Хлапцу, якога судзяць за здымкі жывога ланцуга ў Маладзечне, стала кепска на судзе


У яго хранічныя праблемы з сэрцам, і яму прышлося выклікаць хуткую.

Мікалай Алейнік у пятніцу 19 чэрвеня здымаў на свой тэлефон відэа, як у Маладзечна людзі адбілі мінакоў ад АМАПу. Аднак пазней хлопца затрымалі і ён быў дастаўлены ў мясцовы ІЧУ. Там ён правёў усе выходныя, а ў панядзелак 22 чэрвеня адбыўся суд.

Мікалай Алейнік на судзе.
Фота: belsat.eu

Хлопца вінавацяць па арт 23.34 (парушэнне заканадаўства аб масавых сходах), і арт. 23.4 (непадпарадкаванне законнаму патрабаванню міліцыянта) КаАП Беларусі. Згодна з пратаколам Мікалай быццам бы хапаўся за форму супрацоўнікаў.

Ён хадайнічаў, каб яго абараняў у якасці не адваката, а абаронцы ягоны брат Юры Алейнік, а суддзя Вольга Дубовік адмовіла без тлумачэнняў.

Мікалай Алейнік заявіў, што ён мае праблемы з сэрцам. Яго з ізалятара ўжо ўвозілі ў лякарню, а потым вярталі зноў у ІЧУ. Падчас суда хлопцу ізноў стала блага і па яго ізноў прыехала хуткая.

«Кепска робяць і суддзі, і міліцыя. Трэба ж неяк прыслухоўвацца да народу. Не адзін жа ён там выйшаў! Я гляджу, што і ў Менску адбываецца. Я ганаруся сваім сынам», – матуля Галіна Алейнік.

Брат затрыманага хлопца паведаміў «Белсату», што таго вызвалілі да серады.

У пятніцу 19 чэрвеня па ўсёй Беларусі людзі выйшлі на дэманстрацыі падтрымання палітычных зняволеных у Беларусі. Яны выстройваліся ў жывыя ланцугі ўздоўж вуліц. Тады ж адбыліся масавыя затрыманні.

Сёння ў Маладзечна праходзіць яшчэ адзін суд. Паўлу Пяскову, які дамагаў уратаваць людзей ад АМАПу, пагражае да 5 гадоў зняволення.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў