Хакеісты «Дынама-Менск» чытаюць Багдановіча, Коласа і Барадуліна (ВІДЭА)


Спартоўцы хакейнага клубу «Дынама-Менск» прачыталі паэтычныя творы беларускіх класікаў.

«Кожную з мінулых чатырох хатніх сустрэчаў наведвала ў сярэднім больш за 12 тысячаў заўзятараў, але не ўсе яны заўважылі відэаролікі, у якіх «зубры» перайшлі на родную мову. Хочаце гэта пачуць і ўбачыць? Калі ласка!», напісана на афіцыйным сайце «Дынама-Менск»

Артур Гаўрус («Мой родны кут» Якуба Коласа):

«Беларуская мова – дзяржаўная, нароўні з расейскай. Паважаю яе, стаўлюсь станоўча. Ведаю не на 100 %, але досыць добра. У школе беларускую вывучаў, асаблівых складанасцяў з гэтым прадметам у мяне не было. Калі цяпер сустрэну беларускамоўных людзей, без праблемаў змагу з імі паразмаўляць. Уступ з «Новай зямлі» Коласа дагэтуль ведаю амаль на памяць, яшчэ са школьных часоў, таму прачытаў, здаецца, упэўнена».

Сяргей Дрозд («Па-над белым пухам вішняў» Максіма Багдановіча):

«Прачытаў верш лёгка. Праўда, трапляліся словы, сэнс якіх не зусім разумеў, але з чытаннем па-беларуску ў мяне цяжкасцяў няма. Калі шчыра, з роднай мовай у мяне ёсць праблемы. Справа ў тым, што школу я скончыў ў Яраслаўлі, дзе, натуральна, ніякай беларускай мовы мы не вывучалі. Літаральна только першыя тры класы вывучаў беларускую. Але з творам Максіма Багдановіча быў знаёмы і да здымкаў. Адкуль? Пэўна, усё ж нешта запомніў з малодшых класаў».

Яўген Лісавец («Трэба дома бываць часцей» Рыгора Барадуліна):

«Беларуская мова вельмі прыгожая. Негледзячы на тое, што ў мяне даўно ўжо не было практыкі – то часу няма, то паездкі, дый англійская мова зараз у нашай камандзе больш актуальная, з асалодай узяў удзел у гэтым праекце. У школе родная мова давалася лёгка, можа нават лепей, чым маім аднакласнікам. Ведаў яе добра, праўда, адзнакі ўсё ж былі сярэднія. Карыстацца мовай даводзіцца рэдка. У асноўным дома, у Горадні. Таму што бабулі і дзядулі размаўляюць на сумесі беларускай і расейскай. Больш, бадай што, з неабходнасцю размаўляць па-беларуску не сутыкаўся. Верш Барадуліна, які мне прапанавалі прачытаць, крыху памятаў, мабыць, са школьнай праграмы. А вось купалаўская «Спадчына», якую чытаў у мінулым годзе на КХЛ-ТБ, была добра знаёмая, ледзь не на памяць ведаў».

«Праект далёка не скончаны! Мы яшчэ пачуем Гусоўскага ў выкананні Аляксандра Паўловіча, Дубоўку ад Іллі Шынкевіча і Броўку з вуснаў Аляксандра Кулакова», – абяцаюць у клубе.

Футбольны клуб «Крумкачы» знялі яскравае відэазапрашэнне на матч з менскім «Дынама».

МЯ, паводле hcdinamo.by

Стужка навінаў