Грузінскія журналісты апранулі чорныя мяшкі на галаву ў знак пратэсту і салідарнасці са скрадзеным калегам


Падчас ток-шоу «Archevani» (Выбар) у эфіры грузінскага тэлеканалу RUSTAVI2 вядоўца Гіоргі Габунія апрануў на галаву чорны пластыкавы мяшок у знак салідарнасці з азербайджанскім журналістам Афганам Мухтарлы, скрадзеным у Тбілісі і дастаўленым у турму ў Баку.

«Мы пачынаем нашае шоу з пратэсту з нагоды «знікнення» нашага калегі – азербайджанскага журналіста – з цэнтру Тбілісі і яго «з’яўлення» у турме Баку. Як стала магчымай такая «тэлепартацыя» без аніякай рэгістрацыі на мяжы?», – сказаў вядоўца.

Журналісты, што прысутнічалі ў студыі, таксама апранулі чорныя мяшкі і ўзнялі плакаты з заклікам «вызваліць Афгана».

У якасці госця на перадачу запрасілі намесніка кіраўніка МУС Грузіі Шалву Хуцышвілі, ён мусіў адказваць на пытанні праз Skype-сувязь. Убачыўшы акцыю пратэсту журналістаў, чыноўнік сышоў.

«Мне падаецца, што Вы вядзеце гэтае інтэрвю ў няправільным кірунку. Я сыходжу. Дзякуй і давайце гэта скончым», – сказаў Хуцышвілі.

Афган Мухтарлы – азербайджанскі журналіст, які спецыялізаваўся на расследаваннях. З 2015 году ён жыў у выгнанні ў Тбілісі. 29 траўня жонка Мухтарлы паведаміла ў паліцыю пра ягонае знікненне. На наступны дзень стала вядома, што журналіст знаходзіцца ў ізалятары ў Баку: яго абвінавачваюць у кантрабандзе, незаконным перасячэнні мяжы і гвалце ў дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў.

Паводле адваката Мухтарлы, яго скралі людзі ў цывільным, зацягнулі ў машыну з чорным мяшком на галаве і вывезлі ў Азербайджан.

 

КА, belsat.eu

Стужка навінаў