Гурт Dzieciuki выступіць у Беларусі навесну


Гастрольнае пасведчанне на канцэрт гарадзенскага гурта атрымаў арганізатар імпрэзы і адзін з каардынатараў «Будзьма беларусамі» Уладзімір Булаўскі.

Пра гэта ён напісаў у сваім Facebook.

«Атрымаў гастрольнае пасведчанне на канцэрт «Dzieciuki» у Віцебску! Падрабязнасці пра выступ пазней. Сочым за развіццём падзей», – напісаў Уладзімір Булаўскі.

Канцэрт запланаваны на вясну і пройдзе ў арт-пабе «Torvald» (калі там незнарок не прарве каналізацыю).

Асноўная тэма песень «Дзецюкоў» – гісторыя Беларусі, за якую гурт трапіў пад негалосную забарону.

Свой другі і пакуль што апошні альбом пад назвай «Рэха» гурт выпусціў у лютым. Гарадзенскія панкі некалькі разоў збіраліся прэзентаваць яго ў Менску, але ані разу не атрымалі дазволу.

Галоўнай прычынай адмовы на выступ ідэолагі назвалі «экстрэмізм» на падставе пункту 5 главы 2 «Палажэння аб арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў, у якім гаворыцца, што забараняюцца арганізацыя і правядзенне мерапрыемстваў, якія маюць на мэце ажыццяўленне прапаганды вайны ці экстрэмісцкай дзейнасці.

Гурт ездзіў з гастролямі па Украіне і Польшчы. Цяпер хлопцы-балахоўцы рыхтуюцца да вялікага сольнага канцэрту ў Беластоку, які адбудзецца 25 лютага.

Раней «Белсат» зняў некалькі кліпаў на песні гурта «Дзецюкі».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў