Хлопчык вырашыў учапіцца за трактар падчас руху – і патрапіў у рэанімацыю


Хлопчык вырашыў пракаціцца на цыстэрне падчас руху. Фота – гарадзенскае ДАІ

Дзіцёнак не разлічыў уласных сілаў і зваліўся з прычэпу.

27 ліпеня ў вёсцы Лелюкі пад Іўем пяцігадовы хлопчык, які адпачывае ў бабулі, гуляў адзін у двары. Брама на вуліцу была адчыненая.

У пэўны момант ён заўважыў трактар з прычэпам-цыстэрнам, які ехаў па дарозе. Пасля гэтага хлопчык выбег на праезджую частку. Старонка ДАІ Гарадзеншчыны падае, што трактарыст адразу знізіў хуткасць.

«Незвычайны транспартны сродак выклікаў цікавасць у хлопчыка настолькі, што ён вырашыў зачапіцца за элементы цыстэрны і пракаціцца на ёй», – распавялі даішнікі.

Дзіцяці не хапіла сілаў, каб утрымацца на прычэпе, і ён зваліўся. Кіроўца, убачыўшы гэта, тут жа спыніўся.

Цыстэрна, з якой зваліўся хлопец. Фота – гарадзенскае ДАІ.

Пры падзенні хлопец моцна пабіўся, яго шпіталізавалі ў рэанімацыю мясцовай больніцы.

ДД

Стужка навінаў