«Хай абкатаецца па ўсіх калідорах улады». Як галасуюць у акругах самых маладых кандыдатак?


Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

У Кальварыйскай акрузе Менску на дэпутацтва балатуецца 22-гадовая Марыя Васілевіч пра падтрымцы БРСМ – пераможца конкурсу прыгажосці, вядоўца БТ і асоба, набліжаная да Аляксандра Лукашэнкі. А ў Грушаўскай – ейная равесніца Алана Гебрамарыям ад апазіцыйнай БСДГ. Карэспандэнты Belsat.eu паглядзелі, якая атмасфера пануе на ўчастках і ці давяраюць людзі маладым кандыдаткам.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Як хутка яна дасягнула вяршынь…»

У гімназіі №36 Менску размешчаныя адразу тры выбарчыя ўчасткі, але а 12:00 народу тут няшмат. На стэндзе на фоне партрэтаў мужчын-кандыдатаў сярэдняга зросту вылучаецца фота юнай Марыі Васілевіч. У дворыку гімназіі прадаюць жывую рыбу з машыны – змерзлая прадавачка сумуе без пакупнікоў. Унутры ідзе гандаль футравымі шапкамі, гучна грае расейскі рок.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

На імправізаванай сцэне ў буфеце спяваюць дзяўчыны-падлеткі. Прылаўкі ня тое, каб ламіліся ад ежы: стандартныя піражкі, «сталоўскія» салацікі па рублю, некалькі бутэлек гарэлкі.

«Ой, алкаголь лепш не здымайце!», – палохаюцца невядома чаго працаўніцы.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

На самім участку № 464 старшыня камісіі не дазваляе нашаму фатографу здымаць сябе, іншых чальцоў, выбарнікаў (нават пры згодзе апошніх), урны і назіральнікаў. Кажуць «стаяць у вызначанай кропцы», пры гэтым не тлумачаць, чым прадыктаванае такое абмежаванне. Умешваюцца трое назіральнікаў ад Міжпарламенцкай асамблеі СНД (арганізацыя са штабам у Санкт-Пецярбургу) і адразу ж займаюць бок старшыні камісіі. Адзін з назіральнікаў – дзеючы дэпутат Дзярждумы РФ, сябар партыі «Единая Россия» Арцём Тураў, сын вядомага беларускага кінарэжысёра Віктара Турава.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Галасаваць у першай палове дня прыходзяць у асноўным пенсіянеры.

«Я буду ставіць галачку «супраць усіх»! Бо не было нармальнай агітацыі: у кватэру да мяне ніхто не прыходзіў, лістоўкі з кандыдатамі ў паштовую скрыню не кідалі, таму я нікога з іх толкам не ведаю», – абураецца пажылая жанчына.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Цікавімся ў людзей, што думаюць пра Марыю Васілевіч: ці патрапіць у Палату прадстаўнікоў і ці не занадта яна для гэтага маладая:

«Думаю, ёй яшчэ ранавата: яна, канешне, прадстаўнік моладзі, але пытанні ж давядзецца вырашаць не толькі моладзевай палітыкі, а больш глабальныя. Чалавек павінен быць з нейкім асабістым і працоўным досведам. У мяне сын прыкладна такога ж узросту і я бачу, што чалавек зусім юны яшчэ. А Васілевіч з некаторых часоў стала публічнай асобай і падумала: народ за ёй пацягнецца, гледзячы, як хутка яна дасягнула вяршынь», – кажа спадарыня, якая прыйшла галасаваць разам з сынам.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Галасуем па старой савецкай звычцы»

Яшчэ адзін участак у той жа Кальварыйскай акрузе размешчаны ў музычным каледжы імя Глінкі. Галасуюць тут таксама, збольшага, выбарнікі сталага веку. Пара пенсіянераў адразу кажа, што «трэба даць дарогу моладзі», таму кандыдатуру Васілевіч яны падтрымліваюць.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Яна можа быць чалавекам вельмі прагрэсіўных, дэмакратычных поглядаў. І вучыцца добра, і дасягнула шмат. Перамагчы ў такіх конкурсах [Міс Беларусь – 2018. – Belsat.eu] – вялізарная праца!» – кажа жанчына.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

– А як вы ставіцеся да таго, што Марыя Васілевіч пастаянна з’яўляецца побач з кіраўніком дзяржавы, а потым раптам ідзе ў дэпутаты?

– Хіба тут ёсць нешта асаблівае? Мне гэта абыякава, не бачу ўзаемасувязі, – кажа жанчына.

– А я думаю, што гэтую ўзаемасувязь не варта шукаць, – дадае ейны муж.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Калі пытаемся, чаго людзі хочуць ад свайго кандыдата, то звычайна чуем у адказ: «усё і так нармальна».

«Галасуем па старой савецкай звычцы. Усе кандыдаты добрыя, проста ідзем падтрымаць выбары», – адказвае чарговая пара пенсіянераў.

«Галасуем па старой савецкай звычцы», – адказваюць выбарнікі.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Я адчуваю абсалютную абыякавасць, бо гэта не выбары, вы і самі ведаеце. Якая ў нас палітыка? Вы калі-небудзь ва Украіне былі? Вось там палітыка, нешта залежыць ад выбарнікаў», – гаворыць адзіны малады мужчына, якога мы сустрэлі на выхадзе з будынку каледжа.

«А я галасавала за камуніста! [аднаго з канкурэнтаў Васілевіч на акрузе – Генадзя Насевіча. – Belsat.eu]. Я заўжды буду абіраць камуністычную партыю, бо мой муж, генерал, загінуў у Афганістане – да апошняга захоўваў свой партыйны білет. А ў наступным годзе на выбары прэзідэнта я не пайду, бо Лукашэнку я не люблю, ён пра афганцаў не клапаціцца. Дзякуй Богу, нам Пуцін нядаўна выплаты да расейскай пенсіі падняў!» – кажа 85-гадовая ўдава вайскоўца.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

У школе №48, дзе знаходзяцца адразу два ўчасткі, надзвычайны вэрхал. Проста ля ўваходу дзіцячы хор спявае нешта няўцямнае, са словамі «шу-бі-ду-ба», адначасова з калонак даносіцца песня «Траса Е-95», тут жа дзеці плятуць сувеніры з саломкі. Месца для назіральнікаў і СМІ – у максімальна аддаленым ад урнаў куточку.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Буфетчыца, перш чым даць нам сфатаграфаваць піражкі, пытаецца «дазвол на здымкі». Гарэлку і шампанскае з паліц пакуль ніхто не бярэ: людзі задаволеныя і беляшамі. Але яшчэ не вечар. Як кажуць у школе, пасля абеду чакаецца канцэрт і тады народ будзе святкаваць больш актыўна.

«Цяпер мы жывем добра, а я хачу, каб яшчэ лепей жылі! Я невялікі сакрэт выдам, калі скажу, што галасаваў за Васілевіч. Многія маюць пра яе адмоўнае суджэнне, ну а мне яна сімпатычная. Можа, гадоў праз 30-40 будзе вялікі дзяржаўны дзеяч, калі з дваццаці абкатаецца па ўсіх калідорах улады», – дзеліцца думкамі ружовашчокі дзядуля. Жонка побач паглядае на яго з недаверам.

«Можа, гадоў праз 30-40 будзе вялікі дзяржаўны дзеяч, калі з дваццаці абкатаецца па ўсіх калідорах улады», – кажа мужчына.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Равесніца-апазіцыянерка

У суседняй Грушаўскай акрузе балатуецца равесніца Васілевіч – 22-гадовая Алана Гебрамарыям. Дзяўчына ідзе ў дэпутаты ад апазіцыйнай партыі БСДГ. Яна скончыла медычны ўніверсітэт, але карʼеру вырашыла будаваць у парламенце.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Парадокс, але на ўчастак №237, размешчаны ў Цэнтры павышэння кваліфікацыі МУС, фатографа пускаюць без праблем. Старшыня камісіі дазваляе здымаць з любой кропкі і нават частуе цукеркамі. Праўда, працэс галасавання пакуль ідзе тут вельмі квола.

Хлопец спявае на ўчастку па-беларуску.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

На вуліцы, як і ў папярэдніх месцах, прадаюць жывых ляшчоў з палескай рыбнай гаспадаркі. Рыбы ў роспачы бʼюцца аб борцікі пластыкавых кантэйнераў, распырскваючы ваду на выбарнікаў.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Людзі пытаюцца, ці нас сюды загналі прадаваць, а я кажу: не, запрасілі! З Менгарвыканкаму пазванілі ў «Белрыбгас», а потым разаслалі запрашэнні па розных гаспадарках. Працуем ад самай раніцы – сама я па месцы жыхарства, у Пінску, прагаласавала датэрмінова», – тлумачыць прадавачка. А ейны калега не галасаваў наагул.

«А навошта? Гэта абсалютна не мае сэнсу, дэпутаты нічога не вырашаюць. На мінулых выбарах мая маці за мяне прагаласавала, пакуль я працаваў – трэба карміць жонку і дзяцей, не да таго», – махнуў хлопец рукой.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

З участку выходзяць дзве бабулі, трымаючы адна адну пад ручку. Абедзве катэгарычна супраць маладой кандыдаткі.

«Ну не магу я абраць чалавека, у якога пазначана ў анкеце «беспрацоўны». Гэта значыць, яна жыве цяпер за кошт бацькоў?» – кажа адна.

Яе сяброўка дадае, што не давярае кандыдатцы праз яе малады ўзрост, сацыяльны статус і не толькі.

«Я не бачу ў ёй ніякіх перспектыў: для яе і краіна нашая, напэўна, напалову родная? Хаця яна, напэўна, тут нарадзілася і жыла… Але мне хочацца ўсё ж за сваіх, за беларусаў».

«Вас шчыра цікавіць, чаго нам не хапае? – спыняецца на ганку мужчына гадоў 60-ці. – Палітычных свабодаў! Але гэта залежыць не ад кандыдатаў. Усё, астатняе скажам на кухнях».

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Кацярына Андрэева, фота Ірына Арахоўская Belsat.eu

Hавiны
Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Онлайн
2019.11.17 18:45
Стужка навінаў