Хімічная атака ў Сірыі. Фэйкі і факты

ВІДЭА

«Прасвет» даказвае, што хімічная атака ў Думе – бясспрэчны факт.

Мінулы тыдзень прайшоў пад знакам хімічнае зброі, якую Башар аль-Асад ужыў чарговы раз, ды пад гул самалётаў і крылатых ракетаў ЗША, Францыі ды Вялікай Брытаніі, якія правялі аперацыю помсты і папярэджання, разбурыўшы хімічныя аб’екты аль-Асада. І таксама на хвалі дэзынфармацыі з боку галоўнага саюзніка Сірыі – Расеі. Масква патрабуе доказаў, што хімічная атака была, адначасова перашкаджае прыбыць экспертам на месца і зняпраўджвае знойдзеныя доказы ды сведчанні.

Вашынгтон кажа Асаду, што «можа паўтарыць»: ракеты хаўруснікаў паспяхова разбамбілі склады і лабараторыі хімічнай зброі Башара аль-Асада ў адказ на хімічную атаку ў горадзе Дума.

«На падставе крыніцаў выведкі, хоць і не са стоадсоткавай, але з упэўненасцю мы можам сказаць, што на гэтых аб’ектах была хімічная зброя, у тым ліку зарын», – гаворыць Кенэт Маккензі з Аб’яднанага камітэту кіраўнікоў штабоў ЗША.

Але гэта не ўсё. Паводле інфармацыі амерыканскіх уладаў, на кантраляванай асадаўцамі тэрыторыі ёсць іншыя сховішчы зброі масавага знішчэння, у тым ліку ў школах і жылых дамах, пад абаронаю «жывых шчытоў» – мірных сірыйцаў.

Масква патрабуе «доказаў». «Не было ніякай хімічнай атакі. Была толькі інсцэнізацыя. Не было выкарыстання хімічнае зброі», – заявіў міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў.

Хімічная атака 7 красавіка ў горадзе Дума забіла ад 40 да 70 асобаў, у тым ліку шмат дзяцей. Свет абляцела відэа, як ратаўнікі абліваюць людзей вадою. Самых жорсткіх кадраў, дзе ў памяшканнях ляжаць мёртвыя дзеці з пенаю з рота, большасць тэлеканалаў не паказала з этычных прычынаў.

«Мы сядзелі ў склепе ды абедалі і пачулі шмат гукаў абстрэлу, а потым адчулі пах хлору, вельмі моцны пах хлору. Нам сказалі, што рэжым аль-Асада абстрэльвае раён хлорам. Мы пачалі надзяваць маскі на дзяцей, але пах нарастаў, я пачала губляць прытомнасць, мае вочы заслязіліся», – кажа Раша Эдльбі, маці дзвюх дзяўчынак, якая ацалела ў хімічнай атацы.

Расейскія медыі, дыпламаты, «армія» крамлёўскіх блогераў, каментатараў і троляў ставяць пад сумнеў факт атакі. Напрыклад, пытаюць, а чаму ратаўнікі працуюць без супрацьгазаў пасля хімічнай атакі.

«Хімічнае рэчыва на аснове хлору, выкарыстанае ў Сірыі, атакуе арганізм чалавека адразу падчас ужывання, але праз 15–20 хвілінаў ёсць магчымасць дапамагчы пацярпелым, не надзеўшы нават масак для дыхання ці іншых прыстасаванняў», – кажа Кшыштаф Льедэль з Цэнтру даследавання тэрарызму пры Калегіуме Цывітас у Варшаве.

«Усё, што казалі Эманюэль Макрон, Тэрыса Мэй і Доналд Трамп, усе доказы заснаваныя на інфармацыі журналістаў ды паведамленнях у сацыяльных сетках», – заявіў Сяргей Лаўроў.

Хаця стары савецкі дыпламат Лаўроў у курсе, на чым грунтуецца аналітыка для ваеннага і палітычнага кіраўніцтва.

«Яна фармуецца на 80–90 % з адкрытых крыніцаў. Фармуецца гэтак званы framework інфармацыі. Удакладненні – а 10–20 % закрытай інфармацыі з закрытых крыніцаў дапаўняюць – і ў выніку атрымліваем поўную карціну», – кажа Міхаіл Самусь з Цэнтру даследавання войска, канверсіі ды раззбраення ў Кіеве.

«Злучаныя Штаты і краіны Еўразвязу маюць у Сірыі ды ў суседніх краінах элементы дыпламатычных установаў, маюць там і свае спецслужбы, маюць сакрэтных агентаў у асадаўскім войску, ды, падобна, менавіта з аператыўных паведамленняў вядома, хто стаіць за хімічнай атакаю», – працягвае Кшыштаф Льедэль.

Справаздачу пра хімічную атаку ў Думе на падставе інфармацыі з адкрытых крыніцаў і рассакрэчаных звестак выведкі апублікавала Францыя. Паводле французскай выведкі, хімічная атака на Думу 7 красавіка была часткаю вялікага і скаардынаванага наступу рэжыму аль-Асада. Мэта – разбурыць апошні бастыён праціўнікаў, вярнуць поўны кантроль над правінцыяй Усходняя Гута.

Ваенныя і выведныя крыніцы зафіксавалі ўзгодненыя дзеянні асадаўскіх войскаў, інтэнсіўную дзейнасць авіяцыі над Думою. І тады ў сацыяльных сетках зʼявіліся адначасовыя спантанныя паведамленні пра хімічную атаку. У медычныя цэнтры адначасова прывезлі сотню пацыентаў з аднолькавымі сімптомамі. Гэта былі сімптомы атручвання хімічнымі рэчывамі:

  • людзі не маглі дыхаць;
  • хто мог – казаў пра моцны пах хлору і зялёны дым;з рота ішла пена;
  • скура і слізевыя абалонкі пасінелі;
  • былі заўважаныя хімічныя апёкі скуры ды вачэй.
  • Не было ніякіх смерцяў ад механічных пашкоджанняў.

Паводле французскай выведкі, загінулі больш за 40 асобаў. Абсалютная большасць фота і відэа свежыя ды не маглі быць сфабрыкаваныя.

Можна зрабіць выснову, што войскі Асада свядома ўжылі хімічную зброю з утрыманнем хлору, каб стварыць атмасферу тэрору і панікі ў непадкантрольных раёнах ды прымусіць праціўніка здацца. І Расея забяспечыла абсалютную перавагу ў паветры авіяцыі аль-Асада.

Расея абавязалася пракантраляваць знішчэнне хімічнае зброі Башара аль-Асада яшчэ пяць гадоў таму, але не выканала абавязку. Сірыя не знішчыла ўсёй хімічнай зброі і працягвае яе прадукаваць.

«Калі ўва ўсім свеце гэтую інфармацыю і фактаж вывучалі, то ў расейскай інфармацыйнай прасторы актыўна закідвалася маса фэйкаў – з нейкімі сведкамі, нейкімі дактарамі, якія закідваюць абсалютна парадаксальныя рэчы», – дадае Міхаіл Самусь.

Цяпер расейскія медыі ды інфармацыйныя агенты распаўсюджваюць фэйкі, што нібыта знайшлі ў Думе фабрыку хімічнае зброі тэрарыстаў, што людзі задыхнуліся ад дыму і пылу, што гэта правакацыя псеўдасаюзнікаў – іранцаў. Мэта гэтае хвалі – агаломшыць людзей, каб у галаве застаўся толькі інфармацыйны шум. Толькі на Захадзе гэтая інфармацыйная зброя ўжо дала асечку. Хімічную атаку на Думу прызналі бясспрэчным фактам.

Сюжэт Яраслава Сцешыка ўпершыню выйшаў у эфір у праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык 20 красавіка

Таксама ў праграме:

Глядзі таксама
Каментары