Хто адказны за нацыянальную ідэнтычнасць беларусаў


Калі дзяржава не зацікаўленая ў асэнсаванні цывілізацыйна-культурніцкай ідэнтычнасці Беларусі ды ўвесь час праз ідэалагічныя інстытуты канструюе скажоную новую ідэнтычнасць, то ўсведамленне, што беларусы – гэта беларусы, можа проста знікнуць. За абарону гэтай самай ідэнтычнасці бярэцца грамадзянская супольнасць.

Асноўнае апірышча нацыянальнай ідэнтычнасці – суверэнная дзяржаўнасць, агульная гісторыя, мова і культура. На чым трымаемся мы, беларусы?

У выніку палітыкі Лукашэнкі краіна трапіла ў залежнасць ад Расеі. Суверэнітэт пад пагрозаю. Школьныя падручнікі па гісторыі скажаюць і фальсіфікуюць сапраўдную мінуўшчыну. Беларускую мову надалей выціскаюць з усіх афіцыйных сфераў ужытку. У выніку ЮНЭСКО нават унесла яе ў спіс моваў, якім пагражае знікненне. Пад забаронаю застаюцца нацыянальныя герб і сцяг.

Алесь Бяляцкі, праваабаронца:«Арыентацыя на расейскую мову, на расейскую культуру стварае рэальную небяспеку для існавання беларускага народу як народу. І гэта – не пустыя словы. Мы бачым на прыкладзе Украіны, што дзяржаўнасць можа знікнуць дастаткова хутка, калі няма нацыянальнай ідэнтычнасці ў людзей».

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі правяла круглы стол з мэтай акрэсліць місію незалежнай грамадскасці ў небяспечную для будучыні краіны пару. І пастанавіла, што сёння абарона права на ідэнтычнасць – супольная місія адказных грамадзянаў.

Вінцук Вячорка, мовазнаўца:

«Задача адказнага грамадства, інтэлектуалаў, творцаў, прафсаюзаў, медыяў, экспертаў у тым, каб нашыя беларускія каштоўнасці, ідэнтычнасць, гістарычную памяць, мову, культуру, нашу непаўторнасць у Еўропе, нашу еўрапейскасць прыўнесці, вярнуць, абудзіць у нашых грамадзянах».

Змаганнем за беларускасць займаецца шэраг культурніцкіх НДА, і дзейнасць шмат якіх зіх досыць паспяховая. Дзее цэлы шэраг бясплатных курсаў беларускай мовы, якія карыстаюцца вялікаю папулярнасцю. Ініцыююцца праекты, накіраваныя на папулярызацыю беларускае культуры. Ці ж гэтага дастаткова?

Насамрэч кожны можа дакласці сваю цагліну: загаварыць па-беларуску, даведацца больш пра нашую гісторыю ці хоць бы пра гісторыю свайго гораду ці вуліцы, на якой жыве.

Вольга Чайчыц, belsat.eu

Стужка навінаў