Хочаце вырашыць праблемы ў сваім асяроддзі? Вам можа дапамагчы пасольства Нідэрландаў


Каб вырашыць праблему свайго дому, школы або паліклінікі, трэба знайсці аднадумцаў. Але часта патрэбныя яшчэ і грошы. І тут могуць дапамагчы дзве праграмы пасольства Нідэрландаў. Спяшайцеся падаць заяўку! Атрымаць можна да 25 тыс. еўраў.

Для таго, каб атрымаць грошы на свой праект, зусім не абавязкова быць зарэгістраванай грамадскай арганізацыяй. Напрыклад, таварыствам уласнікаў жытла вылучылі грошы на распрацоўку стратэгіі ацяплення дамоў.

«Мы фінансавалі і футбольны турнір для моладзі, і выставу «World Press Photo» у гандлёвым цэнтры», – распавядаюць у пасольстве Нідэрландаў.

Яшчэ адзін прыклад. Група дзяўчат у адным з гарадоў вырашыла змагацца за лепшыя ўмовы ў жаночых кансультацыях ды радзільных дамах. Аказалася, што абсталяванне і ўзровень абслугоўвання ў медычных установах – гэта толькі частка праблемы. Удзельніцы апытання вельмі часта скардзіліся на бестактоўнасць лекараў падчас агляду або кабінеты, дзе трэба распранацца насупраць дзвярэй, у якія кожную хвіліну можа нехта зайсці.

«Мы хочам, каб беларусы адчулі, што яны могуць нешта зрабіць самі ў сваім найбліжэйшым асяроддзі. Што як грамадзяне яны могуць уплываць на рашэнні, якія прымаюць органы ўлады рознага ўзроўню», – падкрэслівае прадстаўнік пасольства Нідэрландаў.

Такім чынам, сёлета паўдзельнічаць можна ў дзвюх праграмах.

Першая датычыць прыцягнення грамадзянаў (перадусім, моладзі) да вырашэння мясцовых праблем, уплыву на мадэрнізацыю эканомікі, інавацыйнай адукацыі ды арганізацыі культурных імпрэзаў, звязаных з пералічанымі вышэй тэмамі.

Другая звязана з абаронай правоў журналістаў і паляпшэннем якасці журналісцкай працы, роўнымі правамі для жанчын, ЛГБТ і прадстаўнікоў розных рэлігіяў, а таксама змаганню за правы чалавека.

Спяшайцеся: дэдлайн – 20 сакавіка 2019 года!

Чытайце падрабязную інфармацыю пра падачу заявак.

ІА, belsat.eu

Партнёрскі матэрыял
Стужка навінаў