Хто быў да Венесуэлы? ТОП-10 рэвалюцый і пераваротаў XXI стагоддзя


21 студзеня 2019 года. Пратэстовец падчас вулічных сутыкненняў з Нацыянальнай гвардыяй Венесуэлы на вуліцах Каракаса. Фота – Carlos Garcia Rawlins/Reuters

Амаль тыдзень у Венесуэле трываюць пратэсты ўлады сацыялістаў Нікаляса Мадура. Усё больш краін прызнаюць легітымным лідарам дзяржавы старшыню парламента Хуана Гуаіда. Для кагосьці гэта спроба рэвалюцыі, для кагосьці – пераварот.

Прапануем вашай увазе рэтраспектыву найбольш заўважных аналагічных падзеяў у гісторыі свету за апошнія 19 гадоў.

2000 год: «Бульдозерная рэвалюцыя»

З 29 верасня 2000 года ў сталіцы тады яшчэ Югаславіі Бялградзе пачаліся шматтысячныя акцыі пратэсту супраць урада Слабадана Мілошэвіча. Прычынамі былі прайграныя Мілошэвічам войны, эканамічныя праблемы, карупцыя, пераслед апанентаў і прэсы, і падман падчас прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся за некалькі дзён перад гэтым. Сярод праціўнікаў Мілошэвіча былі студэнты, прыхільнікі дэмакратыі, нацыяналісты, футбольныя фанаты.

Cербскі бульдозер падчас падзеяў 2000 года. Фота – https://twitter.com/tihistorytweets

Пераважная мірная рэвалюцыя атрымала назоў «бульдозернай» у гонар найбольш яскравай падзеі тых дзён – калі кіроўца пагрузчыка штурмаваў ім адзін з урадавых будынкаў у Бялградзе. 5 кастрычніка, калі сотні тысяч чалавек выйшлі на вуліцы, а частка паліцыі перайшла на бок апазіцыі, уладу ў краіне фактычна ўзяла апазіцыя. 7 кастрычніка Мілошэвіч пайшоў у адстаўку.

Сербія паступова ўстала на шлях адбудовы сувязяў з астатняй Еўропай і наладжвання стасункаў з суседзямі.

«Рэвалюцыя ружаў» (2003)

У 2003 годзе ў Грузіі змянілася цэлая эпоха – у выніку масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыяў на выбарах пакінуў уладу прэзідэнт Эдуард Шэварднадзэ, які кіраваў Грузіяй з 1995 года і быў яшчэ міністрам замежных справаў СССР. Бедная краіна, якая пакутавала ад карупцыі і наступстваў міжнацыянальных канфліктаў, паставіла на маладога лідара з амерыканскай адукацыяй Міхэіла Саакашвілі.

Назва рэвалюцыі паходзіць ад таго, што на камеры патрапіў момант прарыву Саакашвілі ў будынак парламента з чырвонымі ружамі ў руках.

Новы прэзідэнт, які кіраваў да 2013 года, змог правесці радыкальныя рэформы праваахоўнай сістэмы і дзяржаўнага кіравання, заўважна зменшыць карупцыю, зрабіць краіну больш бяспечнай. ВУП Грузіі вырас за гэтыя 10 гадоў на 70 %. Пры гэтым у 2008-м Грузія прайграла вайну Расеі і не змагла вярнуць пад свой кантроль мяцежныя правінцыі Абхазію і Паўднёвую Асецію.

Памаранчавая рэвалюцыя (2004)

У канцы 2004-га ва Украіне адбыліся прэзідэнцкія выбары – краіна выбірала паміж прарасейскім кандыдатам Віктарам Януковічам і кандыдатам ад нацыянальна-дэмакратычных сіл Віктарам Юшчанкам. Прычынай пратэстаў стала імкненне вялікай часткі грамадства да дэмакратызацыі і рэформаў, а таксама падазрэнні ў тым, што ўлады арганізавалі маштабныя фальсіфікацыі на карысць Януковіча.

«Аранжавая рэвалюцыя» на Майдане Незалежнасці. Фота –Gutsul via Wikipedia

Масавыя акцыі пратэсту ў Кіеве і іншых гарадах Украіны пачаліся ў канцы лістапада і працягваліся месяц, пасля чаго Вышэйшы cуд Украіны абвесціў новае галасаванне 26 снежня. Віктар Юшчанка атрымаў відавочную большасць галасоў і стаў прэзідэнтам, але не змог правесці рашучых рэформаў, у выніку чаго праз пяць год на выбарах перамог ужо Януковіч.

Сімвалам рэвалюцыі стаў колер выбарчай кампаніі Юшчанкі.

Прапаганда ў расейскіх і прарасейскіх СМІ істотна павялічыла ўкраінафобскія настроі ў Расеі і Беларусі, а таксама паўплывала на распальванне варожасці паміж заходнімі і ўсходнімі рэгіёнамі Украіны.

Кедровая рэвалюцыя (2005)

На гербе і сцягу Лівана – кедр, і менавіта ён стаў сімвалам палітычных пераменаў у гэтай краіне пасля гучнага палітычнага забойства былога прэм’ер-міністра і буйнога бізнэсоўца Рафіка Харыры. Каля мільёну чалавек удзельнічалі ў масавых акцыях пратэсту, якія пачаліся ў лютым 2005 года і працягваліся да канца красавіка.

У забойстве Харыры падазраваліся ісламісцкая (шыіцкая) тэрарыстычная арганізацыя «Хезбала» і агенты саюзнай ёй Сірыі. У той час Сірыя ў значнай ступені кантралявала сітуацыю ў Ліване, бо яе войскі знаходзіліся тут з 1976 года, у сувязі з Ліванскай грамадзянскай вайной 1975-1990 гадоў.

Масавы пратэст ліванскіх сунітаў, хрысціянаў, армянаў і асірыйцаў праходзіў у атмасферы тэрору – адбываліся выбухі, гінулі антысірыйскія палітыкі і інтэлектуалы. Аднак пры падтрымцы большасці краін Захаду пратэст прывёў да адстаўкі прасірыйскага ўраду і вываду сірыйскіх войск з тэрыторыі краіны.

З іншага боку «Хезбала» засталася магутнай сілай у ліванскай палітыцы і захавала свае ўзброеныя фармаванні, справакаваўшы ў 2006 годзе 34-дзённую вайну з Ізраілем.

Першая Кыргызская (2005)

Прэзідэнт Аскар Акаеў кіраваў Кыргызстанам з 1990 года і праз 15 год ужо лічыўся такім жа карумпаваным і аўтарытарным лідарам, як і іншыя ягоныя калегі па былой савецкай Сярэдняй Азіі. Аднак вясной 2005 года пратэсты ў сувязі з фальсіфікацыямі на парламенцкіх выбарах прывялі да таго, што апазіцыя бяскроўна захапіла ўладу ў большасці гарадоў на поўдні краіны, а сілавікі пачалі пераходзіць на іхны бок.

Штурм урадавага будынку ў Бішкеку ў 2010 годзе. Фота – Brokev03 via Wikipedia

Сам Акаеў у той час заявіў, што «ніякай цюльпанавай рэвалюцыі тут не будзе», у выніку чаго і так і сталі называць падзеі, у выніку якіх ён страціў уладу. Пасля былы прэзідэнт працаваў прафесарам у Прыгожынскім інстытуце матэматычных даследаванняў складаных сістэм у МДУ.

Другая Кіргізская (2010)

Змяніў Акаева праз перамогу на паслярэвалюцыйных выбарах Курманбек Бакіеў, аднак многія даволі хутка ў ім расчараваліся. Прычыны былі класічныя – аўтарытарызм і карупцыя. Акрамя таго на сітуацыю аказалі вялізарны ўплыў этнічныя канфлікты паміж кіргізамі і ўзбекскай меншасцю.

У выніку пратэсты, якія пачаліся ў красавіку 2010 года закончыліся крывавым супрацьстаяннем толькі ў снежні. Загінула каля 2.000 чалавек.

Бакіеў пакінуў краіну і жыве цяпер у Беларусі, а Кыргызстан стаў парламенцкай рэспублікай, дзе прэзідэнт мае пераважна прадстаўнічыя функцыі і не можа пераабірацца на другі тэрмін.

«Арабская вясна» – шчаслівы пачатак? (2011)

«Арабскай вясной» назвалі серыю антыўрадавых пратэстаў і ўзброеных паўстанняў, якая пачалася ў Паўднёвай Афрыцы і на Бліжнім Усходзе ў канцы 2010 і пачатку 2011 года. А пачалося ўсё ў Тунісе, якім з 1987 года кіраваў былы генерал і начальнік вайсковых спецслужбаў Зін эль-Абідзін Бен Алі.

Высокае беспрацоўе, рост коштаў на прадукты, скаргі на карупцыю і недахоп палітычных свабодаў ужо даволі доўга абуралі тунісцаў, аднак запаліў іх у амаль літаральным сэнсе ўчынак 26-гадовага Мохамеду Буазізі, які быў пазбаўлены ўладамі адзінай магчымасці карміць сваю вялікую сям’ю – урадовец канфіскавала ягоную павозку. Пасля таго, як паліцыя яго яшчэ і пабіла, ён на вуліцы перад урадавым будынкам спаліў сябе жыўцом.

Гэта выклікала акцыі пратэсту, якія былі разагнаныя паліцыяй. Аднак ужо потым самі дзеянні паліцыі сталі прычынай яшчэ большага абурэння па ўсёй краіне. На чале пратэстаў усталі прафесіянальныя саюзы, палітычныя партыі, грамадскія актывісты.

У выніку Бен Алі пакінуў краіну, якая паступова пачала рух да дэмакратыі і не абрынулася ў пекла грамадзянскай вайны. У 2015 годзе дэмакратычны альянс Квартэт нацыянальнага дыялогу Тунісу атрымаў Нобэлеўскую прэмію міра.

Пасля Тунісу пачаліся пратэсты і паўстанні ў Егіпце, Лівіі, Сірыі, Емене, Бахрэйне, Кувейце, Ліване, Амане, Марока, Іярданіі, Палестынскай Аўтаноміі, Саудаўскай Аравіі, Судане, Маўрытаніі. Дзесьці пратэсты прывялі да дэмакратызацыі і рэформаў, а дзесьці – да грамадзянскіх войнаў, тэрору і генацыду.

Бой падчас грамадзянскай вайны ў Сірыі. Кадр з відэахронікі

«Арабскай зімой» назвалі аднаўленне аўтарытарызму і ісламскага экстрэмізму пасля 2011 года. Гэтак, у Егіпце ўлада вайсковага дыктатара змянілася ўладай ісламістаў, а потым новай вайсковай дыктатурай. Адзіная дзяржаўная ўлада ў Лівіі перастала існаваць, Сірыя разбілася на этна-рэлігійныя кавалкі, дзе ўзнікла пачварная «Мусульманская дзяржава».

Рэвалюцыя годнасці (2014)

На сітуацыю вакол Беларусі і ў Беларусі найбольш паўплывала ўкраінская рэвалюцыя зімы 2013–2014 гадоў – дэманстрацыі супраць палітыкі прарасейскага прэзідэнта Віктара Януковіча, якія перараслі ў стварэння сталага лагера пратэстоўцаў на Майдане Незалежнасціу цэнтры Кіева, як і ў 2004 годзе.

Барыкады ў цэнтры Кіева ў снежні 2013 года. Фота – Reuters

Рашучае супрацьстаянне пачалося з бязлітаснага збіцця АМАПам невялікай групы моладзі 29 лістапад, аднак да моладзі далучыліся іхныя старэйшыя браты і бацькі. Урад пачаў таемна забіваць удзельнікаў пратэсту, дэманстранты пачалі паступовы захоп урадавых будынкаў у Кіеве і ў абласных цэнтрах ды ўзбройвацца.

Дэманстрацыя на Майдане незалежнасці ў снежні 2013 года. Фота – Reuters

Пасля няўдалай апошняй спробы з дапамогай спецсродкаў і бранятэхнікі разагнаць Майдан Януковіч страціў уладу і ўцёк у Расею. Падчас падзеяў, якую ва Украіне назвалі Рэвалюцыяй годнасці, загінулі 123 чалавекі.

Масква, карыстаючыся часовым аслабленнем украінскай дзяржаўнасці, захапіла ўкраінскі Крым і пачала агрэсію супраць Украіны на Данбасе, якая працягваецца дагэтуль. У выніку расейскай агрэсіі загінула больш за 10 тысячаў чалавек.

Арменія (2018)

Рэвалюцыяй у Арменіі назвалі антыўрадавыя пратэсты, якія адбываліся з красавіка па травень 2018 года ў сувязі з тым, што пасля двух тэрмінаў прэзідэнт краіны Серж Саргсьян, хоць і абяцаў не ісці на пасаду прэмʼер-міністра, але ачоліў урад.

Армянская моладзь святкуе перамогу Нікола Пашыньяна. Фота – «Белсат»

Пратэсты былі мірныя і праводзіліся ў выглядзе дэманстрацыяў, страйкаў, грамадзянскага непадпарадкавання, байкотаў бізнесу, які быў звязаны з кіроўнай партыяй. Першага траўня ў Ерэване, дзе жыве мільён чалавек, пратэставалі 250 тысячаў асобаў.

8 траўня прадстаўніка апазіцыі Нікола Пашыньяна абралі прэм’ерам Арменіі.

Аляксандр Гелагаеў

Стужка навінаў