Хто бліжэй – Бог ці Дзяды? Топ-7 малавядомых фактаў пра дзень памяці


Штогод 2 лістапада ў Беларусі адзначаюцца «Дзяды» – свята, якое бярэ свой пачатак яшчэ з паганства. З надыходам хрысціянства свята заставалася вельмі важным для нашых продкаў. Праз вялікую значнасць «Дзядоў» у тагачасным грамадстве касцёл быў вымушаны пайсці на саступкі ды ўпісаць свята ў хрысціянскую традыцыю.

«Добрыя» і «злыя» дзяды

Калі чалавек паміраў, то толькі тады ён станавіўся продкам ці «дзедам». У беларусаў «дзяды» былі добрыя ды злыя. «Добрым дзедам» станавіўся набожны ды адданы сваёй працы чалавек. У «злых дзядоў» пераўтвараліся забойцы, каты, рабаўнікі, ведзьмакі з ведзьмамі ды самагубцы. Людзі верылі, што ад такіх людзей Бог адварочваўся і тыя траплялі ў пекла.

«Дзяды» былі бліжэй, чымся Бог

Калі нашыя продкі сутыкаліся з жыццёвымі праблемамі, дык у першую чаргу яны маліліся «дзядам», а не Богу. Лічылася, што родны продак хутчэй пачуе ды дапаможа ў цяжкай сітуацыі, чымся Бог. Звярталіся да «дзядоў» за дапамогай нават пры складанасцях у паўсядзённай працы. Напрыклад, калі хварэлі дзеці ці хатняя скаціна, або калі не шчасціла на ўраджай.

«Дзяды» ды «Гэлаўін»: што агульнага?

«Дзяды» нечым падобныя да «Гэлаўіна». Нашыя продкі лічылі гэтае свята часцяком небяспечным. У даўнія часы людзі верылі, што ўначы з’яўляцца на могілках пад час гэтага свята вельмі рызыкоўна. Па павер’ю «злыя дзяды» пакідалі свае магілы ды блукалі па могілках, а калі ім трапляўся на шляху жывы чалавек, дык тыя катавалі яго да смерці а душу забіралі з сабой у пекла.

Чытайце таксама:

Што рабілі, каб першы блін не стаў комам?

На «Дзяды» гаспадыні заўсёды рыхтавалі святочны стол з няцотнай колькасцю страваў. Стол жа павінен быў быць багатым, каб продкі не пакрыўдзіліся. Абавязковай стравай былі бліны. Менавіта ад «Дзядоў» і пайшоў выраз пра «першы блін, які комам». Лічылася, што першы блін нельга было есці ў гэтае свята. А ў таго, хто адважыцца з’есці яго, блін стане ўпоперак горла, комам. Згодна традыцыі, першы блін трэба было падзяліць на кавалкі ды пакласці каля вакна. Такім чынам гаспадыня выказвала пашану продкам.

Каб убачыць душу продка, трэба быць праведнікам

Лічылася, што на «Дзяды» паміж светам жывых ды памерлых размывалася мяжа. У гэты вечар душы памерлых продкаў маглі завітаць у хату сваіх нашчадкаў. А праведны чалавек мог і ўбачыць свайго продка. Каб «дзяды» прыйшлі, іх клікалі разнастайнымі песнямі. Для «дзядоў» на стале павінна была стаяць талерка ды чарка, у іншым выпадку на стол трэба было нешта абраніць з ежы, каб дух продка мог пачаставацца стравай.

«Дзяды» адзначаліся некалькі разоў на год

2 лістапада лічыліся галоўнымі «Дзядамі», бо нашыя продкі звярталіся да «дзядоў» паводле аграрнага календару некалькі разоў на год. На Радаўніцу, на «Траецкія дзяды», якія ў хрысціянскай традыцыі займелі назву «дня Святой Троіцы». Пасля Дажынак, ва ўраджайныя гады людзі дзякавалі «дзядам» за добры ўраджай. Лічылася гонарам звязаць апошні сноп ды паставіць яго ў чырвоным куце. Такі сноп, дарэчы, называўся «дзедам». На Каляды людзі апошні раз шанавалі сваіх «дзядоў». Продкі верылі, што трэба шчодра адарыць калядоўшчыкаў, каб не пакрыўдзіць «дзядоў».

Каб бяды не было, «дзядоў» выправадзіць трэба

Доўга кантактаваць з «дзядамі» было нельга. Нашыя продкі баяліся, што межы паміж светам жывых ды памерлых могуць знікнуць. Таму праз некаторы час выправаджвалі душы сваіх продкаў адмысловымі спевамі ў замагільны свет. Стол жа адразу прыбірала гаспадыня, а недаедзеныя ствары аддавала хатняй скаціне. Пасля гэтага нашчадкі «дзядоў» параўноўвалі сваё жыццё з жыццём сваіх продкаў.

Мікола Дзямідаў, belsat.eu

Стужка навінаў