Хочуць «падарваць нешта». Фэйкамі пра каронавірус будзе займацца КДБ


Кіраўнік Беларусі даручыў Камітэту дзяржаўнай бяспекі разабрацца з распаўсюджвальнікамі фэйкаў пра смерці ад каронавіруса. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Аляксандра Лукашэнкі.

«Ужо хопіць на гэта глядзець. Трэба добра прайсціся па гэтых сайтах, каналах», – заявіў кіраўнік краіны.

Нагодай для такой заявы стала інфармацыя пра смерць жанчыны ў Віцебску. Паводле Лукашэнкі, «ніякага там каронавіруса» не было. Але, заявіў ён, «каб стварыць паніку», «раскруціць абстаноўку, падарваць нешта», «узялі, раскаталі, што загінула нібыта ад каронавіруса».

Кіраўнік Беларусі падкрэсліў, што неабходна разабрацца з «нягоднікамі, якія ўкідваюць гэтыя фэйкі».

Ён распавёў, што за апошнія содні ў Менску правялі каля 1000 тэстаў на каронавіруса, усе вынікі былі адмоўнымі.

Hавiны
Міністэрства здароўя: Жанчына ў Віцебску памерла не ад каронавіруса
2020.03.21 06:50

20 сакавіка з’явілася інфармацыя, што 18 сакавіка ў Віцебску памерла 58-гадовая жанчына, якую шпіталізавалі з запаленнем лёгкіх. Паводле сваякоў, у яе быў станоўчы вынік на каронавіруса. Блізкія жанчыны таксама паведамілі, што тэсты ўзялі і ў іх, а саміх іх змясцілі на каранцін.

Між тым Міністэрства аховы здароўя зняпраўдзіла інфармацыю пра смерць ад каронавіруса. У ведамстве адзначылі, што ў жанчыны былі сур’ёзныя праблемы са здароўем – дыябет, артэрыяльная гіпертэнзія, хранічны бранхіт і падвышаная маса цела. Паколькі ёй пры паступленні быў выстаўлены дыягназ «пнеўманія», лекары ўзялі ў яе ды ейных сваякоў мазок на каронавірус. Але вынік у жанчыны быў адмоўны, вынікі сваякоў з’явяцца на наступным тыдні.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў