра гэта быць не можа, забараняла пра гэта гаварыць».

З журналістам Ігарам Ільяшом Кацярына ў шлюбе ўжо амаль чатыры гады. «Мы пазнаёміліся ў 2015 годзе. Я не так даўно быў журналістам Радыё «Свабода», а Каця ўвогуле толькі пачынала шлях у журналістыцы, прыйшла супрацоўнічаць з рэдакцыяй. Ёй была вельмі цікавая тэма ўдзелу беларусаў у вайне на ўсходзе Украіны, мне таксама, мы аб’ядноўвалі намаганні, працавалі разам, так і закахаліся адно ў аднаго. А троху больш чым праз год пасля знаёмства сыгралі вяселле», – расказвае Ігар.

Ігар і Каця. Фота ўзятае з Facebook.

Пара і далей працягвала працаваць разам, дадаліся гучныя расследаванні карупцыі сярод высокіх чыноўнікаў і бізнесменаў, не закідвалі і тэму Данбасу. Сёлета ў Кіеве выйшла іхная супольная кніга «Беларускі Данбас». «Каця вельмі ганарылася, што ўжо ў 26 гадоў займела такую сур’ёзную кнігу, распрацавала ўнікальную тэму, якой ніхто больш не займаўся. Былі і пагрозы з боку герояў, яна напісала пра баевіка «ЛДНР», якога завербаваў ГУБАЗіК, пасля гэтага былі пагрозы. Пісала заяву ў міліцыю, але там адказалі, што не могуць высветліць, дзе гэты чалавек знаходзіцца», – кажа Ільяш.

Ад 2017 года Кацярына супрацоўнічае з тэлеканалам «Белсат». «Яна – зорка стрымаў. Яе неаднаразова затрымлівалі, прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці. Каця ў значна большай ступені, чым я, вулічны журналіст, які пастаянна адчуваў пагрозу. Нельга сказаць, што мы не прадугледжвалі падобнай сітуацыі, яна ўсё цудоўна разумела і рыхтавалася.

Я думаю, што выстаўленне абвінавачання па крымінальным артыкуле не стала для яе шокам. Упэўнены, што яна добра трымаецца і ўпэўненая ў тым, што пераможа. Нават той факт, што Каця адмовілася даваць хоць нейкія паказанні сведчыць, што яна знаходзіцца ў выдатнай псіхалагічнай форме. Мы шмат размаўлялі і вырашылі, што будзем заставацца ў краіне да апошняй магчымасці», – падсумоўвае Ігар.

Зміцер Панкавец, «Наша Нiва»

Hавiны