Хто павіншаваў Лукашэнку з 3 ліпеня?


Сёння Беларусь атрымлівае віншаванні ад кіраўнікоў іншых краінаў з нагоды афіцыйнага Дня незалежнасці, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі. Якія палітыкі ўжо выказаліся?

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін адзначыў, што беларуска-расейскія стасункі развіваюцца ў сяброўскім і хаўрусным кірунку.

Уладзімір Пуцін. Фота – kremlin.ru

«Упэўнены, што разам мы здолеем забяспечыць далейшае нарошчванне беларуска-расейскіх сувязяў ва ўсіх напрамках, а таксама канструкцыйнага ўзаемадзеяння ў межах Саюзнай дзяржавы, АДКБ і СНД. Гэта, без сумневаў, адказвае карэнным інтарэсам брацкіх народаў нашых краіна», – сказаў ён у сваім віншаванні.

Старшыня КНР Сі Цзінь Пін падкрэсліў, што беларуска-кітайскае сяброўства будзе і надалей развівацца.

Сі Цзіньпін, фота rg.ru

«Кітай і далей будзе паслядоўна падтрымліваць абраны Рэспублікай Беларусь шлях развіцця, аказваць дапамогу ў мэтах дзяржаўнага будаўніцтва і эканамічнага развіцця краіны. Вельмі шаную моцнае сяброўства з вамі», – гаворыцца ў віншаванні.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падкрэсліў, што ЗША застаюцца прыхільнікамі беларускага суверэнітэту і спадзяюцца на развіццё беларуска-амерыканскіх стасункаў: як у палітычнай галіне (вяртанне амбасадараў), так і эканамічнай (гандаль нафтаю).

Доналд Трамп. Фота Reuters

«Мы спадзяёмся на працяг партнёрства па гэтых пытаннях на карысць абодвух нашых краінаў», – адзначыў ён у віншаванні.

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон у сваім пасланні адзначыў, што ў апошнія гады стасункі паміж Беларуссю і Францыяй знаходзяцца на ўздыме, а гэта – вялікі ўнёсак ва ўзмацненне рэгіянальнай стабільнасці.

CHARLES PLATIAU / Reuters

«У эканамічным плане я падзяляю вашае памкненне спрыяць развіццю гандлю паміж нашымі краінамі. Апроч таго, мне вядома аб вашай прыхільнасці аднаўлення балансу ва знешнеэканамічных стасунках краіны і паляпшэнню ейнае прывабнасці для замежных інвестараў», – сказаў Макрон.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адзначыў, што Беларусь для Украіны – надзейны партнёр і сусед, які спрыяе стабільнасці і міру ў рэгіёне.

Уладзімір Зяленскі. Фота – president.gov.ua

«У сучасным свеце для нашых дзяржаў, народы якіх заўсёды гістарычна звязвалі шчыльныя сацыяльна-культурныя і эканамічныя сувязі, асабліва важнымі з’яўляюцца падтрыманне і ўмацаванне добрасуседскіх і партнёрскіх стасункаў. Чакаю працягу нашага плённага дыялогу, а таксама ўзмацненне практычнага ўзаемадзеяння на міжрэгіянальным узроўні ў інтарэсах народаў нашых краінаў», – гаворыцца ў віншаванні.

Апроч вышэйзгаданых лідараў віншаванні Лукашэнку накіравалі Генсек ААН Антоніу Гуттэрыш, Папа Рымскі Францыск, лідары Індыі, Казахстана, Сербіі, Арменіі, Азербайджана, Туркменістана, Малдовы, Таджыкістана, Узбекістана, Кыргызстану, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Швейцарыя, Швецыі, Латвіі, Нідэрландаў, Балгарыі, Аўстрыі, Італіі, Сан-Марына, Вугоршчыны, Эстоніі, Турцыі, ААЭ, Бахрэйна, Чэхіі, Японіі, Сінгапуру, Рэспублікі Карэя, Вʼетнаму, Ірану, Кубы, Венесуэлы, Пакістана, Егіпта, Манголіі, Зімбабве, Кеніі, Намібіі, КНДР, Палясціны.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў