Хрыстос уваскрос! Праваслаўныя хрысціяне святкуюць Вялікдзень


Ва ўсіх праваслаўных бажніцах Беларусі адбываюцца святочныя богаслужэнні ў гонар Уваскрэсення Хрыстовага. Усяночнае дбанне ў сталічным кафедральным саборы Сашэсця Святога Духа адслужыў мінулай ноччу мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі.

У велікодным пасланні да паствы мітрапаліт Павел нагадаў словы епіскапа Кіпрскага свяціцеля Епіфанія, які назваў Вялікдзень «галавой і верхам усіх святаў», а таксама «ўрачыстасцю абнаўлення і выратавання».

«Вялікдзень – краевугольны камень хрысціянскага светасузірання. Вялікдзень – сімвал збаўлення чалавецтва і ачышчэння яго ад граху, вяртання да крыніцы любові і жыцця – Тварца і Госпада нашага. Уваскрэсеннем Хрыстовым змятаюцца ўсе перашкоды са шляху нашага выратавання, нам вяртаецца магчымасць стаць улюбёнымі дзецьмі Айца нашага Нябеснага. Уваскрэсеннем Хрыстовым грэх перастае ўладарыць над чалавекам, а смерць пазбаўляецца свайго смяротнага джала», – гаворыцца ў пасланні.

Апрача таго, зазначае кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы, Вялікдзень з’яўляецца «святам яднання». Мітрапаліт Павел працытаваў маскоўскага патрыярха Кірыла, які казаў: «Праца царквы будзе паспяховай роўна настолькі, наколькі яна зможа знайсці агульную мову са сваім народам».

«На жаль, не ўсе мы сёння маем такую сапраўдную і цвёрдую веру, здольную перайначыць наша асабістае жыццё і жыццё нашых бліжніх. Змена жыцця ў Хрысце – гэта змена ўзаемаадносінаў з самім сабой і навакольным светам, здольная прывесці нас да паўнаты быцця. І свята Святога Вялікадня дапамагае нам адчуць тую Боскую задуму пра нас, якая праяўляецца і ў гісторыі, і ў жыцці кожнага чалавека», – падкрэслівае мітрапаліт Павел.

Ён пажадаў аднаверцам, каб велікодная ўрачыстасць «пастаянна жыла ў душы кожнага і сілкавала яе, усяляючы ўпэўненасць і радасць пра Уваскрэслага Госпада нашага Ісуса Хрыста». «Няхай гэтай няскончанай радасцю будзе насычана ўсё наша жыццё», – пажадаў мітрапаліт Павел.

У Беларусі праваслаўнымі сябе называюць прыкладна 4,5 млн. жыхароў. Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату Рускай праваслаўнай царквы прадстаўлены 14 епархіямі, у якіх афіцыйна зарэгістравана каля 1.600 прыходаў больш чым з 1.700 святарамі. Чатыры епархіі – Менская, Барысаўская, Маладзечанская і Слуцкая – ствараюць Менскую мітраполію.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Стужка навінаў