Халодная вайна – 2? КДБ выкрыў яшчэ аднаго замежнага агента


Пра што сказаў, а пра што прамаўчаў старшыня КДБ.

Агент быў палкоўнікам запасу з доступам да асабліва важных сакрэтаў беларускага войска, Рады бяспекі і нават дакументам з КДБ, распавёў старшыня Камітэту дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусі генерал-лейтэнант Валеры Вакульчык.

Галоўны спецслужбовец краіны сустракаўся 2 траўня з Аляксандрам Лукашэнкам і абмяркоўваў з ім у тым ліку супрацьдзеянне актыўнасці замежных разведак на тэрыторыі Беларусі.

Байцы Групы «А» КДБ Рэспублікі Беларусь. Фота sb.by

«Зразумела, што гэтыя рэчы я не магу ў поўнай меры распавесці тэлебачанню і грамадскасці. Тым ня менш можна сказаць, што праца ў гэтым кірунку камітэтам ужо арганізавана на якасна іншым узроўні. Больш эфектыўна. І дазваляе ў час раскрываць самыя негатыўныя і сур’ёзныя злачынствы ў гэтай сферы», – распавёў кіраўнік КДБ у эфіры праграмы «Размова ў прэзідэнта» тэлеканалу «Беларусь 1».

Здраднікі ў пагонах – «дзеці» новай Халоднай вайны?

«У якасці прыкладу можна прывесці нядаўна выкрытага намі сурʼёзнага агента замежнай выведкі. Высокапастаўленага вайскоўца – палкоўніка запасу В., які меў доступ да інфармацыі, якая асабліва ахоўваецца, у Генеральным штабе, Дзяржаўным сакратарыяце Рады Бяспекі і нават некаторым дакументам, якія паступаюць з Камітэту дзяржаўнай бяспекі», – сказаў Валеры Вакульчык.

Падазраваны быў арыштаваны з доказамі ягонай віны на руках і ўжо прызнаў сваю віну, дадаў ён. Зараз справа працягваецца і рыхтуецца да перадачы ў суд.

На першым плане – Валер Вакульчык

За апошнія пяць год КДБ выкрыў 36 замежных шпіёнаў, у тым ліку 11 з іх у 2017 годзе. Генерал Вакульчык звязвае гэта і з ростам актыўнасці замежных спецслужбаў, і з ростам прафесіяналізму ў КДБ. Відавочна, перш за ўсё гэта звязана з расейска-украінскім канфліктам і зацікаўленасцю Масквы, Кіева і Захаду ў тым, што адбываецца на беларускай тэрыторыі.

Пры гэтым у мінулым годзе ўжо быў асуджаны іншы высокапастаўлены вайсковец – грамадзянін Беларусі, які быў завербаваны шляхам пагрозаў і шантажу, збіраў і перадаваў за мяжу дзяржаўныя сакрэты. Здраднік атрымаў 14 год калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Дарэчы, затрыманыя шпіёны таксама выкарыстоўваюцца для таго, каб ратаваць беларускіх грамадзянаў, асуджаных за мяжой за аналагічныя дзеянні. Гэтак у мінулым годзе былі вернутыя на Радзіму два беларусы.

Усё спакойна

Акрамя змагання з замежнымі шпіёнамі, КДБ Беларусі ахоўвае існуючы дзяржаўны лад, і сітуацыя тут, як адзначыў кіраўнік установы, «спакойная і прагназаваная».

«Нейкіх падзеяў, якія здольныя яе [сітуацыю ў сферы грамадскай бяспекі] змяніць, не бачна. У адносінах да некаторых адзінкавых несістэмных праяў і правапарушэнняў праваахоўныя меры прымаюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам», – сказаў генерал.

Трэніроўка Групы «А» КДБ. Фота sb.by

Пра пагрозу тэрарызму Валеры Вакульчык таксама шмат не распавядаў, адзначыўшы толькі, што КДБ змагаецца з ёй у супрацы са спецслужбамі краін СНД, Еўрапейскага Звязу і іншых рэгіёнаў.

Барацьба са слабай карупцыяй

Таксама КДБ займаецца барацьбой з карупцыяй, аднак і тут кіраўнік установы адзначае, што карупцыя ў Беларусі даволі абмежаваная.

«У некаторых складваецца ўражанне… пра наяўнасць маштабнай карупцыі ў нашай краіне, але я скажу з усёй адказнасцю як чалавек з, магчыма, найбольш поўнай інфармацыяй на гэты конт, што публікацыі пра гэтыя зʼявы сведчаць не пра тое, што ў нас шмат карупцыйных праяў, а пра тое, што ў нашай краіне арганізаваная сістэмная, адкрытая і бескампрамісная барацьба з гэтымі негатыўнымі праявамі», – заявіў Вакульчык.

Смартфон ад КДБ Беларусі

Звышабаронены тэлефон – першы беларускі мабільнік

Распавёў кіраўнік КДБ і пра тое, што быў створаны спецыяльны мабільны тэлефон для зачыненай дзяржаўнай сувязі. Гаджэт мае крыптамодуль, які ўтрымлівае сістэму шыфравання і дэшыфрацыі сувязі. Пры спробе ўскрыцця адбывацца знішчэнне інфармацыі на тэлефоне.

«Мы працуем над тым, каб арганізаваць экспартныя пастаўкі некаторым сяброўскім дзяржавам», – сказаў Вакульчык.

Пра што не было сказана?

Менавіта КДБ мае сваіх людзей у кожнай частцы беларускай арміі, а значыць мусіць мець інфармацыю пра сітуацыю і атмасферу ў гэтых частках.

Як «кантраляваў сітуацыю» КДБ у Печах, дзе восенню мінулага году ў выніку здзекаў з боку сяржантаў загінуў жаўнер Аляксандр Коржыч, а дзедаўшчына набыла сістэмны характар, генерал-лейтэнант Валеры Вакульчык не сказаў

Нічога ён не сказаў і пра самую гучную справу КДБ мінулага году – «справу Белага Легіёну», якая таксама атрымала імя «справа патрыётаў». Больш за 30 чалавек КДБ арыштаваў вясной 2017 года, абвінаваціўшы іх у рыхтаванні масавых беспарадкаў і захоўванні зброі. Праз некалькі месяцаў справа была перададзеная ў Следчы камітэт, які яе закрыў.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў