«Жорж, калі табе кінатэатр вернуць?» Незвычайны лёс пачынальнікаў кінапракату ў Горадні


Найстарэйшы ў Горадні кінатэатр «Эдэм», які адкрыўся яшчэ ў 1914 годзе, ніколі не змяняў свайго профілю: больш за стагоддзе тут круцяць кіно. Мы знайшлі ўнука заснавальніка кінатэатру ды распыталі пра пакручасты лёс ягонай сям’і.

Георгій Манастырскі. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Сустрэчу з намі Георгій Барысавіч Манастырскі, якому зараз 73 гады, прызначыў ля ўваходу ў колішні «Эдэм». У перадваенны час кінатэатр бясконца змяняў уласнікаў і назвы: «Палац», «Палонія», «Пан» ды інш. Затое з прыходам савецкай улады стабільна замацавалася і назва «Чырвоная зорка», і дзяржава ў якасці ўласніка.

Георгій Манастырскі каля кінатэатру, заснавага ягоным дзедам. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Сёння ў фае кінатэатру працуе невялічкая музейная экспазіцыя, дзе можна ўбачыць старыя афішы, кіначасопісы і нават уласныя рэчы заснавальніка ўстановы – Сяргея Мікалаевіча Манастырскага. Некаторыя сямейныя фотаздымкі ды нават срэбраны кішэнны гадзіннік свайго дзядулі сюды перадаў Георгій Манастырскі, наш суразмоўца. У кінатэатры яго добра ведаюць і заўжды чакаюць: выдалі нават пасведчанне пачэснага гледача за нумарам «1», з правам бясплатна хадзіць на сеансы.

Дзверы ў кінатэатр як дзверы ў сямейнае мінулае . Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Дзядуля з бабуляй склаліся і збудавалі кінатэатр!»

«Гісторыя маёй сям’і не сказаць, каб павучальная, але займальная – з трагічнымі ноткамі, – пачынае расповед Манастырскі. – А хто без трагедыі? У кожнай сям’і свая…»

Сямейнае мінулае наш герой ведае з расповедаў бацькі і роднага дзядзькі – Міхаіла Мікалаевіча, які жыў і памёр у Вільні. Зрэшты, з Манастырскіх у Горадні застаўся толькі адзін Георгій, рэшта – раскіданыя па ўсім свеце, ад Аўстраліі да Канады.

Пасведчанне ганаровага гледача. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Калі пачынаць здалёк, то мой прадзядуля быў памочнікам пракурора ў Наваградку, ягоны брат – чальцом Сената ў Пецярбургу, – распавядае Георгій Барысавіч. – Дзядуля, Сяргей Мікалаевіч, служыў у Ковенскім палку, выйшаў у адстаўку ў чыне штабс-капітана. На пачатку 1913-га яны пераехалі ў Горадню, бабуля тады была цяжарная маім татам. Сяргей Мікалаевіч атрымаў адстаўныя грошы, а ягоная жонка прадала палову маёнтку ў Саратаўскай губерні. Склаліся – і ўзяліся будаваць кінатэатр».

Некаторыя сямейныя рэліквіі Георгій Манастырскі перадаў кінатэатру. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Варта адзначыць, што гэта быў кінатэатр у рэгіёне, збудаваны па тыпавым праекце. Справа ў тым, што моднае на той час яшчэ нямое кіно круцілі, але ў рэстаранах ці прыватных памяшканнях, не прызначаных для гэтага. А тут – сапраўдны кінатэатр! Сенсацыя нават для губернскай на той момант Горадні.

Палкоўнік «ля разбітага карыта»

«Першая сусветная, мабілізацыя, дзядулю – зноўку ў войска, – працягвае Манастырскі. – Ён даслужыўся да палкоўніка. Калі пачалася Грамадзянская вайна, то ён не пайшоў служыць ані да белых, ані, тым больш, да чырвоных. Казаў, што супраць братазабойства. Ужо ў 1920-ых яму прапаноўвалі служыць у Польскім войску, але ён зноўку адмовіўся, маўляў, прысягу можна даваць толькі аднойчы. Так і апынуўся ля разбітага карыта».

Георгій Манастрыскі паказвае фота дзеда і бабулі. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Вярнуўшыся ў 1921-ым у Горадню, Сяргея Мікалаевіча чакаў непрыемны сюрпрыз: кінатэатр працаваў, але паводле папераў… ужо яму не належаў. Давесці свае правы ён так і не змог, таму вырашыў паехаць да брата Міхаіла ў Вільню. Той, дарэчы, таксама займаўся там кінасправай, але як саўладальнік. Палкоўнік у адстаўцы паспрабаваў увайсці ў бізнес з братам, але не атрымалася…

Афіша колішняга кінатэатру «Эдэм». Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Са старых кінастужак рабілі «дымавухі»

«Яны вельмі розныя былі паводле характару: родны дзядуля Сяргей і дзядуля Міша, – тлумачыць Георгій Барысавіч. – Першы любіў рамантычнае кіно, лірыку, пра каханне. Другі – пра бандытаў, страляніну, вестэрны! Жонка Міхаіла казала, што ёй у кінатэатры ў Вільні даводзілася штомесяц мяняць касірак: вельмі нераўнадушны да жаночага полу быў дзядуля! Карацей, поўныя супрацьлегласці».

Заснавальнік кінатэатру Сяргей Манастырскі з жонкай. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

З пяці год Георгій Барысавіч бываў на хутары пад Вільняй у дзядулі Мішы, праводзіў там па два летніх месяцы штогод. Памятае нават, што на паддашшы ляжалі бабіны са старымі кінастужкамі, каля 20 штук! Зразумела, што сёння гэта была б знаходка на вагу золата, але на той час 11-гадовыя хлапчукі наўпрост рабілі з іх «дымавухі».

«Выкарыстоўвалі паводле наўпроставага прызначэння!» – жартуе наш суразмоўца.

Гадзіннік Сяргея Мікалаевіча Манастырскага. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Шкадую, што СССР не разваліўся на 10 год раней…»

Лёс вельмі па-рознаму склаўся для Манастырскіх, але ў выніку амаль не пакінуў прадстаўнікоў роду на тэрыторыі Расеі ці Беларусі. Адзін дзядзька нашага героя служыў у польскім войску, перажыў нямецкі палон, а пасля вызвалення савецкімі войскамі быў адпраўлены ў Сібір на таварным цягніку.

– Дзядзя Шура казаў, што калі іх састаў стаяў у Маскве, то падыходзілі жанчыны з дзецьмі і тыкалі: «Здраднік, здраднік!», а неяк уначы наагул падпалілі вагоны…, – узгадвае Георгій Барысавіч. Пасля вяртання з Сібіры дзядзька пераехаў у Польшчу.

Георгій Манастырскі. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Іншы дзядзька, Мікалай Сяргеевіч, скончыў універсітэт у Празе, ажаніўся на чэшцы. Яны не мелі дзяцей, затое дзядзька меў добрую фізічную форму: у 1950-ым разам з жонкай яны перайшлі чэска-аўстрыйскую мяжу і хутка апынуліся ў Канадзе. Там Мікалай Сяргеевіч працаваў на фірме, што займалася вырабам самалётаў і планераў. Сваякі з СССР нават ездзілі да яго ў 70-80-ыя.

«…Цёця Ніна апынулася ў Нью-Ёрку, цёця Таня – у Познані, – працягвае Георгій Барысавіч. – Атрымліваецца як у старым савецкім анекдоце, калі пытаюць у Абрама: «Ці маеш родных за мяжой?» Ён: «Не-е-е!» Яму кажуць: «Як так, а ў Тэль-Авіве?» Абрам не губляецца: «Дык гэта я за мяжой, а яны на радзіме!» Так і ў нашай сям’і атрымалася: Аўстралія, Канада, Штаты, Польшча… Я толькі пра адно шкадую: калі б СССР разваліўся на 10-12 год раней, то сам бы паехаў у Канаду».

У музеі кінатэатру «Чырвоная зорка». Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Манетка, каб вярнуцца

Георгій Барысавіч прызнаецца, што ва ўніверсітэце яго часам дражнілі: «Як там твой кінатэатр?», «Быў у тваім кінатэатры!», «Калі ж табе яго вернуць?». Нашчадак законнага ўладальніка аджартоўваўся, маўляў, хутка вернуць, не перажывайце. У Горадні былі іншыя кінатэатры, але сам ён, ведаючы сямейную гісторыю, абіраў менавіта гэты:

«Зараз з унукам пару разоў прыходзіў. Адчуваю тут… спакой нейкі. І радасць, што гэта ўсё засталося, што людзі, якія тут працуюць, яшчэ нешта шануюць, імя Сяргея Манастырскага не забытае. Цешуся, што мы з вамі зараз можам тут сядзець і размаўляць… Але час ідзе: інтэрнэт не блага зніжае прагляды ў кінатэатрах. Ці будзе ён яшчэ праз 100 год? Я не ведаю… Хацелася б, каб быў. У нешта трэба верыць».

У залі кінатэатра. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Размова ў буфеце кінатэатру, лічы, скончаная. Кава дапітая. Цётачка-буфетчыца ўздыхае: «Вас заслухацца можна…» і дае манеткамі рэшту за кубачак кавы. Георгій Барысавіч Манастырскі адну манету па традыцыі пакідае на стойцы – каб вярнуцца.

Алесь Кіркевіч, фота Васіль Малчанаў Belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары