Хто кіне выклік Лукашэнку на выбарах-2020? Гайд па патэнцыйных кандыдатах і стратэгіях

Палата прадстаўнікоў сёння ўхваліла рашэнне кіраўніцтва краіны прызначыць прэзідэнцкія выбары на 9 жніўня 2020 года. Як заявіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў кандыдатаў трэба падаць да 15 траўня, а з 21 траўня ўжо пачнецца збор подпісаў. Belsat.eu распавядае, хто збіраецца кінуць выклік Аляксандру Лукашэнку на гэтых выбарах і ці паспеюць усе патэнцыйныя кандыдаты падаць дакументы на рэгістрацыю.

Праймерыз: усё пайшло не так

Удзельнікі прэс-канферэнцыі ўдзельнікаў праймерыз. Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

Напрыканцы студзеня 2020 года пяць апазіцыйных структураў вырашылі аб’яднаць намаганні, каб выставіць адзінага кандыдата на выбарах прэзідэнта. Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Партыя БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская хрысціянская дэмакратыя і рух «За свабоду» пагадзіліся абраць адзінага кандыдата праз працэдуру праймерыз, у аснову якой закладзеная рэйтынгавая сістэма. Сама працэдура фармавалася з чатырох складнікаў: падтрымка прэтэндэнта з боку партыі, галасаванне падчас паездак у рэгіёнах, інтэрнэт-галасаванне і, нарэшце, рашэнне Кангрэсу дэмакратычных сілаў.

На шляху да адзінага. Што вядома пра патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнта?

Беларускія праймерыз ад самага пачатку суправаджалі публічныя канфлікты. Напачатку лютага апазіцыйныя структуры адмовілі ва ўдзеле ў кампаніі Ганне Канапацкай, бо тая раней адзначылася шэрагам скандальных заяваў. У выніку да ўдзелу ў праймерыз былі дапушчаныя пяць палітыкаў: Павел Севярынец, Вольга Кавалькова, Юрась Губарэвіч, Мікалай Казлоў і Аляксей Янукевіч. Менавіта ў такім складзе яны пачалі паездкі па рэгіёнах, дзе ўсе жадаючыя маглі прыняць удзел у галасаванні за адзінага кандыдата.

Праймерыз. Фота: facebook.com/adziny2020

Аднак 16 сакавіка фаварыт праймерыз Павел Севярынец абвесціў, што спыняе свой удзел у кампаніі. Гэтае рашэнне ён патлумачыў тым, што на галасаванне ўлады пачалі масава заганяць працаўнікоў мясцовых райвыканкамаў, чым і забяспечылі перамогу Юрасю Губарэвічу ў шэрагу гарадоў. На думку Севярынца, нельга даваць уладам права абіраць адзінага кандыдата ад апазіцыі, а праз пандэмію каронавіруса будзе немагчыма забяспечыць масавы ўдзел у галасаванні сваіх паплечнікаў і такім чынам ўраўнаважыць галасы райвыканкамаў.

У след за Севярынцам з праймерыз выйшаў і Аляксей Янукевіч – ён спаслаўся тым, што адзінства кааліцыі ўжо разбурана і таму працэдура страціла сэнс.

Выхад з праймерыз 2 з 5 прэтэндэнтаў, а таксама эпідэмія COVID-19 істотна знізіла цікаўнасць грамадства да гэтай кампаніі. Праз каронавірус паездкі па рэгіёнах прыйшлося датэрмінова згарнуць. А ў інтэрнэт-галасаванні прынялі ўдзел толькі каля 4,5 тысяч чалавек – нашмат менш, чым планавалася. Аднак ад самой працэдуры палітыкі не адмовіліся. На этапе галасавання ў рэгіёнах перамог Губарэвіч, у онлайн-галасаванні – Казлоў. Апошні этап праймерыз – Кангрэс дэмакратычных сілаў – адбыцца не паспеў. Адпаведна адзінага кандыдата дагэтуль няма.

Як распавёў belsat.eu Юрась Губарэвіч, цяпер апазіцыя будзе прымаць канчатковае рашэнне наконт вынікаў праймерыз і вызначэння адзінага кандыдата. Чакаецца, што рашэнне будзе прынятае сёння або заўтра.

«Мы прымем нейкае супольнае рашэнне, нягледзячы на тое, што фармальна працэдура праймерыз не была завершаная», – падкрэсліў ён.

Што тычацца абмежаваных тэрмінаў фармавання ініцыятыўных групаў (да 15 траўня), то, паводле Губарэвіча, для штабу адзінага кандыдата гэта не праблема.

«Праца над фармаваннем ініцыятыўнай групы пачалася ад самага першага дня. Гэта будуць людзі, якія ўдзельнічалі ў галасаванні ў рэгіёнах, а потым у інтэрнэт-галасаванні – яны пакідалі свае дадзеныя і давалі згоду на ўваход у ініцыятыўную групу. Таму нам за гэтыя некалькі дзён трэба яшчэ раз пратэлефанаваць гэтых людзей, пацвердзіць згоду і атрымаць дадатковыя дадзеныя», – распавёў палітык.

Кнігі, стрымы і шмат працы: чым беларускія палітыкі займаюцца дома падчас пандэміі

Выкарыстанне кампаніі для пратэсту

Экс-палітвязень і кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 году Мікалай Статкевіч не ўдзельнічаў у праймерыз і яшчэ ў лютым абвесціў, што мае ўласны план на кампанію-2020. Палітык і ягоныя паплечнікі збіраліся падаваць дакументы на рэгістрацыю, каб выкарыстаць выбарчую кампанію для арганізацыі масавых акцыяў. Агулам ішла гаворка ледзь не пра 30 дробных ініцыятыўных групаў.

Мікола Статкевіч. Фота belsat.eu

У інтэрв’ю belsat.eu Мікалай Статкевіч заявіў, што прызначэнне выбараў на 9 жніўня на ягоныя планы ніяк не паўплывае:

«Неісныя выбары трэба выкарыстаць для арганізацыі масавых акцыяў. Для гэтага мы падаем на рэгістрацыю маю ініцыятыўную групу. Паколькі мяне, хутчэй за ўсё, не зарэгіструюць праз судзімасць, яшчэ паралельна будуць падаваць дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў «кандыдаты пратэстаў». Будзе іх 20, 30 – пакуль не ведаю. Стратэгія такая, што мы рэгіструем ініцыятыўныя групы і на пікетах па збору подпісаў пачынаем кампанію пратэсту».

Статкевіч запрашае сябраў сваёй ініцыятыўнай групы, прыхільнікаў і ўсіх, хто хоча сумленных выбараў прыйсці на плошчу Незалежнасці 14 траўня ў 18:00. «Мы збірацца будзем насупраць Галоўпаштамта, каля гатэлю «Менск», каб дапамагчы мне і «кандыдатам пратэсту» занесці спісы ініцыятыўнай групы ў ЦВК. Гэта не мітынг. Мы проста збяромся разам, пастаім, пагутарым. Заклікаю прыходзіць у медычных масках, апранаць, мажліва, акуляры, каб не занесці заразу», – кажа ён.

«Байкот – гэта, канешне, крута, але гэта ні на што не ўплывае. Выбараў няма, але існуе працэдура і мы будзем яе скарыстоўваць на ўсе 100%», – паабяцаў палітык.

Кандыдат ад YouTube

Адвакат Алег Юрчанка і блогер Сяргей Ціханоўскі, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Фота belsat.eu

Раней у СМІ з’яўлялася інфармацыя, што «кандыдатам пратэсту» ў межах стратэгіі Мікалая Статкевіча будзе таксама гомельскі блогер Сяргей Ціханоўскі. 7 траўня, на наступны дзень пасля свайго затрымання міліцыяй, на YouTube-канале Ціханоўскага быў апублікаваны ролік, дзе блогер абвяшчае пра свой намер удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. Паводле ягоных словаў, больш за 130 тысяч падпісчыкаў папрасілі яго ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі, «бо не вераць і не бачаць ніводнага кандыдата, за якім могуць пайсці».

«Я хачу, каб у Беларусі сумленныя і незалежныя суды. Кожны чалавек, калі ён мае рацыю, мог даказаць гэта ў судзе. Цяпер гэта не так. Усіх суддзяў прызначае прэзідэнт і яны выконваюць ягоную волю. Я лічу, што мы павінныя вярнуць Канстытуцыю, якую ў нас скралі», – кажа Ціханоўскі.

Блог Ціханоўскага «Краіна для жыцця» з’явіўся адносна нядаўна, вясной 2019-га. Да таго грамадскай дзейнасцю ён не займаўся. Цягам года блог Ціханоўскага стаў даволі папулярным, колькасць падпісчыкаў перавысіла 150 тысячаў. 6 траўня 2020 года блогер быў затрыманы міліцыяй, калі накіроўваўся на сустрэчу з падпісчыкамі ў Магілёве. У адказ на гэта ягоныя прыхільнікі выйшлі на акцыі салідарнасці ў розных гарадах Беларусі. Дзясяткі чалавек былі затрыманыя.

Акцыя ў падтрыманне Сяргея Ціханоўскага ў Гомлі. Фота: Сяргей Ляпін

Самога Ціханоўскага накіравалі адбываць 15 содняў адміністратыўнага арышту за акцыю супраць інтэграцыі з Расеяй 20 снежня (снежаньскія пратэсты ён асвятляў для свайго блогу). Гэтае пакаранне суд прызначыў яшчэ ў студзені 2020 года.

Цяпер удзел Ціханоўскага ў выбарчай кампаніі пад пытаннем. 15 содняў арышту мусяць скончыцца толькі 21 траўня, а крайні тэрмін падачы дакументаў – 15 траўня. Дакументы ў ЦВК можна падаваць і не асабіста, але для гэтага трэба аформіць даверанасць на кагосьці з паплечнікаў. Ці быў гатовы да такога сцэнара Ціханоўскі – невядома.

Улады ціснуць, людзі салідарызуюцца

Байкот і страйк

Павел Севярынец на акцыі пратэсту ў Менску. 21 снежня 2019 г. Фота: Ірына Арахоўская/belsat.eu

Лідар снежаньскіх пратэстаў супраць інтэграцыі Павел Севярынец напачатку 2020 года лічыўся найбольш імаверным адзіным кандыдатам ад апазіцыі. Ён быў настолькі відавочным фаварытам, што падчас абвяшчэння працэдуры праймерыз у студзені старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў адразу прапанаваў прызнаць Севярынца адзіным кандыдатам. Сустаршыня БХД з вялікім адрывам перамагаў і на першых рэгіянальных галасаваннях.

У сакавіку Севярынец выйшаў з працэдуры праймерыз, аднак адразу заявіў, што «не збіраецца вылучацца самастойна». Стратэгію дзеянняў падчас прэзідэнцкай кампаніі палітык паставіў у залежнасць ад сітуацыі з каронавірусам у Беларусі. Севярынец падкрэсліваў, што ва ўмовах пандэміі вулічныя пратэсты будуць немагчымыя, а вось байкот і забастоўка могуць быць эфектыўнымі.

Цяпер Севярынец заклікае да грамадскага непадпарадкавання, няўдзелу ў «фарсе Ярмошынай» і нацыянальнай забастоўкі. Праўда, дэталі сваёй стратэгіі Севярынец пакуль не раскрывае.

https://www.facebook.com/photo.php?fbid=2564374260545315&set=a.1391872944462125&type=3&theater

Экс-старшыня АГП Анатоля Лябедзька ў сваім Фэйсбуку таксама заклікаў да агульнанацыянальнай забастоўкі 9 жніўня.

https://www.facebook.com/Anatol.Liabedzka/posts/569899280395627?__xts__[0]=68.ARCtk-RyDWqfohiOxL2Qqh3O7b-qh94wgVY0txAdE7eKr7ckvvnNaUPxBg6qm4AercSzfVtH8Bmmjo5GWi401YBEwa4aSrktduMURNNgDxxV7iMjM47Aitukz2P9nYHKOg7172JLYZLu_i29gsea7UkJkPAD16hIlrZJI1VTDVlo_MgqbY5IWleXadx9GZnYAdx_bgI-UJjFrjdBZUwnT2zMqgMwPTjC851VrehddSKBk4-wRAyPe34uibtPoXMIGNZ02INY6Bi952dnQOUSATe2joJkBaHuetMQYLi2nkHsbHmfjl6G3OD9WKwfTZRn5o5R4rf8EC9GKwH-j88&__tn__=-R

Дарэчы, арганізатары апазіцыйнага праймерыз раней таксама не выключалі, што могуць абраць стратэгію байкоту і нацыянальнага страйку, у выпадку калі адзінага кандыдата не зарэгіструюць і ўлады пачнуць рэпрэсіі.

Традыцыйна супраць форму ўдзелу ў выбарах выступае партыя КХП-БНФ і грамадская кампанія «Свежы вецер».

Гатовыя і не гатовыя

Некаторыя палітычныя структуры пакуль не вызначыліся з тым, ці будуць яны ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі. Напрыклад, цяпер у рэжыме онлайн ідзе абмеркаванне гэтага пытання сярод сябраў ЦК Беларускай партыі левых «Справядлівы свет».

«Пакуль рашэння няма. Але настрой такі: нельга праводзіць выбары ў цяперашняй сітуацыі і наўрад ці мы будзем прымаць у іх удзел», – заявіў у інтэрв’ю belsat.eu намеснік старшыні «Справядлівага свету» Валерый Ухналёў.

Цягам дня абяцае абвесціць сваё рашэнне і грамадскае аб’яднанне «Гавары праўду». Раней Андрэй Дзмітрыеў казаў, што ад ГП на выбары-2020 можа пайсці або ён сам, або Таццяна Караткевіч, кандыдатка ў прэзідэнты на выбарах 2015 года.

А вось кіраўніка праўладнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алега Гайдукевіч абвяшчэнне даты выбараў знянацку не застала. Як заявіў дэпутат у сваім пасце ў Фэйсбуку, ён ужо сфармаваў ініцыятыўную групу, куды нібыта ўвайшлі больш за 4000 чалавек.

https://www.facebook.com/photo.php?fbid=2577676929161661&set=a.1740906982838664&type=3&theater

Пра свой намеры ўдзельнічаць у выбарах-2020 Алег Гайдукевіч казаў ужо даўно. Па сутнасці, ён пераняў эстафету ад свайго бацькі Сяргея Гайдукевіча, які тройчы (на выбарах 2001, 2006 і 2015 гадоў) быў спарынг-партнёрам Лукашэнкі.

Гатовы ўдзельнічаць у выбарах і 35-гадовы кіраўнік партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада Сяргей Чэрачань. Пра свае планы ён абвесціў яшчэ ў студзені, заявіўшы, што пойдзе на выбары, «каб набрацца досведу» і падрыхтавацца да прэзідэнцкай кампаніі-2025.

ІІ belsat.eu

Hавiны