«Хлопцы проста стаяць побач і атрымліваюць 15 гадоў». Як «Мамы 328» чакаюць дзяцей з турмы

Фота

Галіна Макарава чытае ліст з турмы. Паштальён прынёс яго ў часе нашай размовы. Фота – Дзяніс Дзюба/«Белсат»

«Белсат» пабываў дома ў Галіны Макаравай, удзельніцы «Мацярынскага руху 328», сына якой прысудзілі да 15 гадоў калоніі за распаўсюд спайсаў, хоць наркотыкаў у яго не знайшлі.

Ўскраіна Барысава. Сад, кветкавыя клумбы, кабіна прыбіральні на заднім двары. Некалькі гадоў таму ў доме планавалася скончыць рамонт, але ў палове пакояў дагэтуль сцены – голыя лісты гіпсакардону. Гаспадары прызнаюцца, што ўсе грошы, у тым ліку пасля продажу спадчыны, сышлі на адвакатаў. Большасць сем’яў, чыіх дзяцей асудзілі па 328-м артыкуле, аб’ядноўвае адно – вялізныя даўгі.

Галіна Макарава – адна з некалькіх тысяч удзельніц «Руху маці 328», мэта якога – змена заканадаўства і перагляд справаў асуджаных.

Яе сына, Максіма Макарава, суд прызнаў вінаватым у распаўсюдзе наркотыкаў, учыненым арганізаванай групай. Яго затрымалі ў красавіку 2015 году, калі ён разам з сябрам вяртаўся са Смаленску, куды ездзіў па інваліднае крэсла і памперсы для бацькі.

Дзіцячыя фатаграфіі Максіма Макарава з бацькам. Калі некалькі гадоў таму мужчыну ў выніку інсульту паралізавала, даглядаць за ім прыйшлося Максіму: Галіна ў разводзе з першым мужам. Фота – Дзяніс Дзюба/«Белсат»

Абвінавачванне было пабудавана на тым, што Макараў зняў грошы з карткі сябра, які сапраўды прадаваў наркотыкі. Ні дома, ні ў машыне Максіма наркотыкаў не знайшлі. На выяўленых у схованках закладках яго адбіткаў не было.

«Мы просім Канстытуцыйны суд звярнуць увагу на тое, што адбываецца з моладдзю, і перагляду гэтых спраў. Мы просім нашых дэпутатаў перагледзець заканадаўства. Хлопцы проста стаялі побач – і атрымліваюць «групу». Якая гэта група? – здзіўляецца Галіна. – Ці, дапусцім, як у нас: няма нічога на руках, акрамя таго, што даў тэлефон аднаму, а сябар, які сядзеў дома за кампутарам, папрасіў зняць 300 рублёў з банкаўскай карткі. І атрымліваюць 15 гадоў за «дылерства». Каго яны забілі, каб атрымаць такія тэрміны?».

Школьны партрэт Максіма Макарава. Фота – Дзяніс Дзюба/«Белсат»

Галіна згаджаецца, што аптымальным пакараннем для тых, хто трапіўся з наркотыкамі, быў бы штраф або абмежаванне волі да трох гадоў. Жанчына кажа, што праз тое, што справы ня пераглядаюць, асуджаныя і іх блізкія, якія жывуць у велізарным стрэсе, пачынаюць сур’ёзна хварэць – большасць, як правіла, на рак.

«Мы сыходзім сем’ямі. Хлопцы ўсё ж такі чакаюць, што будуць перагляды, што дзяржава зверне на гэта ўвагу, а ў выніку ніякага паслаблення няма. Як было ў іх па 10-15 гадоў, так і застаецца. Яны не вытрымліваюць фізічна таго харчавання, той абстаноўкі, у якую трапілі. Арганізм дае збой. У Максіма настрой зараз падаўлены. Ён мне праз дзень тэлефануе – ім сталі больш званкоў даваць – і пытаецца: «Мама, ты як? Мама, ты як?». Усё – пайшоў псіхоз, пайшлі зрухі па фазе. Гады!», – кажа Галіна.

Па словах Галіны Макаравай, сукамернікі ў калоніі не крыўдзяць яе сына. «Усе ведаюць, што ён невінаваты. Але абстаноўка ўсё роўна цяжкая – вельмі шмат правакатараў», – кажа яна. Фота – Дзяніс Дзюба/«Белсат»

Зараз збой дае арганізм самой Галіны: у жанчыны анкалогія. Падчас нашай размовы яе муж сядзіць на ганку дома і паліць адну цыгарэту за другой. Галіна кажа, што ён «чарнее» ад болю і бяссілля.

«Айчым, які гадаваў Максіма з 9 гадоў, прайшоў В’етнам, Афганістан, Чарнобыль. Калі мы прыехалі ў ПК, а яму адмовілі ў спатканні за шкельцам (мы распісаны ўжо 13 гадоў, але ён не усынаўляў яго), ён сядзеў і плакаў у хустку. Яму цяжка. Вы бачылі – ён увесь у зморшчынах? І так многія бацькі. Хтосьці вытрымлівае, але многія співаюцца».

Магчыма, менавіта таму «Рух 328» – матчын, а не бацькоўскі.

«У нашай групе адна з мам займае вядучую пасаду. Яе муж, малады мужчына, атрымаў два інсульты. Яна засталася адзінай карміцелькай. І такіх маці велізарная колькасць. Многія рассталіся з мужыкамі, якія не вытрымліваюць гэтага. Шмат сем’яў распалася».

Так частка асуджаных па 328-м артыкуле становяцца сіротамі.

«Многія маці пасля таго, як іх дзеці трапілі за краты, сталі співацца. Некаторыя кінулі сваіх дзяцей. Зараз аб іх клапоцяцца «Мамы», – кажа Галіна.

Каб падтрымаць хлопцаў, удзельніцы руху віншуюць іх з днём нараджэння.

«У іх жа няма нікога. Мы перыядычна скідваемся і перасылаем ім капейчыну – звычайна па 30 рублёў. Гэта чыста псіхалагічная дапамога: яны могуць што-небудзь купіць на сваё меркаванне – напрыклад, спяцоўку. Хтосьці падзеліцца з іншымі хлопцамі. Сама сутнасць акцыі – падтрымаць хлопцаў, каб з імі нічога не здарылася. Наша мэта: каб не было суіцыдаў».

Кветкі, якія Максім падарыў маці незадоўга да затрымання. Фота – Дзяніс Дзюба/«Белсат»

Месяц таму «Мамы» павіншавалі так Андрэя Мініча, які праходзіць з Макаравым па адной справе.

Акрамя іх дваіх у «арганізаваную групу», паводле следства, уваходзілі таксама Ілля Вангліцкі і Максім Паўлавец. Следства сцвярджае, што ў 2013-м годзе Вангліцкі зарэгістраваўся на форуме па продажы курыльных сумесяў і залучыў у бізнес Мініча і Макарава, якія павінны былі кіраваць анлайн-крамай «Buzzshop». Паўлавец быў выканаўцам – хаваў наркотыкі ў схованкі. У судзе Мініч заявіў, што Макараў і Вангліцкі не ведалі, чым ён займаецца: стаўленне да распаўсюджвання меў толькі Паўлавец. Апошні не дажыў да суду, перарэзаўшы сабе вены.

Мініч – адзіны, хто прызнаў віну.

Цяпер ён сядзіць з Макаравым у адной калоніі і, па словах Галіны, хлопцы адзначаюць свята разам: дзень нараджэння ў іх у адзін дзень.

«Яны арганізоўваюць стол, а калі няма перадачы, то ў «таварцы» (турэмная крама. – Заўвага «Белсат») купляюць згушчонку і каржы, складаюць іх, абсыпаюць цукеркамі – атрымліваецца торт», – распавядае Галіна.

У доме паўсюль будучыя (і мінулыя) перадачы: пад столлю – вяленыя хатнія каўбасы, на падаконніку і шафах сушацца ягады, кухонныя шафкі запоўненыя дзесяткамі кавалкаў мыла і пачкаў гарбаты. Шмат што з гэтага Галіна прывезла з калоніі назад.

«Максім быў прывучаны да добрай гарбаты. Вось – з лісточкамі і ягадамі суніцы. Вось – араматызаваная алеямі ванілі і суніц, – паказвае упакоўкі. – У турме адкрылі – «не паложана». З дадаткамі нельга, можна толькі звычайную, чорную. Вось купіла какаву, са смакам «Капучына» – ну хоць кроплю радасці. «Не паложана!». Гэта ж карысны прадукт, гэта ж кропля хатняга цяпла. Што ж тут за парушэнне? Якая ж гэта выпраўленчая калонія – што яна выпраўляе? Трэба называць усё сваімі імёнамі – гэта турма. Яны вызваляцца – і зноў трапяць туды».

Па ўсім доме сушацца ягады для перадач. Фота – Дзяніс Дзюба/«Белсат»

У канцы ліпеня Галіна бачылася з сынам на «доўгім» спатканні. Сустрэча адбываецца на тэрыторыі калоніі, у асобным пакоі. Па словах Галіны, падчас спаткання яны кажуць «пра дом, бацьку, вучобу, справы – пра ўсё, але толькі не пра турму».

Належныя па закону тры дні на практыцы звычайна ператвараюцца ў паўтара: «першы» дзень можа пачацца ў сем вечара, «трэці» – скончыцца рана раніцай.

Галіна успамінае, як законнае пасля вынясення прысуду спатканне не адбылася наогул: ёй проста сказалі, што «не паложана». А на яе прэтэнзіі прыгразілі «націснуць кнопку» – гэта значыць, выклікаць ахову.

«Я кажу: «Што вы нарабілі? Я свайго сына столькі не ўбачу, а вы мне нават спатканні не далі. Ад мяне толькі адмахнуліся: «Можаце скардзіцца!». Зараз усе адказваюць: «Можаце скардзіцца!». Гэта новае выслоўе нашых праваахоўнікаў», – абураецца жанчына.

Па словах Галіны, амаль усе 328-е бацькі сутыкаюцца з такім стаўленнем да сябе з боку дзяржавы. Але нягледзячы на гэта (а можа – праз гэта), у «Руху маці» – каля пяці тысяч жанчын пры 15-16 тысячах асуджаных. Многія мамы не ўмеюць карыстацца інтэрнэтам – і проста не ведаюць аб ініцыятыве.

Галіна Макарава трымае ў руках толькі малую частку дакументаў па справе яе сына. Фота – Дзяніс Дзюба/«Белсат»

Галіна прызнаецца, што сама жыве цяпер толькі дзеля сына, а ён – дзеля яе. У іншым выпадку – «ён быў бы там, дзе Паўлавец» (Фігурант справы, які скончыў самагубствам. – Заўвага. «Белсат»).

«Здарся са мной што – ён застанецца без падтрымкі і без харчавання. Таму я змагаюся, і іншыя мамы таксама. Мы не перажывем проста гэтага гора, – кажа Галіна. – Мы просім Аляксандра Рыгоравіча менавіта пра асабістую сустрэчу таму, што яму нас падаюць як гарматнае мяса – маўляў, «мы сёння церпім, а заўтра выйдзем з віламі». Яны падстаўляюць нашых дзяцей і яго самога. Лукашэнка шаснуў шабляй, не падумаўшы, а цяпер не ведае, які знайсці выхад».

Вілаў, сапраўды, не будзе – многія пабаяліся ўдзельнічаць у галадоўцы таму, што баяліся страціць працу.

«Наша пазіцыя – у палітыку не лезці. Мы – толькі за нашых дзяцей», – дадае Галіна.

Галіна Макарава

Аднак, цярпенне ў маці ўжо падыходзіць да канца – рух праводзіць пікеты і ўжо рыхтуе наступныя акцыі, але канкрэтных планаў пакуль не раскрывае, даючы ўладам шанец да восеньскай парламенцкай сесіі.

«Ёсць інстытуты і разнастайныя структуры, якія атрымліваюць немалую зарплату за сваю дзейнасць. Хай ўключаюць мазгі і думаюць, што рабіць, каб вызваліць гэтых хлопцаў і даць ім шанец. Мы ім даем магчымасць да восені, – дадае Галіна. – Маці проста не вытрымаюць. Што губляць бацьку Максіма, афіцэру-інваліду на калясцы? Што губляць мне? Што чакаць майму мужу? І такіх сем’яў вельмі шмат».

Пакой Максіма Макарава. Фота – Дзяніс Дзюба/«Белсат»

Пакуль звароты «Маці» у Адміністрацыю кіраўніка дзяржавы, па словах Галіны, прывялі да таго, што ў Беларусі сталі браць менш тых, «якія ўжываюць» – паводле 1-й часткі артыкула.

«У нас цяпер бяруць па 3-й і 4-й частках – «рэалізатараў», хлапчукоў з адной-дзвюма закладкамі, групы па 3-4 чалавекі. Статыстыка ў выніку памяншаецца, і атрымліваецца, што барацьба «эфектыўная». А спажывецкі рынак як існаваў, так і існуе», – дадае яна.

Гутарылі Якуб Бернат і Дзяніс Дзюба/АА

Глядзі таксама
Каментары