Хроніка рэпрэсіяў: удзельнікам велапрабегу далі па 7 содняў, менчука аштрафавалі за падпіску на Telegram-канал


У Беларусі працягваецца пераслед актывістаў: аднак цяпер, акрамя блогераў, ціснуць і на падпісчыкаў каналаў у Telegram. Тым часам дваіх удзельнікаў велапрабегу салідарнасці пакаралі адміністратыўным арыштам.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна», 10 ліпеня суд Цэнтральнага раёна Менску прызначыў па 7 содняў арышту Андрэю Бароўскаму і Аляксандру Масейчуку. Іх судзілі паводле арт. 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) за велапрабег, які прайшоў напярэдадні ў сталіцы. Ноч яны правялі ў ізалятары.

Таксама ў Менску затрыманы актывіст Яўген Міхасюк. Ён прымаў удзел у велапрабегах салідарнасці. Цяпер ён знаходзіцца ў Цэнтральным РУУСе.

Hавiны
У Менску і Бабруйску затрымалі ўдзельнікаў велапрабегу салідарнасці
2020.07.09 23:15

TUT.by стала вядома, што менчука Сяргея Лук’янава затрымалі і пакаралі буйным штрафам за падпіску на тэлеграм-канал «Армія з народам» (там усяго крыху больш за 50 падпісчыкаў). Яшчэ 29 чэрвеня да Лукʼянава прыйшлі працаўнікі ГУБАЗіК. Паводле яго, тыя прымянілі фізічную сілу, у тым ліку задушлівы прыём, павалілі на падлогу і надзелі кайданкі. Жонцы Лукʼянава стала кепска, ёй выклікалі хуткую дапамогу. Пазней мужчыну прызналі вінаватым паводле арт. 23.4 (непадпарадкаванне міліцыі) і 23.5 (абраза службовай асобы пры выкананні) КаАП. У выніку яго аштрафавалі на 50 базавых велічыняў (1350 рублёў).

Узмоцнены пераслед грамадскіх актывістаў, палітыкаў, блогераў працягваецца ў Беларусі трэці месяц запар. Да прэзідэнцкіх выбараў, прызначаных на 9 жніўня, застаецца менш за месяц.

КА belsat.eu

Стужка навінаў