Хто пакажа трансляцыю ўручэння Нобэлеўскай прэміі?


 Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры нашая суайчынніца Святлана Алексіевіч атрымае акурат у Дзень правоў чалавека, 10 снежня. Беларусь, дзякуючы пісьменніцы, прагрымела на ўвесь Свет, але афіцыйны Менск працягвае яе не заўважаць. Чаму гэтак адбываецца і чаму цырымонію ўручэння прэміі не пакажуць дзяржаўныя каналы?

Перад праглядам або пасля яго будуць ладзіцца чытанні ўрыўкаў з твораў Святланы Алексіевіч. Інфармацыю пра акцыі можна адсочваць у сацыяльных сетках з гэштэгам #nobelrazam.

«Мы будзем збіраць гэтыя пляцоўкі, прынамсі тыя пляцоўкі, якія гатовыя гэта рабіць, у такой групе ў «Фэйсбуку». Гэта такая самая простая ідэя. Я ведаю, што ўжо ў Віцебску будуць збірацца на некалькіх пляцоўках. У найбліжэйшы час мы выкладзем, дзе гэта будзе» – кажа Таццяна Вадалажская, «Лятучы Універсітэт».

Што ж да дзяржаўных медыяў, яны працягваюць палітыку ігнаравання Святланы Алексіевіч. Трансляцыі са Стакгольму беларускае тэлебачанне не плануе. Але, як вынікае з нашага апытання, дарма.

«Ну, вядома, гэта было б цікава паглядзець, бо сусветная падзея, сапраўды, важнае. Там узнагароджваюцца па-сапраўднаму вялікія людзі. Гледзячы на іх можна і самому стаць вышэй» – кажа мінак.

«Для Беларусі гэта вельмі вялікае значэнне. Я б з задавальненнем паглядзела. І сябры мае чакаюць, і знаёмыя. Вельмі-вельмі важна» – мяркуе жанчына.

Да абвешчання Святланы Алексіевіч нобэлеўскай лаўрэаткаю на радзіме кнігі прызнанай усім светам творцы не выдаваліся. Зрэшты, з высокіх трыбунаў не самыя цёплыя словы на адрас пісьменніцы Алексіевіч гучаць і цяпер.

«Скажу зноў жа, ад нашых творцаў асобных, ну, творчых асобаў, нават лаўрэатаў Нобэлеўскай прэміі, якія яшчэ не паспелі яе атрымаць, выехалі за межы і пастараліся ўшат бруду выліць на сваю краіну» – кажа Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі.

Гэтак пра першую беларуску, якая атрымала літаратурнага Нобэля, выказаўся Аляксандр Лукашэнка. Адкуль жа такое стаўленне?

«Беларуская ўлада не надта любіць высоўваць тых ці іншых людзей, якія б маглі стацца нейкімі аўтарытэтамі, нейкімі значнымі персонамі, там больш, такіх людзей, якія не згодныя з дзяржаўнай пазіцыяй шмат у якіх пытаннях» – дадае Таццяна Вадалажская, «Лятучы Універсітэт».

Але калі попыт на інфармацыю ёсць, знойдзецца і прапанова. Трансляваць цырымонію ўзнагароджання Святланы Алексіевіч будзе наш канал. Беларускай нобэлеўскай лаўрэатцы «Белсат» плануе прысвяціць цэлы тыдзень.

Таццяна Уласенка, Belsat.eu

Стужка навінаў