5 з 10 найбольш папулярных бізнесменаў або сядзелі ў беларускіх турмах, або знаходзяцца там і цяпер


У спісе самых папулярных прадпрымальнікаў Беларусі на першае месца выйшаў малады IT-бізнесовец Віктар Пракапеня.

Беларуская кампанія «Гусараў Груп» склала спіс ста найбольш папулярных бізнесоўцаў Беларусі. Крытэр выбару – колькасць запытаў карыстальнікамі байнэту ў пошукавых радках «Яндэксу» і «Гуглу». Цікавасць беларусаў да багатых і паспяховых не ўражвае. Пачынаючы з пятага месца колькасць пошукаў на месяц падае ніжэй за пяцьсот, ды і лідар спісу не дацягвае нават да дзвюх тысячаў.

Саўладальнік найбуйнейшага парталу Беларусі «TUT.BY» Юрый Зісер, які займае сёмы радок рэйтынгу, ведае, чаму вынікі выглядаюць гэтак сціпла:

«Увага невялікая, таму што сама ролю бізнесу ў гэтай краіне не занадта вялікая. У асноўным запраўляюць буйныя дзяржпрадпрыемствы. Было б цікава параўнаць нашыя рэйтынгі і рэйтынгі гэтых дырэктараў, хоць часта ніхто іх і не ведае. Што асабіста для мяне стала сюрпрызам, што я з першай сямёркі бізнесмен у межах дасяжнасці нашай улады і яшчэ не сядзеў», – кажа Юрый Зісер.

І праўда, першую дзясятку бізнесоўцаў звязвае нешта большае, чым проста траплянне ў рэйтынг. Першае месца спісу – Віктар Пракапеня – быў арыштаваны ў 2015 годзе, другое месца – Юрый Чыж – апынуўся за кратамі ў 2016-м, арыштаваныя сёлета і да гэтага часу застаюцца ў зняволенні чацвёртае і пятае месцы – Віталь Арбузаў і Аляксандр Кныровіч, 6-е месца – Уладзімір Япрынцаў – арыштаваны ў 2015-м, выйшаў на волю сёлета.

Не ясна, што прычына, а што наступства? Папулярны, бо пасадзілі, ці садзяць – бо занадта папулярны? Сяргей Скрабец – былы генеральны дырэктар гандлёвага дому «Бабаеўскі» у Беларусі, адседзеў паўтара года паводле палітычна матываванай справы.

«Як толькі буйны бізнесмен трапляе ў турму, прыклад Чыжа, адразу шмат запытаў у інтэрнэце. Яго рэйтынг адразу павышаецца. Ва ўсіх астатніх выпадках: адкрывае сетку крам, вытворчасць – ніхто гэтым не цікавіцца. Гэтак жа было і са мной», – адзначае прадпрымальнік Сяргей Скрабец.

Амаль усе прозвішчы са спісу 10-ці найбольш папулярных бізнесоўцаў не выклікаюць у гледачоў за межамі Беларусі ніякіх асацыяцыяў. Акрамя двух – Віктар Кіслы – сузаснавальнік «Wargaming», вядомых «танчыкаў», і Аляксандр Машэнскі – уладальнік «Санта Брэмару» і «Савушкінага прадукту». Першы даўно жыве не ў Беларусі, а папулярнасць другога, на думку Валерыя Кругавога, былога кіраўніка Беларускай фондавай біржы, што вымушана пражывае цяпер у Польшчы, тлумачыцца не бізнес-поспехамі.

«Яны ўсе папулярныя, як мы кажам, тыя хто з »пасадкамі«. Той жа Машэнскі. Ён папулярны таму што калі пасадзілі Чыжа, усе задавалі пытанне: »а хто наступны?«. Машэнскі! Людзі хацелі даведацца, хто ж наступны?», – кажа экс-кіраўнік Фондавай біржы Беларусі Валер Кругавы.

У адрозненне ад большасці развітых краінаў свету, у Беларусі паспяховаму і багатаму чалавеку нашмат больш выгадна заставацца ў ценю.

«Высоўвацца толькі тыя, каго высоўвае сам Лукашэнка. Чыжа запрашае кавуны выбіраць, кагосьці запрашае царкву адкрыць. Тых каго ён сам выцягнуў тыя на жаль свецяцца. Астатнія не дай божа, толькі б пра іх не згадвалі», – дадае Кругавы.

А як інакш можа быць у краіне, на чале якой чалавек, што абяцаў калісьці паціснуць руку апошняму прадпрымальніку і які называе бізнесменаў вашывымі блохамі на целе дзяржавы?

ВК, «Белсат»

Стужка навінаў