Хто хацеў з’ехаць – ужо з’ехаў: што адбываецца на мяжы перад яе закрыццём на выезд


З 21 снежня Беларусь часова закрывае наземныя межы на выезд. Абмежаванне не закране паветраных пунктаў пропуску. У апошні дзень перад закрыццём «Белсат» з’ездзіў на беларуска-польскую мяжу і паглядзеў, што там адбываецца.

«Апошні шанец выехаць»

Памежны пераход «Берасце» – гэта адзін з самых вялікіх пераходаў паміж Беларуссю і Польшчай.

Памежны пераход «Берасце», 20 снежня.
Фота: Белсат

У абед 20 снежня тут не шматлюдна, хаця машыны едуць. Напрыклад, выязджае «Toyota» з вялікай колькасцю рэчаў, на заднім сядзенні – дзяўчынка і коцік.

Мужчына просіць яго не здымаць. А без камеры дадае: «Еду, бо гэта апошні шанец выехаць».

Працаўніца прыдарожнага сэрвісу таксама ананімна кажа: «Машыны сёння едуць, і будуць ехаць да самага вечара. А што будзе далей, ніхто не ведае».

Большасць крамаў побач з гэтым пераходам зачынілася яшчэ ўвесну, новыя забароны могуць дабіць апошні бізнес, што застаўся тут – страхавікоў.

Памежны пераход «Берасце», 20 снежня.
Фота: Белсат

Што кідаецца ў вочы: вялікая колькасць людзей у цывільным, якія дзяжураць перад пераходам. Журналісты ў іх выклікаюць цікавасць, пад’язжаюць на машыне з транзітнымі нумарамі, паказваюць дакументы памежнага камітэту, і сочаць аж пакуль мы не з’язджаем з пераходу.

«Закрыццё межаў на нас не ўплывае»

Ранкам 20 снежня у пункце пропуску Брузгі каля Горадні за чатыры кіламетры да мяжы пачынаецца вялізная чарга з фур. Пад самым пунктам пропуску адзін з дальнабойшчыкаў гадоў пад 50 выскоквае з машыны, каб выкінуць пакеты са смеццем.

Пункт «Брузгі», 20 снежня.
Фота: Саша Праўдзіна / Белсат

«Пакуль закрыццё межаў на нас ніяк не ўплывае, як працавалі, так і будзем працаваць, ніякіх зменаў», – запэўнівае ён.

На мяжы пуста, легкавых аўтамабіляў, рэйсавых маршрутак няма – ніякага ажыятажу. На пункце пропуску павольна адну за другой правяраюць і прапускаюць фуры.

Пункт «Брузгі», 20 снежня.
Фота: Саша Праўдзіна / Белсат

На запраўцы побач з мяжой дальнабойшчык гадоў 45 апрацоўвае кабінку сваёй машыны.

«Я толькі вярнуўся з Польшчы. Праз каронавірус па той бок мяжы чарга з фур яшчэ большая, учора расцягнулася на 8 км. Але мы звыклыя да такога. А закрыццё мяжы на нас ніяк не паўплывае. Прынамсі, нам так абяцаюць. Як доўга межы будуць зачыненыя, ніхто нават выказаць здагадку не можа», – кажа мужчына.

Пункт «Брузгі», 20 снежня.
Фота: Саша Праўдзіна / Белсат

«У Беларусі цяпер робіцца ўсё, каб засталося проста выпаленае поле»

На ўмовах ананімнасці мы паразмаўлялі з гарадзенкай, сям’я якой менавіта пасля навіны пра закрыццё мяжы, выехала ў Польшчу. Хаця думка пра пераезд была і раней – у Беларусі за сваю грамадзянскую пазіцыю сям’я трапіла пад пераслед.

У Горадні ў іх быў бізнес, звязаны з аптовым гандлем. Разам з мужам гарадзенка выходзіла на жнівеньскія акцыі пратэсту. 30 жніўня мужа затрымалі, далі штраф. Адразу пасля гэтага ў фірму прыйшлі з ДФР з праверкай па крымінальным артыкуле – ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйных памерах (да трох гадоў пазбаўлення волі з выплатай штрафу).

Hавiны
Скарачэнне прыбыткаў, роспач і эміграцыя. Як памежныя раёны рэагуюць на закрыццё мяжы
2020.12.15 09:49

«Мы прыпынілі сваю дзейнасць, каб не плаціць падаткаў у бюджэт. Гэта было нашым прынцыповым рашэннем. Мы былі адныя з першых, да каго прыйшлі з правяраннем, думалі, што з намі зробяць паказальную лупцоўку. У нас шмат сяброў-бізнесменаў, і вам скажа любы, хто мае бізнес у Беларусі, – мы ўсе знаходзімся на кручку ўлады. Калі трэба, улады знойдуць прычыну і спосаб цябе пакараць», – распавядае жанчына.

Гарадзенцы зачынілі фірму і пачалі ўладкоўваць сваіх працаўнікоў на іншыя месцы. Праверка ДФР да гэтага часу не скончаная.

«Мы цягнулі да апошняга – не хацелася з’язджаць. Але з прыняццем пастановы аб закрыцці мяжы вырашылі, што выбару асабліва няма», – кажа суразмоўца.

У сям’і двое дзяцей. Цяпер сям’я знаходзіцца ў Польшчы, на каранціне, жывуць цяперашнім днём і думаюць над тым, як пачаць усё з нуля.

Пункт «Брузгі», 20 снежня.
Фота: Саша Праўдзіна / Белсат

«У Беларусі цяпер робіцца ўсё, каб засталося проста выпаленае поле. І пасля будзе вельмі складана на гэтым полі штосьці ўзнаўляць. Але не падаем духам. Мы пераехалі ў Варшаву, тут працуюць розныя фонды дапамогі беларусам, і я вельмі хачу ўдзельнічаць у іх працы. Спадзяюся, тут я змагу быць больш карыснай, чым у цяперашніх умовах у Беларусі», – падсумоўвае гарадзенка.

«Закрыццё мяжы – мера палітычная, не эпідэміялагічная»

Навіна пра закрыццё мяжы на выезд выклікала хвалю абмеркаванняў у інтэрнэце. У розных чатах людзі задаюцца пытаннем: калі мяжу закрываюць праз каронавірус, то чаму на выезд? Лагічна было б зачыніць межы на ўезд. А чалавек і сам можа вырашыць, ці гатовы ён паехаць кудысьці і пасля адседзець 10-дзённы каранцін.

Hавiны
Межы закрываюцца. Якія новыя правілы мінання мяжы з 21 снежня
2020.12.20 16:08

Гарадзенскі гісторык Мечыслаў Супрон такую захаду з боку ўладаў Беларусі называе абсурдам. Сам ён другі год стала жыве і працуе ў Польшчы, а да гэтага каля 10 год жыў на дзве краіны.

«Зразумела, што гэта мера палітычная, не эпідэміялагічная. Для тых, хто захоча за мяжу, гэта ўдарыць па кішэнях», – сказаў Мечыслаў Супрон «Белсату».

Закрыццё межаў – гэта яшчэ не ўсё

Абмежаванне на выезд з Беларусі – не адзіны «падарунак», які падрыхтавалі ўлады для беларусаў. На днях стала вядома, што Міністэрства фінансаў падумвае зрабіць мінанне беларускай мяжы легкавым аўтамабілем платным – да трох базавых велічыняў.

Падлічваем: калі базавая ў наступным годзе складзе 29 рублёў, дык за кожны выезд за мяжу ў адпачынак ці па пакупкі трэба будзе аддаць да 87 рублёў.

Hавiны
Забарона на выезд можа закрануць 50 тысячаў беларускіх кіроўцаў-міжнароднікаў
2020.12.18 07:10

Навошта гэта патрэбна? Міністр фінансаў Юрый Селіверстаў патлумачыў, што сабраныя сродкі можна будзе накіроўваць на «захады для дэзынфекцыі і забеспячэння пунктаў пропуску ўсім неабходным з улікам пандэміі».

Вось такі навагодні «падарунак» чакае ўладальнікаў аўтаў.

Нагадаем, што акрамя гэтага, пры выездзе за мяжу кіроўца мусіць аформіць так званую зялёную карту. Яе кошт на мінімальны тэрмін у 15 дзён пры выездзе ў краіны ЕЗ складае 30 еўраў (крыху больш за 90 рублёў).

Саша Праўдзіна, АС, belsat.eu

Стужка навінаў