Харватыю прымуць у Шэнгенскую зону


Еўракамісія парэкамендавала прыняць Харватыю ў Шэнгенскую зону, паведамляе Euronews.

Пасля чатырох гадоў разгляду ў Бруселі прыйшлі да высновы, што Заграб адказвае ўсім неабходным крытэрам для ўступлення ў Шэнген.

Адзначаецца, што Харватыя працягвае выконваць абавязкі, звязаныя з Шэнгенскімі правіламі, якія яна ўзяла на сябе ў 2016 годзе рамках перамоў аб далучэнні.

Камісія таксама палічыла, што Заграбу трэба будзе працягваць працаваць над выкананнем усіх абавязкаў, у тым ліку над забеспячэннем бяспекі вонкавых межаў блоку, асабліва ў святле тэмы міграцыі. У прыватнасці, на гэтым фоне атрымаць доступ да Шэнгенскай зоны дагэтуль не могуць Румынія і Балгарыя, якія вядуць перамовы аб далучэнні з 2010 году.

Рэкамендацыя Еўракамісіі ў дачыненні Харватыі накіравана цяпер у Раду ЕЗ, якая прыме канчатковае рашэнне.

У Шэнгенскую зону, якая дазваляе свабоднае перамяшчэнне, на дадзены момант уваходзяць 22 краіны Еўразвязу: Аўстрыя, Бельгія, Венгрыя, Германія, Грэцыя, Данія, Італія, Іспанія, Люксембург, Латвія, Літва, Мальта, Нідэрланды, Польшча, Партугалія, Славакія, Славенія, Францыя, Фінляндыя, Эстонія, Чэхія, Швецыя. Таксама туды ўваходзяць 4 асацыяваныя краіны, якія не не з’яўляюцца часткаю ЕЗ – Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія і Швейцарыя.

КА belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары