Гульня з д'яблам. Ці працуе план Лукашэнкі па выбарах?


Канкурэнтаў Лукашэнкі набралася ажно 14 чалавек – менавіта столькі ініцыятыўных групаў для вылучэння кандыдатаў на прэзідэнцтва зарэгістравала беларуская Цэнтральная выбарчая камісія. І хоць з вялікай імавернасцю гэтыя прэзідэнцкія выбары пройдуць без міжнародных назіральнікаў, ёсць аптымісты, якія вераць у справядлівы падлік галасоў. На што спадзяюцца кандыдаты, і як за выбарчай кампаніяй назіраюць вонкавыя сілы?

«Кандыдат-спойлер», «спарынг-партнёр Лукашэнкі», «вечны пратэстовец», «крамлёўская кансерва» – якіх толькі метафараў не падабрала грамадскасць да шырокага спектру вылучэнцаў на прэзідэнцкіх выбарах. І сапраўды ў сёлетніх жорсткіх умовах, даволі спрыяльных для ўладаў, вырашыцца ўступаць у прэзідэнцкую гонку менш як за тры месяцы да дня галасавання – справа як мінімум сумнеўная.

Каментуе філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч:

«Калі людзі пачынаюць гуляць з д’яблам, яны мусяць ісці на пэўныя саступкі: маральныя, этычныя і нават прававыя».

Найбольшую ўвагу грамадскасці прыцягнулі два кандыдаты, якія ўжо паспелі адзначыцца прэсавымі канферэнцыямі, дзе не абышлося без гучных выказванняў. Гэтак, Віктар Бабарыка, які балатуецца пасля 20-гадовага кіравання «Белгазпрамбанкам», шмат кім падазраецца ў сувязях з Крамлём.

«Калі мець на ўвазе канкрэтна расейскую цікаўнасць, праяўленую да маёй кампаніі, то я магу дакладна сказаць: яна абсалютна нулявая, – заявіў Віктар Бабарыка, прэтэндэнт на прэзідэнцтва.

Цікава, што агентам дэструктыўнага ўплыву Расеі ў Беларусі называюць Бабарыку і штатныя дзяржаўныя прапагандысты, якія самі адкрыта выступаюць за паглыбленую інтэграцыю з Расейскай Федэрацыяй. У той жа момант не варта лічыць, што Крэмль адкрыта падтрымае пэўнага кандыдата на гэтых выбарах, хоць і можа скарыстацца гэтай нагодай для аслаблення перамоўных пазіцыяў Лукашэнкі.

«Пэўныя ціскі будуць працягвацца, але яны таксама маюць свае межы. Тут не варта перабольшваць ролю Беларусі ў вачах Расеі. Расея мае мноства іншых, не менш важных клопатаў, чым узмацненне залежнасці Беларусі ад Расеі», – мяркуе Пётр Рудкоўскі, дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў.

Не абышоў расейскае пытанне ў сваіх прамовах і Валерый Цапкала, які быў у камандзе Лукашэнкі яшчэ ў 1994 г., затым займаў пасаду намесніка міністра замежных справаў, быў амбасадарам Беларусі ў ЗША і ўзначальваў Парк высокіх тэхналогіяў. На пытанне пра дамову аб гэтак званай Саюзнай дзяржаве з Расеяй ён адказаў, што ўсе дамоўленасці мусяць выконвацца.

ВІДЭА
Як Лукашэнка правядзе выбары падчас эпідэміі?
2020.05.16 12:23

Валерый Цапкала, прэтэндэнт на прэзідэнцтва:

«На ўзроўні псіхалагічных стэрэатыпаў усё-такі мы не адчуваем розніцы з расейцамі. Я думаю, што менавіта нашая культурная блізкасць, нашае шматвяковае ўзаемадзеянне ёсць значна больш каштоўным фактарам. І яно менавіта будзе вызначаць нашыя асаблівыя стасункі з Расеяй».

Цікава, што як Бабарыка, так і Цапкала хоць і заяўляюць пра свае вялікія кіраўнічыя амбіцыі, катэгарычна ўстрымліваюцца ад крытыкі свайго галоўнага палітычнага апанента. Прозвішча кіраўніка краіны ні разу не прагучала з іхных вуснаў у негатыўным кантэксце. А ўся крытыка адрасавалася выключна нейкім безасабовым уладам.

«Уявіце сабе, што ўсе, хто незадаволены сённяшнім рэжымам, захапіліся Бабарыкам. Бабарыку намалявалі 20 ці 30 % на выбарах, а ён ведае, што ён атрымаў 48–50 %. І мог бы прэтэндаваць на другі тур, а ў яго перамогу адабралі. Скажыце, Бабарыка – той чалавек, які выведзе людзей на вуліцу дамагацца перагляду?» – пытае Уладзімір Мацкевіч.

Адказ на гэтае пытанне агучыў сам былы кіраўнік «Белгазпрамбанку».

«Я лічу, што ЦВК абараняе заканадаўства Рэспублікі Беларусь і грамадзянаў РБ пры галасаванні. Гэта маё абсалютнае перакананне, як бы ні будавалі канспіралагічныя тэорыі», – мяркуе Віктар Бабарыка.

Ці зразумеў Бабарыка, што назваў канспіралагічнымі тэорыямі, напрыклад, усе справаздачы сотняў назіральнікаў за выбарамі ў Беларусі ад АБСЕ? Невядома. Але пазіцыя зразумелая.

«Зноў жа, я лічу міфатворчасцю масавыя рэпрэсіі, якія могуць узнікнуць», – працягвае Віктар Бабарыка.

Фактычна, цяпер толькі Мікалай Статкевіч, з кандыдатаў пратэсту якога ў выніку зарэгістравалі толькі аднаго, Уладзіміра Няпомняшчых, выказвае жаданне па-сапраўднаму «хістаць човен». Магчыма, дапамагаць яму ў арганізацыі пратэстаў будзе відэаблогер Сяргей Ціханоўскі, якога вызвалілі з-пад арышту пасля заканчэння рэгістрацыі ініцыятыўных групаў. Жонка Ціханоўскага, Святлана, усё ж змагла зарэгістравацца прэтэндэнткаю на прэзідэнцтва, таму блогер будзе мець магчымасць актыўна ўдзельнічаць у кампаніі.

Традыцыйнай жа апазіцыі будзе надзвычай складана: правацэнтрысты, якія вылучылі трох кандыдатаў, таксама разлічваюць скарыстацца часам збору подпісаў для вядзення агітацыйнай працы. Разлічваць на нейкае сур’ёзнае падтрыманне і ўвагу да выбарчай кампаніі з боку Захаду цяпер вельмі складана.

ВІДЭА
Зянон Пазняк: Будуць дзясяткі тысяч смерцяў
2020.05.18 11:52

Каментуе Пётр Рудкоўскі:

«Прайшлі тыя часы, калі Захад вельмі актыўна ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх або парламенцкіх кампаніях у Беларусі. Цяпер справа вельмі простая: мы супрацоўнічаем з Беларуссю на прагматычных умовах – гэта значыць, з тымі, хто выконвае рэальную ўладу, мінус пэўныя перагібы. То бок не падтрымліваем рэчаў, якія ідуць насуперак нашым базавым каштоўнасцям».

Разумеючы гэта, улады могуць пайсці на абсалютна выйгрышны сцэнар – дапусціць да выбараў людзей з абсалютна мірнай пазіцыяй, тым самым стварыўшы уражанне як нейкай канкурэнцыі, гэтак і дэмакратычнасці.

«Тыя людзі, якім ужо абрыдла гэтая ўлада, гэты рэжым, якія не разбіраюцца ў палітычных працэсах, якія не захопленыя звышкаштоўнымі ідэямі кшталту незалежнасці, беларускай мовы і гэтак далей, – яны бачаць нейкіх прывабных асобаў і цягнуцца за імі. І пратэст, так бы мовіць, назапашваецца на іх. А іх функцыя ў тым, каб «зліць» гэты пратэст, спыніць яго», – мяркуе Уладзімір Мацкевіч.

Стратэгія граматная. І пакуль выглядае на тое, што гэты план рэжыму цалкам спраўджваецца. Бабарыка і Цапкала дазволяць стварыць ілюзію альтэрнатывы і забяспечаць яўку беларусаў на выбарах, чаго без гэтай гульні цяжка дабіцца ва ўмовах эпідэміі каронавіруса.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Сюжэт з праграмы «ПраСвет» ад 22.05.2020

Іншыя тэмы выдання:

Калаж з фота: Natalia Fedosenko/TASS/Forum, Alexander Nikonov/Forum

 

Стужка навінаў