Хлопец шэсць гадоў збірае беларускае адзенне. Калекцыю выставілі ў Гомлі


«Раніцай на цягнік, потым ад вакзалу 5-10 кіламетраў аўтаспынам або пешшу». Так збіралася калекцыя аўтэнтычных рэчаў, якую Аляксандр Нікіцін прэзентуе ў гомельскім філіяле Веткаўскага музею.

Гамельчуку Аляксандру Нікіціну – дваццаць. Ён нарадзіўся і жыве ў горадзе, навучаецца ва ўніверсітэце і мае незвычайнае хобі. У пятнаццаць гадоў Саша пачаў цікавіцца гісторыяй і этнаграфіяй, і збіраць прадметы побыту беларусаў, якія жылі ў вёсках на Гомельшчыне ў мінулым стагоддзі.

2 сакавіка 2018 года. Аляксандр Нікіцін (справа) і Пятро Цалка, загадчык філіялу Веткаўскага музея ў Гомлі, на адкрыцці выставы «Табе, маці, верацён кругаль, а мне, маці, палацён кубел»

«У 2012 годзе, калі не памыляюся, я ўпершыню трапіў у археалагічную экспедыцыю, – дзеліцца ўспамінамі Аляксандр. – Потым разам з «Талакой» (Гомельская моладзевая краязнаўчая арганізацыя – заўв. аўт.) некалькі разоў з’ездзіў па Гомельскай вобласці.

Праз год зразумеў, што магу ездзіць і сам. Першыя выезды былі больш дзіцячымі, прымітыўнымі. Але з досведам усё змянілася. Раніцай на цягнік, потым ад вакзалу 5-10 кіламетраў аўтаспынам або пешшу. У працэсе зносінаў са старажыламі я стаў правільна ставіць пытанні і апрацоўваць атрыманую інфармацыю».

Строй з выставы
Апранаюць нявесту
Вышыванка. Жаночая кашуля
Кашуля

Калекцыя стала фармавацца непрыкметна, але з часам Аляксандру стала цікава знайсці тую ці іншую рэч, каб разумець як мог выглядаць касцюм цэласна.

Строі з выставы

«Цягам гэтых 6 гадоў вывучэння я зразумеў, што шэраг вёсак, такіх як Васілевічы, Навінкі, Залатуха, Лукі і Зашчэб’е маюць шэраг цікавых адрозненняў, якія не падыходзяць пад класічны калінкавіцкі строй, – тлумачыць Аляксандр Нікіцін. – Па меры таго, як я стаў ад’язджаць далей, у Маканавічы, Лубны, Нахаў, Замосце, я заўважыў, што касцюм па кроі кашуль і паясавай вопратцы значна мяняецца. Гэта і наштурхнула на думку, што я знайшоў штосьці самастойнае, як бы пафасна гэта не гучала».

Цяпер у Аляксандра больш за 100 прадметаў мяккай этнаграфіі: кашулі, паясавае адзенне, галаўныя ўборы і іншыя прадметы з выразнай прывязкай да месца, з імем майстра і чалавека, які іх перадаў маладзёну. Акрамя гэтага ёсць яшчэ каля 50 неапісаных прадметаў.

«Кожная рэч, якая прыходзіць, мае за сабой доўгую гісторыю, – кажа Аляксандр. – На выставе можна пабачыць старыя ліштвы з вёскі Навінкі Калінкавіцкага раёну. Я гэтыя ліштвы прыкмеціў яшчэ ў 2015 годзе. Яны віселі на старэнькім шэрым закінутым доме. Я не меў магчымасці і, можна сказаць, паўнамоцтваў забраць іх. Аднак у 2018-м я заручыўся дапамогай мясцовага жыхара і разам з Веткаўскім музеем мы выправіліся ў міні-экспедыцыю, з якой прывезлі гэтыя ліштвы, старадаўні галаўны ўбор «намітку», разабраны ткацкі станок і цікавы сшытак з «замовамі» гаспадыні дома».

Ліштва – аздабленне аконнага праёму ў народнай драўлянай архітэктуры.
Вясельны фотаздымак

Яшчэ адзін цікавы экспанат – вясельная фатаграфія 1946 года, на зваротным баку якой ёсць надпіс «У дзень нашага шчаслівага дня».

«Для мяне гэта фота абвеянае неверагоднай цеплынёй і важнасцю таго, што адбывалася. Вельмі цікава, што нявеста з гэтай фатаграфіі, Белая Кацярына Савельеўна, 1923 года нараджэння, яшчэ жывая. Мне ўдалося з ёй пазнаёміцца ​​яшчэ калі я толькі пачынаў ездзіць. Мы шмат пра што гутарылі і я вельмі цаню сяброўства з ёй», – распавядае Аляксандр.

«Аднойчы я ўбачыў у яе заручальны пярсцёнак і спытаў: «Баб Каць, а вось пярсцёнак заручальны навошта захоўваеце?». «А як жа мой хазяін [муж] мяне на тым Свеце найдзе?! Я ж яму адзела, і сабе на той свет адзену. Там і павідзімся», – адказвае. Асабіста для мяне гэта проста ідэальны прыклад сямейнага жыцця і сямейнага шчасця».

Чырвоны кут у беларускай хаце
Фотаздымкі
Луста хлеба, соль, салома
Павук. Вакно. Строй
Рэчы старажытнага побыту
Сябры «Талакі» ў гомельскім філіяле Веткаўскага музею
Апранаюць нявесту. Вянок
Фотаздымак. Верацёны

На выставе аўтар паспрабаваў ажывіць гэтае фота, і вывеў у рэальнасць вянчальныя свечкі, бутаньеркі і вясельны вянок.

Тэкст і фота – Ганна Вашчанка

Паглядзець экспазіцыю здабыткаў Аляксандра Нікіціна можна ў гомельскім філіяле Веткаўскага музею да 1 чэрвеня

Стужка навінаў