Хто Магілёў зрабіў лепшым? У горадзе вызначылі асобу і падзею года


Штогод ініцыятыва «Грамадскі магістрат» вызначае намінантаў, а потым і пераможцаў у катэгорыях «Падзея года» і «Асоба года». Першага лютага падвялі вынікі 2019 года.

Традыцыйна выбар намінантаў праходзіць у некалькі этапаў. Першапачаткова сацыёлагі і журналісты вызначаюць людзей і падзею года. Пасля пачынаецца онлайн галасаванне. Галоўная мэта прэміі – выяўленне грамадскіх лідараў, якія робяць горад лепшым.

«Гэты год адрозніваецца ад папярэдніх, таму што ўпершыню тыя, хто трапіў у намінацыі, на 80 % былі нам незнаёмыя. Гэта новыя людзі, якія нешта зрабілі», – кажа Алесь Сілкоў, прадстаўнік грамадскага магістрату Магілёва.

Пераможцы ў намінацыі «Падзея года». Фота: Belsat.eu

Пераможцам у намінацыі «Падзея года» стаў праект «Подых мінулага». Галоўны ініцыятар – Анастасія Галдзенкова. Таксама ў праекце бралі ўдзел Кацярына Разумава, Андрэй Рубцоў, Кірыл Дарашэнка, Аляксей Бацюкоў, Алег Лісоўскі. «Подых мінулага» – праект па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны. Сутнасць – ва ўсталяванні шыльдаў з QR-кодамі на месцах зніклых гісторыка-культурных аб’ектаў з малюнкам і апісаннем. Аўтары хочуць ня толькі павялічыць цікавасць магілёўцаў да гісторыі гораду, але і павысіць турыстычную прывабнасць.

Асоба года (злева). Фота: Belsat.eu

«Асобай года» стаў 23-гадовы Ігар Бадзькоў. Ён зʼяўляецца кіраўніком праекту «Дарожная рапсодыя» (тралейбус з класічнай музыкай), аўтарам кароткаметражнага фільму «Апошні беларус» і адным з арганізатараў праекту «Подых мінулага».

«Немагчыма каб усе пачалі па адной пстрычцы пальцаў размаўляць на роднай мове. Але хаця б вось так: кароткаметражны фільм, шыльды на беларускай мове з гісторыяй. Гэта ўжо крок наперад», – кажа Ігар Бадзькоў.

Ігар плануе працягваць здымаць фільмы і займацца грамадскай дзейнасцю. Нагадаем, прэмія праводзіцца ў Магілёве ўжо ў восьмы раз.

ДЧ, фота аўтара Belsat.eu

Стужка навінаў