Хаўрус з агрэсарам не пакідае шанцаў Менску на міратворчасць


Чаму афіцыйны Менск так упарта чапляецца за ролю «міратворцы» ў расейска-ўкраінскай вайне?

Пра жаданне беларускіх уладаў стаць «Хельсінкі-2» і пра захаванне манаполіі на «менскія перамовы па Данбасу Лукашэнка казаў на нарадзе па прыярытэтах вонкавай палітыкі, якая прайшла ў Менску 11 ліпеня.

«У апошні час зʼявілася шмат ахвотных атрымаць палітычныя дывідэнды ад удзелу ў працэсе ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне. На іхную думку, менскі фармат састарэў і без яго можна абысціся. Але рэальна нічога новага не прапануецца. Таму менскі працэс павінен заставацца, але працягвацца больш энергічна», – выказаўся Лукашэнка пра патэнцыйных «прэтэндэнтаў» на месца перамоўнай пляцоўкі па Данбасу.

У тым жа духу беларускі кіраўнік ацаніў менскую ініцыятыву, ужо названую праўладнымі экспертамі «Хельсінкі-2». Ініцыятыва атрымала назву па аналогіі з Хельсінкскімі пагадненнямі – дакументам, падпісаным кіраўнікамі 35 дзяржаў у сталіцы Фінляндыі Хельсінкі 30 ліпеня – 1 жніўня 1975 года. Прасцей кажучы, Лукашэнка бачыць у Беларусі патэнцыйнага міратворца рэгіянальнага маштабу:

«Я чакаю ад Міністэрства замежных спраў глыбокага аналізу сусветных працэсаў і канкрэтных ініцыятыў, накіраваных на ўмацаванне бяспекі ў рэгіёне і павышэнне аўтарытэту Беларусі на міжнароднай арэне. Нас павінны бачыць. І пазіцыю нашай краіны абавязаныя ўлічваць».

«Хацець ніхто не забароніць»

Чым абгрунтаваныя намеры афіцыйнага Менску згуляць ролю «рэгіянальнага міратворцы»? Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі перакананы, што цяперашняя сітуацыя не дазволіць споўніцца «міратворчым» марам кіраўніка дзяржавы.

– Якія змены плануецца правесці ў вонкавай палітыцы, калі зыходзіць з учорашняй нарады?

– Праз існую палітычную сістэму, дзе літаральна ўсе пытанні вырашае кіраўнік дзяржавы, вонкавую палітыку Беларусі таксама вызначае ён. А яна абвешчаная і застаецца шматвектарнай з безумоўным прыярытэтам у бок стратэгічнага хаўрусніка – Расеі.

Аднак ствараецца ўражанне, што менскія геастратэгі спрабуюць нават выраўняць для сябе значэнне кітайскага з расейскім вектарамі сваёй шматвектарнасці, якая, часам, нагадвае плюралізм у адной галаве. Але нельга не адзначыць, што цяпер у вонкавай палітыцы кіраўнік дзяржавы дазваляе актыўнічаць не толькі свайму МЗС, але ўжо і іншым структурам кіроўнага рэжыму. Напрыклад, двухпалатнаму Нацыянальнаму сходу, якое прэзентуюць Еўропе як усенародна абраны парламент, якім яго назваць ды ўспрымаць на Захадзе вырашацца далёка не ўсе. Праўда, часам там не ўлічваюць усю спецыфіку галінаў беларускай улады і яе ствала.

Леанід Ільіч Брэжнеў паставіў свой подпіс па Хельсінкскім актам 1975 года, а Лукашэнка, мабыць, марыць пра такі ж подпіс пад сваім Хельсінкі-2. Бо ў Менску сваё разуменне сучаснага свету, якое далёкае ад рэальнасці.

– Чаму для Лукашэнкі так важна захаваць статус міратворцы ў расейска-ўкраінскай вайне?

– Дазволю папраўку – не статус, а перамоўная пляцоўка для іншых бакоў. Сёння яна вычарпала свае магчымасці, так як дамоўленасці апынуліся невыканальныя і менскія падпісанты абвінавачваюць адзін аднаго ў невыкананні здавалася б дасягнутых дамоўленасцяў. Дарэчы, сярод гэтых падпісантаў няма аўтографу Пуціна, які дэманструе, што ён наагул не мае дачынення да гэтай вайны. Відавочна, што і актывізацыя ролі ЗША ў вырашэнні ўкраінскай трагедыі ну ніяк не пераконвае ў запатрабаванасці міратворчай ролі Менску – цвёрдага стратэгічнага саюзніка Масквы.

У час хуткага візіту Лукашэнкі ў Кіеў, магчыма, яму растлумачаць, як змянілася сітуацыя наконт выкарыстання міратворцаў. Асабліва ў сувязі са зʼяўленнем новага спецпрадстаўніка ЗША па Украіне, які вядомы сваёй жорсткай крытыкай расейскай агрэсіі ў дачыненні да Украіны.

– Ці можа Беларусь прэтэндаваць на статус рэгіянальнага міратворца?

– Ніхто не можа забараніць прэтэндаваць на такі статус. Але пакуль пра такія прэтэнзіі чуваць толькі ў Менску. І цесны ваенна-палітычны саюз з Масквой з адпаведнымі ўзаемнымі забавязальніцтвамі неяк не дазваляе аднаму быць міратворцам, а другому агрэсарам.

Іван Грэкаў, belsat.eu

Стужка навінаў