Гвалт сілавікоў па ўсёй Беларусі. Ёсць ахвяры. Увага! Жорсткія здымкі


У другі дзень мірнага пратэсту з’явілася шмат ахвяраў гвалту сілавікоў. Параненыя у тым ліку і журналісты.

«Наша Ніва» паведамляе, што каля метро Пушкінская мужчына на БМВ Х5 вылецеў за шэрагі амапаўцаў. Незразумела, якая была яго мэта. Машыну спынілі з дапамогай нечага, мужчыну выцягунлі і жорстка, жорстка білі на вачах журналістаў.

МУС паведамляе, што на Прытыцкага загінуў чалавек. Яны сцвярджаюць, што ў яго ў руках узарвалася выбуховая прылада. Але відавочцы кажуць, што у гэты момант пратэстоўцаў абстрэльвалі гранатамі сілавікі.

Паведамляюць пра цяжка параненых. Аднаму з пратэстоўцаў разарвала руку.

Першай ахвярай страляніны сталася журналістка «Нашай Нівы» Наталля Лубнеўская. У Менску на вуліцы Кальварыйскай сілавікі, па словах відавочцаў, адмыслова пачалі страляць у журналістаў. Куля трапіла ў нагу журналістцы.

Страляніна на Кальварыйскай. Фота belsat.eu

Таксама пацярпелі і нашыя журналісты. Пры сутыкненнях на вуліцы Прытыцкага лёгка ранены Павел Дабравольскі. Фатографа «Белсату» Таню Капітонаву кантузіла светашумавой гранатай. Яна часткова страціла слых.

Паступаюць паведамленні, што там жа каля кінатэатру «Аўрора» моцна паранены кіроўца аўтобусу Павел Сібілёў. На фотаздымках бачна, што ён страціў шмат крыві.

«Еўрарадыё» паведамляе, што аднаго з пратэстоўцаў на Пушкінскай вынеслі на прыпынак грамадскага транспарту, ён паранены.

Таксама ёсць ахвяры і ў Берасці. Пратэстоўцы паведамляюць пра траўмы ад шумавых гранат. Аскепак трапіў у журналіста Tut.by, падае праваабарончы цэнтр «Вясна».

У Горадні ў раёне філармоніі дэманстранты перакрылі дарогу. АМАП кінуўся на іх, бусам збілі чалавека. Яму выклікалі хуткую чакаюць хуткую.

КАЛІ ВЫ МАЕЦЕ ІНФАРМАЦЫЮ ПРА АХВЯРАЎ, ДАСЫЛАЙЦЕ Ў НАШ ЧАТ-БОТ У ТЭЛЕГРАМЕ @BelsatBot

Стужка навінаў