Хлопчык раздаў інтэрнэт на ўвесь аўтобус. Цяпер бацькі павінны заплаціць 7,5 тысяч USD


Хлопчык 11-ці гадоў у чэрвені ездзіў на аздараўленне ў Балгарыю. У дарозе ён выйшаў у роўмінгу ў інтэрнэт, адкрыў кропку доступу для астатніх хлопцаў – усяго ў аўтобусе было каля 50 дзяцей. Доступам у інтэрнэт скарысталіся каля 15 чалавек – яны глядзелі фільмы, гулялі ў гульні.

«Сын як сапраўдны сябар раздаў інтэрнэт на ўвесь аўтобус. Ён не ведаў, што гэта дарагое задавальненне», – распавядае жыхар Дзяржынска Валеры Мацановіч.

У выніку бацьку, на якога зарэгістраваная сім-карта, прыйшоў рахунак на суму каля 14 500 рублёў.

Сям’я хлопчыка небагатая. Бацька працуе кіроўцам, а мама – медык.

«Мы ў суме з жонкай зарабляем каля 500 долараў у месяц на дваіх. 7500 долараў – гэта проста катастрофа. Дапамогі з боку няма, – распавядае Валеры. – Мы звярталіся ў МТС, пакуль ідзе абмеркаванне пытання, прыходзяць дадзеныя з краінаў, у якіх гэта адбывалася. Цяпер працуюць тэхнічны аддзел і аддзел бяспекі па пытанні спісання гэтай сумы. Чакаем, молімся, спадзяемся, што ўсё ж такі часткова нам гэтую суму спішуць».

Валеры кажа, што «сын вельмі засмучаны, ён зразумеў, вядома, усю гэтую сітуацыю».

ІІ, belsat.eu, паводле TUT.by

Стужка навінаў