«Хоць паверце, хоць праверце»: аэрапорты Літвы звярнуліся да беларусаў па-беларуску


Сайт аэрапортаў Літвы запусціў беларускамоўную версію. Таксама беларускамоўная рэклама сайту з’явілася ў сацыяльных сетках, сярод іншага, у «Facebook’у».

«Хоць паверце, хоць праверце: аэрапорты Літвы – найлепшы выбар для падарожнікаў», – гаворыцца на сайце.

Прычыну з’яўлення беларускай мовы патлумачыў у каментары belsat.eu кіраўнік аддзелу камунікацыяў Літоўскіх аэрапортаў Марус Зялянюс.

Замежным турыстам дазволяць прылятаць у Гомель без візаў

«У Беларусі ёсць жыхары, якія падарожнічаюць праз нашыя аэрапорты, таму мы і вырашылі звярнуцца наўпрост да іх на іх роднай мове. Гэта самая галоўная прычына, чаму мы вырашылі казаць па-беларуску», – адзначыў суразмоўца.

Марыя Зялянюс таксама паведаміў, што ўлетку беларусы складаюць 12 % пасажырапатоку аэрапорту Вільні. Узімку ён скарачаецца да 8 %.

Таксама адзначаецца, што літоўскія аэрапорты знаходзяцца зусім блізка да буйных беларускіх гарадоў. Гэтак, з Ліды да віленскага аэрапорту, які прапануе «больш як 60 прывабных тураў», можна дабрацца за 1 гадзіну 37 хвілін, з Менску – за 2 гадзіны 36 хвілін, а з Горадні – за 2 гадзіны 27 хвілін (супраць 3 гадзіны 54 хвілін да Нацыянальнага аэрапорту Менск).

Адзначым, што на сайце Нацыянальнага аэрапорту Менск ёсць толькі англійская і расейская моўныя версіі.

МГ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары