Грузін зрабіў музей вайны ў спаленым расейцамі доме



Вёска Эргнэці месціцца на самай мяжы з Паўднёваю Асеціяй. Па сутнасці апошнія дамы тут стаяць ужо на лініі размежавання. Гэтую вёску першую захапілі расейскія вайскоўцы, калі рухаліся ў бок Тбілісі ў жніўні 2008 года. Гіёргі Члачыдзэ разам з сям’ёй у першыя дні вайны з’ехаў з вёскі. Калі вярнуўся – ад дому застаўся толькі падвал. Пасля вайны ён стварыў у ім музей.

«У гэтым доме мы жылі ўсёй сям’ёй. Страляніна была апошнія месяцы, але сяло мы пакінулі толькі 7 жніўня, бо не было сэнсу ўжо заставацца. Мы не маглі вярнуцца, пакуль тут былі расейскія вайскоўцы, вярнуліся прыблізна ў пачатку кастрычніка, жыць тут было немагчыма. Засталіся толькі зруйнаваныя муры. Пару гадоў таму мы аднавілі наш дом, дзе мы жылі да вайны», – распавядае жыхар грузинскай вёскі Эргнэці Гіёргі Члачыдзэ.

Рэчы захаваліся з часоў расейска-грузінскай вайны. Іх збіралі па ўсёй вёсцы.

«Посуд, які захаваўся пасля бамбаванняў… швейная машынка, якая захавалася, дарэчы, усё яшчэ працуе. Гэта драўляныя балкі падмурку дома, якія згарэлі, калі палілі дом», – паказвае Гіёргі.

Гіёргі паказвае сведчанне таго, што, калі б не ўцёкі, уладальнікі гэтага дому маглі б не перажыць вайны:

«Фрагменты касетных бомбаў, якія забароненыя ўва ўсім свеце».

З Эрнэці нашая здымачная група накіроўваецца ў горад Горы, які дзесяць гадоў таму атакавалі расейцы, каб паразмаўляць з мясцовымі жыхарамі.

«Вайна, гэта была вайна… Мы хацелі ісці наперад, развівацца, а ўсё пайшло назад».

Валавы ўнутраны прадукт Грузіі да вайны складаў амаль 13 мільярдаў долараў, цяпер, нават пасля стратаў часткі тэрыторыяў ВУП краіны 15 мільярдаў. Калі ў пераліках на аднаго чалавека сярэдні грузін за год мае крыху больш за 4 тыс долараў, беларус амаль 6. Дзяржвыдаткі афіцыйнага Тбілісі змяніліся, тлумачыць журналіст Гога Апцыяуры. Сярод іншага, дзяржава дапамагае вымушаным перасяленцам – тым, хто не змог вярнуцца ў свае дамы.

«У 2008 годзе ў Грузіі з’явіліся новыя ўцекачы. Усе гэтыя людзі, які цяпер жывуць у новых дамках, катэджах, яны ўсе выхадцы з акупаваных тэрыторыяў, а іхныя дамы былі папросту спаленыя і пасля зруйнаваныя бульдозерамі», – кажа Гога Апцыяуры.

На мяжы з акупаванай Расеяй Паўднёвай Асеціяй, побач са сталіцаю адарванага ад Грузіі рэгіёну Цхінвалам, ідуць перамовы. Пасярэднікі – еўрапейская гуманітарная місія. Тэма – адкрыццё пераходаў для мясцовых жыхароў з Грузіі ў Паўднёвую Асецію і наадварот. Такіх перамоваў тут не было апошнія два месяцы. Вынікаў прагназаваць ніхто не наважваецца. Сустракаць Новы год тут будуць з межамі, якія Расея імкнецца незаўважана адсунуць усё глыбей у бок Тбілісі.

Ігар Кулей, Дзяніс Дзюба, Аркадзь Несцярэнка, belsat.eu

Фота: REUTERS / David Mdzinarishvili / FORUM

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою:

Глядзі таксама
Каментары