«Хочам, каб балота не цярпела ад людзей». Як валанцёры прыбіралі Ельню


Рэшткі кола ад ровара, карасінавая лямпа, педалі ад трэнажора, пакеты, жалязякі і пластыкавыя бутэлькі – такі ўлоў назбіралі 60 удзельнікаў экавандроўкі 7-8 верасня на балоце Ельня.

Валанцёры плануюць і далей прыязджаць у Ельню, каб прыбіраць смецце. Фота ўдзельнікаў паходу

Да балота Ельня патрапіць не вельмі проста. Яно далекавата ад буйных гарадоў, не месціцца ля вялікіх трас, але людзі з такой хуткасцю забруджваюць гэтую чароўную мясціну, што спатрэбіўся цэлы валанцёрскі атрад, каб хоць троху прыбрацца.

Валанцёры плануюць і далей прыязджаць у Ельню, каб прыбіраць смецце. Фота ўдзельнікаў паходу

«Вандроўка атрымалася класная. Мы планавалі максімальна прыбраць балота. Хочацца, каб Ельня не цярпела ад чалавека і не кансервавала смецце», – распавядае Дзяніс Лагун, які і прыдумаў зладзіць такі паход.

Дзяніс Лагун. Фота ўдзельнікаў паходу

Разам з ім такой прыўкраснай справай займаліся «Ахова птушак бацькаўшчыны» (яны дапамаглі з арганізацыяй і харчаваннем), экалагічная ўстанова «Багна», сам заказнік Ельня, Цэнтр экалагічных рашэнняў, Youtube-блогер Леанід Пашкоўскі, праекты «Collaboracia», «KURS:RA», «Krok films» і багата проста неабыякавых людзей.

Удзельнікі экавандроўкі на балоце Ельня. Фота ўдзельнікаў паходу

Гэтым разам 4 групы валанцёраў абышлі самыя папулярныя прыстані.

«Усяго мы сабралі каля 50 мяшкоў смецця. Гэта толькі пачатак, далей мы будзем запрашаць валанцёраў для вывучэння новых лакацый, аўдыту мясцовасці і прыбіранню тэрыторый. На Ельні яшчэ шмат смецця!» – адзначае Дзяніс.

Усяго сабралі каля 50 мяшкоў смецця. Фота ўдзельнікаў паходу

Паводле яго, пакідаюць смецце там не толькі мясцовыя: «Гэта нядобрасумленныя ягаднікі, грыбнікі, рыбакі і турысты, якія не разумеюць, што знаходзяцца ва ўнікальным месцы».

Балота пускае да сябе не ўсіх. Фота ўдзельнікаў паходу

Балотны дзэн

Балота вартае таго, каб стаць нацыянальным брэндам. У гэтым перакананы Дзяніс Лагун. Каб прасунуць гэтую ідэю, ён стварыў праект «Yelnyatrip» і паказвае людзям найчароўнейшы куточак краіны.

9000 гадоў налічвае гісторыя Ельні. Фота ўдзельнікаў паходу

«Балоты не папулярныя, бо ніхто гэтым не займаецца. Мяркую, калі троху пастарацца і распавесці людзям, наколькі балоты маляўнічыя і ў той жа час істотныя для ўсіх, людзі імі зацікавяцца і стануць больш ахайна ставіцца да наваколля. 9000 гадоў налічвае гісторыя Ельні. Няможна, каб яна знікла за нашым часам», – кажа суразмоўца.

Фота ўдзельнікаў паходу

Дзяніс водзіць паходы на Ельню ўжо два гады і кожны раз атрымлівае моцныя ўражанні:

«Гэта медытацыя, перазагрузка, нейкі новы досвед, максімальная трансфармацыя і пераасэнсаванне пры яднанні з прыродай. Кожны раз нешта іначай».

4 групы валанцёраў абышлі самыя папулярныя прыстані. Фота ўдзельнікаў паходу

Супергукі, якіх больш няма нідзе

Усё часцей турысты хочуць вярнуцца на Ельню. Звычайна палову паходнай групы складаюць тыя, хто ўжо шпацыраваў па багне.

Фота ўдзельнікаў паходу

«Хто ўпершыню далучаецца да нас часцяком пытае сябе, што ён тут робіць і чаго яму ў жыцці так не хапала, што ён вырашыўся на такі паход. Але людзі пераадольваюць іспыты, насалоджваюцца краявідамі ў самым цэнтры балота, слухаюць супергукі, якіх больш няма нідзе. І вось ты слухаеш вецер, знаходзішся пасярод усяго гэтага, і прачынаецца нейкае іншае мысленне. Не проста так гэта трып», – кажа Дзяніс Лагун.

Фота ўдзельнікаў паходу

Сам аматар балота мае эканамічную адукацыю і займаецца будоўляй, але з кожным паходам ён становіцца мацней як біёлаг-натураліст:

«Мне падабаецца гэта вывучаць. Быццам нейкі тайнік, шукаеш, скануеш, даследуеш. З’яўляюцца новыя веды ў батаніцы і арніталогіі. Праўда, быць арнітолагам – самае складанае. Калі птушка выскоквае ў цябе з-пад ног, то вызначыць від па хвасту, што хутка ад цябе злятае – гэта выклік. І цікава ўсім. Людзі пачынаюць перабіраць, што гэта дакладна не варона, не сарока, а потым пачынаюць узгадваць больш рэдкія віды. І мне сорамна не ведаць, што гэта паляцела».

На Ельні яшчэ шмат смецця. Фота ўдзельнікаў паходу

Ведзьма на балоце

«Yelnyatrip» троху займаецца і этнаграфіяй. Мясцовыя жыхары распавядаюць пра такія дзівосы, што час ужо паклапаціцца пра выданне міфаў і паданняў Ельні.

«Калі чалавек нешта бачыў, потым дадаў троху сваёй фантазіі, а яшчэ даплёў расповеды іншага – о, гэта атрымліваюцца неверагодныя гісторыі!» – дзеліцца захапленнем Дзяніс.

Фота ўдзельнікаў паходу

Цікава, што міфы заставаліся жывымі літаральна да апошніх гадоў. Тамтэйшыя верылі, што на балоце жыла ведзьма. Яна магла хутка рухацца па багне і насіла белае адзенне. Людзі лічылі яе кепскім знакам і не хадзілі па журавіны, як пабачаць белы абрыс ля Ельні. Гэтым карысталіся маладыя хлопцы. Яны надзявалі даўгія белыя кашулі, пужалі дзяўчат, а потым самі збіралі ягады і грыбы без лішніх канкурэнтаў.

Людзі насалоджваюцца краявідамі ў самым цэнтры балота, слухаюць супергукі, якіх больш няма нідзе. Фота ўдзельнікаў паходу

Дзяніс падзяляе веру тамтэйшых у надзвычайныя якасці Ельні:

«Там такая чароўная энергетыка! Я ўвесь час чакаю, што там здарыцца нешта містычнае. Калі пабачу якога вадзянога ці НЛА, то не здзіўлюся. Я гэта там натуральна чакаю».

Аднак балота пускае да сябе не ўсіх. Мясцовыя кажуць, што нават жыхароў бліжэйшых вёсак Ельня пускае да сябе не кожны раз.

Фота: Аляксандр Юрчык

Дзяніс сам заўважаў такое: «Чалавек можа хацець пагуляць па багне, але нешта здараецца, нейкі збег абставінаў, штось не так адбудзецца, і чалавек не зможа пайсці. Ён можа ўжо прыехаць да балота, але не стартануць у паход. Гэта не мы прыдумляем, а гэта такая містыка Ельні».

Фота: Аляксандр Юрчык

Гэты лагер стаў часткаю праекту «Разам для грамады і прыроды», які ладзяць Мёрскі райвыканкам, ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны», Латвійскі сельскі форум пры падтрыманні Еўрапейскага Звязу.

Марыя Грыц, фота ўдзельнікаў акцыі і Аляксандра Юрчыка Belsat.eu

Стужка навінаў