У ахвяры хатняга гвалту хочуць адабраць дзіця. Чыноўнікі: мы нікому нічога не вінныя


Былы муж жыхаркі Мазыра Святланы Мішоты з дапамогай чыноўнікаў дамогся прызнання таго, што іхны агульны сын Мікіта перабывае ў сацыяльна небяспечным становішчы.
28 лістапада ў справе вызначэння становішча малога прайшоў каардынацыйны савет райвыканкаму [сустрэча былых сужэнцаў з чыноўнікамі райвыканкаму – belsat.eu]. Мазыранка працягвае змагацца за свайго няпоўнагадовага сына. Ейны былы муж Максім Ляпёшкін пастаянна падае позвы на Святлану, каб забраць яго сабе.
Святлана распавяла belsat.eu, што гэтым разам на паседжанне прышлі каля дваццаці асобаў, у тым ліку начальства з працы Максіма Ляпёшкіна.
«Мне дапамаглі з адвакатам, ён прыехаў з Менску. Што цікава, пускалі нават незнаёмцаў, а яго не хацелі не вядома на якой падставе. У выніку ён усё ж давёў ім, што мае права прысутнічаць».
Святлана Мішота паказвае доказы пабояў. Фота belsat.eu
Папярэднія каардынацыйныя саветы, як і апошні, ініцыяваў намеснік старшыні Мазырскага райвыканкаму Фелікс Галюк, ён жа прызначаў даты. Сам ён на паседжанне не з’явіўся. Рашэнне пра пастаноўку малога Мікіты на ўлік прыняла начальніца аддзелу адукацыі райвыканкаму Любоў Клепчукова. Паводле суразмоўцы «Белсату», Клепчукова нават не дала ёй слова сказаць, затыкала рот і гаварыла, што ніхто не мусіць адказваць на ейныя пытанні.
«Я не п’ю, не куру. Чаму яны прызналі, што мой сын перабывае ў сацыяльна небяспечным становішчы? Замест таго, каб абараняць мяне ад псіхічна нездаровага чалавека, які тэрарызуе і маральна знішчае мяне і сына, яны бяздзеюць», – кажа Святлана Мішота.
Святлана Мішота з сынам Мікітам.
Фота: belsat.eu
Маладая маці адзначае, што яна трапіла на ўлік за адміністратыўную справу, якую завялі супраць яе пасля збіцця мужа. Жанчына адмахнулася ад яго торбай, калі той збіваў яе.
«Яны адмыслова завялі на мяне справу, падкрэслілі гэта на савеце, маўляў, і ў мамы, і ў таты ёсць адміністратыўныя парушэнні», – зазначае жыхарка Мазыра.
Hавiны
Здзекаваўся, зламаў нос, пагражаў забіць. У Мазыры ў ахвяры хатняга гвалту могуць адабраць дзіця
2019.10.23 14:16
Фелікс Галюк сказаў belsat.eu, што рашэнне наконт Мікіты Мішоты прынятае паводле пэўных крытэраў. Аднак якіх, каментаваць адмовіўся.
«Адзінае, пра што я прасіла, адгарадзіць мяне ад агрэсара. Яны зноў пачалі гаварыць, што мы павінныя дамовіцца. Але як можна дамовіцца з маральным тэрарыстам? Я кажу Галюку, чаму ўлады бяздзеюць? А Галюк мне кажа: улады вам нічога не вінныя».
Святлана Мішота з сынам Мікітам. Фота belsat.eu

Святлана ўпэўненая, што былы муж не спыніцца і будзе дамагацца, каб у яе адабралі дзіця.

«Яны прынялі несправядлівае рашэнне. І чым яны нібыта дапамогуць? Будуць прыходзіць з правяраннямі ды спраўджваць лядоўню? Шмат хто праз пачуццё ўлады ставіцца да нас з пагардаю, павышае голас. Я не ведаю, як яны хочуць рэгуляваць нашыя адносіны. Я не хачу мець з Максімам Ляпёшкіным нічога агульнага. Навошта змушаць мяне з ім падтрымліваць адносіны? Зноў пажаніць?», – абураецца яна.

Цяпер жанчыну хочуць прыцягнуць за хуліганства. 12 кастрычніка на вачах у міліцыянтаў яе збіў бацька Максіма Ляпёшкіна. На эмоцыях яна выпадкова перакуліла бутэльку з алеем.

Hавiны
Ахвяру хатняга гвалту з Мазыра зноў збілі, але судзіць будуць яе – за бутэльку алею
2019.11.27 14:51

Па выніку штурханіны адказваць перад судом будзе яна, а не крыўднік. Рэгістратары працаўнікоў РАУСу нібыта не запісалі бойкі, бо здымаюць на ўзроўні грудзей. Святлану ж будуць судзіць за хуліганства, маўляў, яна абразіла старога.

ВІДЭА
Каб не забралі дзіця, маці мусіць давесці сваю адэкватнасць за $ 700
2019.10.31 08:00

Belsat.eu будзе сачыць за развіццём сітуацыі Святланы Мішоты.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў