«GrupaWsparcia.pl для Беларусі» – дапамога онлайн


Фота: Grupa Wsparcia.pl

Праграма ўсебаковай дапамогі беларускім эмігрантам (псіхалагічная і юрыдычная дапамога, а таксама кансультаванне ў пошуку працы і жылля) была запушчаная Фондам ADRA Polska. Атрымаць падтрымку, якую яна аказвае, магчыма на новай інавацыйнай платформе.

Цяжкі пачатак эміграцыі

Праз чатыры месяцы пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ўсё яшчэ працягваюцца акцыі пратэсту, і многія грамадзяне адчуваюць пагрозу і разглядаюць магчымасць пакінуць сваю радзіму. Беларусы, якія прыязджаюць у Польшчу, сутыкаюцца з сітуацыяй, што нясе ў сябе шматлікія цяжкасці: пачынаючы ад нявызначанасці, звязанай з працэсам легалізацыі статусу бежанца, праз псіхічны цяжар выезду з краіны, праблемы з пошукам працы, школы для дзяцей, і заканчваючы моўным бар’ерам.

Юрыдычную дапамогу, парады па працы, адукацыю і псіхалагічную падтрымку прапануюць шматлікія арганізацыі ў Польшчы. Аднак знайсці неабходную інфармацыю і індывідуальныя формы дапамогі складана.

Hавiны
«Мэта – выжыць і застацца на свабодзе». Як беларускія ўцекачы хаваюцца ў Польшчы
2020.10.18 14:30

Фонд ADRA Polska аб’ядноўвае намаганні з іншымі арганізацыямі, што дапамагаюць беларусам, якія прыязджаюць у Польшчу. Яго праект «GrupaWsparcia.pl для Беларусі» абʼядноўвае асобныя элементы працэсу, праз які праходзяць беларусы, якія плануюць пасяліцца ў Польшчы. Гэта істотна палегчыць доступ да ўсіх відаў дапамогі, а таксама зробіць магчымым непасрэдны і хуткі кантакт з канкрэтнымі арганізацыямі, якія прапануюць дапамогу ў пэўных галінах.

– Арандаваць пакой ці знайсці працу значна прасцей дзякуючы наладам месцазнаходжання, а дзякуючы аўтаматычнаму перакладу моўны бар’ер ужо не зʼяўляецца перашкодай у зносінах паміж грамадзянамі Беларусі і Польшчы, – тлумачыць Якуб Юшчык з фонду ADRA Polska. – Выгады ад праекту таксама адчуюць грамадзяне Польшчы праз садзейнічанне працаўладкаванню імігрантаў з Беларусі і здачу ў арэнду нерухомасці. Праект таксама накіраваны на фармаванне пачуцця супольнасці і ўзаемнай адкрытасці і падтрымкі паміж грамадзянамі абедзвюх краін.

Як гэта працуе?

Карыстальнікі парталу будуць атрымліваць псіхалагічную падтрымку дзякуючы бясплатным групавым онлайн-сустрэчам, якія праводзяцца псіхолагам у форме аўдыё, і пры дапамозе індывідуальных сустрэч – псіхалагічных і псіхатэрапеўтычных кансультацый, якія праводзяцца таксама праз інтэрнэт. Праект таксама прадугледжвае бясплатную юрыдычную кансультацыю ад юрыста са шматгадовым досведам. Элементы праекту рэалізаваныя праз партал GrupaWsparcia.pl, якім кіруе Фонд ADRA Polska.

– Гэта сацыяльная сетка, якая дапамагае змагацца з праблемамі і дае карыстальнікам прастору для ўзаемнай падтрымкі. На GrupaWsparcia.pl карыстальнікі могуць у чаце ў любы час дня і ночы дзяліцца тым, што не дае ім спаць спакойна, і атрымліваць падтрымку, – запэўніваюць прадстаўнікі Фонду. – Падтрымка і разуменне, якія можна атрымаць ад іншых членаў суполкі GrupaWsparcia.pl, дапамагаюць перамагчы пачуццё адзіноты і з большымі сіламі змагацца з паўсядзённымі цяжкасцямі.

З думкай пра больш мабільных людзей будзе запушчаны дадатак для смартфонаў на польскай і расейскай мовах, з магчымасцю рэгістрацыі на партале і дадання і пошуку прапаноў падтрымкі. Дзякуючы гэтаму дапамога заўсёды будзе пад рукой.

Праект быў прафінансаваны Фондам Міжнароднай Салідарнасці ў рамках польскага супрацоўніцтва ў галіне развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.

Фонд ADRA Polska – дабрачынная грамадская арганізацыя, створаная ў 2009 годзе. Гэта польскае аддзяленне міжнароднага фонду ADRA, якое ў цяперашні час працуе ў 118 краінах свету. Яго мэта – дапамагчы людзям, якія маюць патрэбу, здабыць самастойнасць праз дзейнасць у галіне адукацыі і аховы здароўя, арганізацыю сродкаў да існавання, а таксама аказанне дапамогі ў сферы развіцця і гуманітарнай дапамогі ў рэгіёнах, якія пацярпелі ад стыхійных бедстваў. У 2019 годзе ў межах 13 праектаў Фонд ADRA Polska, сярод іншага, аказаў дапамогу ў Танзаніі, Кеніі, Украіне, Грузіі і Польшчы больш за 3000 чалавек – у асноўным сіротам і дзецям у нястачы.

ЧГ/ЮМ belsat.eu

Стужка навінаў