Гурт «Laudans» запісаў песню, якая зараджае калядным настроем


Усё бліжэй і бліжэй святочныя дні, на вуліцах і ў дамах з’яўляюцца ўпрыгожаныя ялінкі, навагоднія агеньчыкі, усмешкі і светлы настрой – набліжаюцца святы Божага Нараджэння.

Гурт «Laudans» таксама распачаў падрыхтоўку да святаў. На днях у інтэрнэце з’явілася відэа, дзе музыкі прадставілі спеў «Як прыбеглі пастушкі». Відэа здымалася ў менскай архікатэдры. Акрамя асноўнага складу гурта кампазіцыю дапамаглі запісаць харысты з касцёлу на Залатой Горцы, а таксама адмыслова запрошаныя музыкі.

«Мы хацелі падзяліцца жывым гучаннем добра вядомай калядкі і паказаць прыгажосць атмасферы святаў Нараджэння Пана», – адзначае лідар гурта Андрэй Лугін.

Гурт «Laudans» узнік у 2013 годзе. Кампазіцыі гурта спалучаюць элементы джазу, блюзу, электроннай музыкі, поп- і рок-музыкі. Гурт мае ў сваім рэпертуары песні на вершы сучасных беларускіх паэтаў, а таксама спевы на рэлігійную тэматыку.

МЯ, паводле catholic.by

Стужка навінаў