Хто адважыўся? Палітычныя галадоўкі ў гісторыі Беларусі


Лётчыца Надзея Саўчанка 16 сакавіка аднавіла галадоўку. Яна адмаўлялася ад ежы больш за 70 дзён.

Не прымаць ежу – адна з самых распаўсюджаных формаў пратэсту, калі ў людзей не застаецца іншых спосабаў давесці сваю пазіцыю. Праўда, галадоўнікі рэдка дамагаюцца выканання сваіх патрабаванняў, але заўжды прыцягваюць увагу. Калі зараз упісаць у пашукавіку «Google» «галадоўка», машына падкажа тры вынікі, звязаныя менавіта з палітычнымі справамі – Саўчанкі, Талаконнікавай з «Pyssy Riot» і былой украінскай прэм’еркі Юліі Цімашэнкі.

Belsat.eu прапануе паглядзець, якія палітычныя галадоўкі былі ў найноўшай гісторыі Беларусі і чаго дамагліся іх удзельнікі.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Галадоўка і марш шахцёраў, 1992

Перад пачаткам галадоўкі салігорскія шахцёры больш за два месяцы ладзілі перамовы аб падвышэнні тарыфных ставак. 12 сакавіка 1992 года яны абвесцілі бестэрміновы страйк і заблакавалі чыгуначныя шляхі, каб не дапусціць адгрузкі тавараў з «Беларуськалію». 30 сакавіка восем чалавек распачалі галадоўку. Улада не рэагавала. У Салігорску адбыўся мітынг, на які выйшла 12 тысяч чалавек, і на якім было прынята рашэнне – ісці ў сталіцу пешшу, каб давесці патрабаванні да ўраду.

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

Праз 4 дні шахцёры дайшлі да сталіцы, на мітынгу ў падтрымку іх патрабаванняў прысутнічала 50 тысяч чалавек. У выніку заробкі шахцёраў былі павялічаны ў 3,4 раза, а таксама пашыраны пакет сацыяльных ільготаў.

Сябры прафсаюзаў галадалі ў Беларусі і зусім нядаўна, у лістападзе 2014. Пасля 9-дзённай галадоўкі чатырох сябраў Свабоднага прафсаюзу ўлады ніяк не адрэагавалі на іх патрабаванні. У 2013 годзе ў Мазыры таксама галадавалі сябры прафсаюзу і гэтак жа безвынікова.

Галадоўка дэпутатаў, 1995

11 красавіка 1995 года 19 дэпутатаў апазіцыі БНФ абвясцілі галадоўку ў Авальнай зале з пратэстам супраць ініцыяванага Лукашэнкам рэферэндуму аб адмене бел-чырвона-белага-сцяга і герба «Пагоня» у якасці дзяржаўных сімвалаў, ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, эканамічнай інтэграцыі з Расеяй і праве прэзідэнта распускаць парламент.

У ноч з 11 на 12 красавіка дэпутаты былі збітыя спецназаўцамі і выкінутыя з будынку парламенту. Шмат якія палітыкі лічаць менавіта гэтую дату пачаткам дыктатуры ў Беларусі. Менавіта пасля разгону дэпутатаў Васіль Быкаў сказаў: «Краінай кіруе хунта». Рэферэндум адбыўся праз месяц і ўсё прапановы прэзідэнта былі падтрыманыя.

Дэпутаты ў Беларусі галадалі пасля яшчэ адзін раз – у 2004 годзе. Тады трое дэпутатаў апазіцыйнай фракцыі «Рэспубліка» галадалі з патрабаваннем дэмакратызаваць выбарчы працэс. Выбары 2004 года сталі апошнімі, калі ў парламенце былі прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці. А аднаму з удзельнікаў галадоўкі дэпутатаў, Сяргею Скрабцу, давялося галадаваць яшчэ двойчы – ужо ў турме.

Галадоўка Сіўчыка і Хадыкі, 1996

Сябры БНФ Вячаслаў Сіўчык і Юры Хадыка былі арыштаваныя вясной 1996-га года. Пасля буйных вясновых акцыяў апазіцыі і сутыкненняў дэманстрантаў з міліцыяй, іх абвінавацілі ў арганізацыі беспарадкаў і змясцілі ў СІЗА на вул. Валадарскага. Палітыкі галадавалі тры тыдні, апошнія тры дні Сіўчык правёў у рэанімацыі. 17 траўня яны былі вызваленыя пад падпіску аб нявыездзе, крымінальную справу спынілі праз некалькі гадоў.

[vc_single_image image=”8″ img_size=”large”]

Галадоўкі маладафронтаўцаў

У 2005 годзе больш за два тыдні галадавалі сябры «Маладога фронту» ў Жодзіне. Яны пратэставалі супраць выключэння сябра арганізацыі з навучальнай установы. Ужо праз год маладафронтаўцы пачалі галадоўку ў Салігорску, да якой паступова далучаліся актывісты арганізацыі па ўсёй краіне. У выніку галадавала каля чатырох дзясяткаў чалавек, акцыя цягнулася тры тыдні. Патрабаванні выкананыя не былі, але галадоўка мела дастаткова шырокі розгалас, асабліва таму, што сярод удзельнікаў было шмат няпоўнагадовых.

[vc_single_image image=”10″ img_size=”large”]

Маладафронтаўцы галадавалі і ў 2009 у падтрымку Мікалая Аўтуховіча

[vc_single_image image=”12″ img_size=”large”]

Мноства маладафронтаўцаў, як і іншых сябраў моладзевых рухаў, галадалі ў турмах і падчас адміністрацыйных арыштаў.

Галадоўка «Новага жыцця», 2006

Пратэстанцкія вернікі з царквы «Новае жыццё» галадалі ў кастрычніку 2006-га. Пост-галадоўка працягнулася каля месяца, патрабаваннем было захаваць будынак царквы. Непасрэдна сама галадоўка вынікаў не дала – суд стаў на бок Менгарвыканкаму. У 2010 годзе мелася адбыцца прымусовае высяленне вернікаў з будынку, але…не адбылося. Адміністрацыя Маскоўскага раёну адмовілася ад будынку без тлумачэння прычынаў. Божы цуд?

Галадоўкі Аляксандра Казуліна і Мікалая Аўтуховіча

Ваўкавыскі прадпрымальнік Аўтуховіч галадаў падчас двух сваіх арыштаў. Але першая галадоўка, у 2005, была найбольш цяжкай, працяглай і выніковай – вязень не еў 74 дні і страціў 40 кг вагі. Ён дамагаўся вызвалення, але ўлады адпусцілі яго пад хатні арышт. Пасля Мікалай атрымаў 3,5 гады калоніі, а быў датэрмінова вызвалены пасля ціску з боку ЗША.

Падчас апошняга зняволення Аўтуховіч пайшоў на больш радыкальны крок – ён успароў жывот у камеры Гарадзенскай турмы, пратэстуючы супраць дзеянняў адміністрацыі.

Аляксандр Казулін, быў кандыдатам у прэзідэнты ў 2006 годзе. Адразу пасля выбараў быў арыштаваны і пасля асуджаны на 5,5 гадоў калоніі. У віцебскай калоніі ён галадаў 53 дні, патрабуючы разгляду «беларускага» пытання на Радзе Бяспекі ААН. Тады прадстаўнік ЗША ў ААН сапраўды спрабаваў узняць тэму парушэння правоў чалавека ў Беларусі, але прапанова была заблакаваная Расейскай Федэрацыяй.

[vc_single_image image=”14″ img_size=”large”]

Галадоўка Сяргея Каваленкі, 2013

Галадоўку Сяргей Каваленка аб’явіў 20 снежня 2011 года. Актывіст галадаваў на знак пратэсту супраць свайго затрымання і крымінальнага пераследу: супрацоўнікі крымінальна-выканаўчай інспекцыі ініцыявалі супраць яго справу за парушэнне рэжыму «хатняй хіміі» – умоўнага пакарання, прысуджанага за бел-чырвона-белы сцяг, вывешаны на гарадской навагодняй ёлцы ў 2010 годзе.

[vc_single_image image=”16″ img_size=”large”]

Галадаваць актывіст спыніў у сакавіку 2012 года, за час галадоўкі ён згубіў каля 30 кг вагі. Яго неаднаразова спрабавалі прымусова карміць і ў выніку змясцілі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь. Каваленка атрымаў 2 гады калоніі, але быў датэрмінова вызвалены пасля прашэння на імя кіраўніка Беларусі.

Іван Шыла, belsat.eu

Стужка навінаў