«Ходзяць грукаюць, топчуць кветкі». Да Вольгі Мікалайчык спрабавалі патрапіць у хату невядомыя


Сёння а 14:30 да рэжысёркі і грамадскае актывісткі Вольгі Мікалайчык пачалі грукацца людзі ў цывільным.

«Іх было трое, – кажа Вольга Мікалайчык «Белсату». – Я не адчыніла, бо баялася канфіскацыі камп’ютара – я ведаю, што ў Лукашэнкі свае ўяўленні пра правы чалавека, і ён дакалупаецца за што пасадзіць. Яны хадзілі па перыметры хаты і білі ў вокны. Я патэлефанавала Леаніду Кулакову, які патэлефанаваў на «Белсат» і ў іншыя медыі, а таксама ў «Вясну» (праваабарончы цэнтр. – Заўв. рэд.). Відаць, яны пабачылі паведамленні ў «Фэйсбуку» – і праз паўгадзіны з’ехалі».

Актывістка звязвае візіт людзей у цывільным з яе ўдзелам у «Чарнобыльскім шляху», а таксама з першамайскай акцыяй, якая пройдзе ў аўторак.

«Яны напалоханыя Арменіяй – і перад 1 траўня будуць чапляцца да ўсіх», – кажа Мікалайчык.

«Гэта ўсё вельмі непрыемна: ходзяць грукаюць, топчуць кветкі, – дадае актывістка. – Макей заяўляе, што людзей не будуць затрымліваць па палітычных матывах, але яны ніколі па палітычных матывах і не затрымлівалі – у пратаколах заўсёды пісалі, што мы лаяліся матам ці хуліганілі».

Акцыя 1 траўня пройдзе з 14 да 16 гадзіны ў Кіеўскім скверы паводле заяўкі рады Беларускага кангрэсу дэмакратычных сілаў.

Менскія ўлады дазволілі незалежным прафсаюзам правесці першамайскую акцыю ўпершыню за 10 гадоў. Заяўнікі разлічваюць, што ўдзел у акцыі возьмуць каля двух тысячаў чалавек.

ДД

Стужка навінаў