«Хто будзе глядзець за маім сынам?» Стваральнік лакальных чатаў мусіў уцячы ва Украіну

Актывіст з Мар’інай Горкі Сцяпан Кульчанка ствараў і адміністраваў лакальныя чаты раёну ў Telegram. У іх вырашаліся звычайныя побытавыя праблемы. Але ўлады пабачылі ў мужчыне пагрозу і завялі крымінальную справу паводле артыкулу «заклікі да захопу ўлады». Разам з 12-гадовым сынам Сцяпан быў змушаны ўцячы ва Украіну.

Сцяпан Кульчанка. Фота з асабістага архіву Сцяпана

Ад «Маладога фронту» да лакальных чатаў

Сцяпану Кульчанку каля 40 гадоў. Палітыкаю ён цікавіцца ледзь не палову жыцця. У 90-ых ён далучыўся да «Маладога фронту», і ўжо праз некалькі месяцаў стаў лідарам па Пухавіцкім раёне. Сцяпан прыгадвае, што гэта была адна з найбольш буйных і актыўных рэгіянальных суполак.

«Нават у Менску нас называлі “Пухавіцкай мафіяй”», – смяецца ён.

Але потым арганізацыю разграмілі, а самога Сцяпана забралі ў войска. Гэта была першая хваля палітычных прызываў. Патрапіў мужчына ў сумнавядомыя «Печы». Пасля войску былі гады спакойнай працы. Але калі пачалася сёлетняя выбарчая кампанія, Сцяпан вярнуўся да грамадскай актыўнасці.

«Вырашыў узяць на сябе гэтую адказнасць», – прызнаецца ён сёння.

Мірнае развязанне праблемаў

Сцяпан на пачатку прэзідэнцкай кампаніі стварыў шэраг лакальных каналаў і чатаў Пухавіцкага раёну. Там, перадусім, абмяркоўваліся навіны і праблемы рэгіёну: ЖКГ, спорт, аўтамабілі. Прычым усе дыскусіі былі выключна ў прававым полі.

«Я, як адміністратар, спрабаваў пазбягаць любым чынам гвалту і заклікаў да нейкіх незаконных дзеянняў. Мы заўсёды выступалі выключна за мір і закон. Адміністратары наадварот часта «зніжалі градус» абмеркаванняў – адгаворвалі людзей ад больш радыкальных дзеянняў. Напрыклад, каб не білі кагосьці або не падпальвалі адміністрацыйныя будынкі».

Ланцуг салідарнасці ў Мар’інай Горцы. Фота: архіў героя

Таксама адміністратары займаліся і офлайн-дзейнасцю. Напрыклад, арганізоўвалі пікеты за Святлану Ціханоўскую ў Марʼінай Горцы. Туды прыйшло, нягледзячы на перашкоды з боку ўладаў, ажно 1,5 тысячы чалавек. Агульнае насельніцтва Марʼінай Горкі – каля 20 тысячаў. Таксама мужчына каардынаваў жнівеньскія ланцугі салідарнасці, якія людзі ўтваралі на знак пратэсту супраць гвалту.

«У нашым горадзе знаходзіцца 5-ая брыгада спецназу. Часам сталыя вайскоўцы праяўлялі агрэсію ў бок людзей з бчб-сцягамі. І нават у той сітуацыі мы намагаліся наладзіць дыялог», – зазначае Сцяпан.

Дзейнасць Сцяпана і іншых актывістаў не засталася незаўважанаю. Мясцовая ўлада і газета не вельмі іх шанавалі.

«У нашых чатах агулам было 2 тысячы чалавек. Для раёну гэта вельмі шмат! І актыўнасць была вялікая. Людзі самі пачалі арганізоўвацца. Горад пачаў жыць грамадскім жыццём», – прызнаецца той.

Ланцуг салідарнасці ў Мар’інай Горцы. Фота: архіў героя

Затрыманне

Крымінальны пераслед стаў для Сцяпана нечаканасцю. Ён не ўваходзіў у аніякія ініцыятыўныя групы кандыдатаў на прэзідэнта, не меў аніякіх дачыненняў са Святланай Ціханоўскай або Каардынацыйнай радай.

У Беларусі Сцяпан працаваў у Менску інтэрнэт-маркетолагам. Таму мусіў штодня ездзіць з Марʼінай Горкі ў сталіцу. Як толькі ён спусціўся з цягніка, да яго падышлі два чалавекі. Прадставіліся супрацоўнікамі крымінальнага вышуку Пухавіцкага РАУСу.

Там пачаўся допыт. Стала зразумела, што Сцяпана нехта «здаў» міліцыі.

«Бачна, што ў Следчым камітэце працуюць прафесіяналы. Больш інтэлігентныя, таму і паводзілі сябе вельмі карэктна, з павагаю. Гэта не тыя міліцыянты, што па вуліцах бегаюць…», – зазначае Сцяпан.

Сцяпан Кульчанка. Фота з архіву героя

У РАУСе яму паставілі ўльтыматум: знішчыць каналы і чаты ў абмен на «усе з вамі будзе добра». Але мужчына адмовіўся ад гэтай прапановы.

Потым у кватэры Сцяпана быў ператрус, супрацоўнікі забралі тэхніку: кампʼютар і мабільны тэлефон. І завялі крымінальную справу паводле арт. 361 – заклікі да захопу ўлады. Цяпер у Беларусі Сцяпану пагражае да 3 гадоў няволі.

«Ведаеце, межы ж не зачыненыя. Мне фактычна далі выбар: або я зʼязджаю, а калі не – то ідзеш у турму».

Зараз Сцяпан прызнаецца, што вельмі не хацеў зʼязджаць – статус палітуцекача яго зусім не задавольваў.

«Я адчуваю, што маё месца на Беларусі».

Сцяпан Кульчанка разам з сынам. Фота з архіву героя

Але ж Сцяпан самотна выхоўвае 12-гадовага сына. Калі б ён трапіў за краты, апекавацца хлопчыкам не было б каму. Таму ён усё-ткі вырашыў выехаць у Кіеў. У Беларусі ў Сцяпана засталася яшчэ больш дарослая дачка.

Зараз мужчына знаходзіцца ва Украіне, а ў хуткім часе ён плануе часова пераехаць у Польшчу — зараз чакае на візу. Але думкі пра Беларусь яго не пакідаюць.

«Я ведаю, што мае навыкі цяпер патрэбныя. Я інтэрнет-маркетолаг, магу працаваць у інтэрнэце. Магу весці далей каналы. Хочам выпускаць лакальны самвыдат, што можна каардынаваць на адлегласці. Няма чатаў у Старых Дарогах, Уздзе, у Чэрвеньскім раёне. Шмат працы!»

***

Паводле афіцыйных звестак, пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі завялі больш за 400 крымінальных справаў. Галоўным чынам яны датычаць удзельнікаў прэзідэнцкай гонкі, сябраў іхных штабаў, удзельнікаў мірных акцыяў пратэсту.

На 20 кастрычніка палітычнымі зняволенымі ў Беларусі прызнаныя 102 асобы. На пачатку 2020 года ў гэтым спісе было толькі 3 імя.

Ад 18 жніўня да 18 кастрычніка 2020 года ў Польшчу прыехалі па гуманітарным калідоры каля 700 грамадзянаў Беларусі.

Ксенія Тарасевіч, belsat.eu

Hавiны