ГУБАЗіК: у адвакаткі галоўнага інжынера МЗКЦ знайшлі зброю


Працаўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС падчас ператрусу ў адвакаткі галоўнага інжынера МЗКЦ Андрэя Галавача знайшлі пісталет «Walter» mod. 1938 (Р.38) і патроны да яго. Паводле экспертызы, агнястрэльная зброя з’яўляецца прыдатнай для стральбы, паведаміла прэс-служба МУС Беларусі.

Супраць адвакаткі распачалі крымінальная справа па ч. 2 арт. 295 КК Рэспублікі Беларусь (незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў).

Пісталет, што знайшлі ў адвакаткі. Крыніца – mvd.gov.by

Імя адвакаткі ў паведамленні не называецца. Аднак МУС адзначае, што гаворка ідзе пра абаронцу Андрэя Галавача, намесніцу старшыні Менскай гарадской калегіі адвакатаў. Імаверна, што маецца на ўвазе Вера Арэшка, што больш за 20 гадоў працуе ў адвакатуры.

Скрыншот з сайту МГКА. Вера Арэшка – адзіны намеснік старшыні калегіі

Раней СМІ паведамілі, што ў дачыненні да адвакаткі распачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 407 (наўмыснае разгалошванне звестак папярэдняга следства асобай, папярэджаным ва ўстаноўленым законам парадку аб недапушчальнасці іх раскрыцця) Крымінальнага кодэксу. Цяпер гэтыя звесткі пацвердзілі ў МУС.

«Злачынствы адвакаткі былі задакументаваныя ў той час, калі яна прадстаўляла інтарэсы падследнага Андрэя Галавача, былога галоўнага інжынера ААТ «МЗКЦ». У прыватнасці, абаронца распаўсюдзіла трэцім асобам звесткі па крымінальнай справе, у сувязі з чым сама стала падазраванай», – адзначылі ў ГУБАЗіК.

  • У траўні ў судзе Першамайскага раёну Менску распачаўся працэс Галавача, якога абвінавачваюць у атрыманні хабараў на суму ў 192 200 долараў і 35 000 еўраў. Па версіі следства, падзеі адбываліся з 2008 па 2015 год.
  • Андрэй Галавач знаходзіцца за кратамі пяты год. Ягоны выпадак нават дасведчаныя адвакаты называюць унікальным і не памятаюць падобных гісторыяў, калі б яшчэ чалавека трымалі ў СІЗА столькі часу. У лютым 2018 года галоўнаму інжынеру МЗКЦ быў вынесены апраўдальны прысуд, але ён тут жа быў затрыманы па падазрэнні ў іншым карупцыйным злачынстве. Галоўны інжынер МЗКЦ віну не прызнае.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў