Грукат «шкілета», які падае: Гаага ўсё бліжэй

Шкілеты з шафаў выпадаюць з грукатам.

Але ціхаму голасу генерала Вадзіма Зайцава наканавана ўспрымацца як грукату ад падзення цэлай партыі шкілетаў у начной цішыні. Калі, вядома, гэта голас Вадзіма Юр’евіча.

Мне давялося двойчы гутарыць з ім. У студзені 2011 года. У першы раз, так бы мовіць, у «планавым» парадку: аўдыенцыя ў старшыні КДБ павінна была пераканаць мяне ў тым, што начальнік нефармальнай следчай групы (фармальна бо група ўзначальвалася падпалкоўнікам МУС) сапраўды можа нешта абяцаць і гарантаваць. А другі раз генерал спецыяльна (верагодна) прыехаў у кабінет у свой выхадны дзень, паколькі падследны Фядута абвясціў медыкаментозную «галадоўку», а ў лісце да жонкі ўпершыню папрасіў правесці прэс-канферэнцыю з гэтай нагоды.

Акцыя салідарнасці з працаўнікамі МТЗ. Менск, Беларусь. 14 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Голас сапраўды быў ціхім. Сам генерал хадзіў вакол стала, так што я быў вымушаны круціць галавой, каб лепш яго чуць. А тут, мяркуючы па злітым у інтэрнэт запісу працоўнай нарады, чалавек з голасам Вадзіма Юр’евіча Зайцава спакойна сядзіць за сваім сталом, так што запіс роўны і надзейны, і абмяркоўвае…

Там некалькі цікавых рэчаў – у гэтым абмеркаванні.

Напрыклад, існаванне нейкага спецрахунку, якім распараджаецца асабіста прэзідэнт. З гэтага спецрахунку могуць фінансавацца некаторыя нелегальныя аперацыі як на беларускай тэрыторыі, так і на тэрыторыі замежных дзяржаў. Калі, вядома, мы чуем голас генерала Зайцава.

Аўто, у якім ехаў Павел Шарамет.
Фота: Valentyn Ogirenko / Reuters / Forum

Па-другое, у 2012 годзе абмяркоўваецца магчымасць фізічнай ліквідацыі Паўла Шарамета, што адбылася, як мы ведаем, у дакладнасці з апісаным сцэнарам на тэрыторыі Украіны праз чатыры гады. Павінен прызнацца: паколькі я дагэтуль быў перакананы, што ў дачыненні да Шарамета беларускія спецслужбы нічога падобнага не планавалі, магчымасць падобнай аперацыі, каардынаванай з Менску, мяне нейк напружыла. Але, як я разумею, напружыла яна і ўкраінскія спецслужбы – прычым у яшчэ большай ступені.

Нарэшце, важна тое, што голас адказнай асобы, якая вядзе нараду, вызначаецца аўтарамі «зліву» як голас старшыні КДБ. У мяне няма сумненняў у тым, што і ў яго кабінеце, і ў кабінетах і пакоях адпачынку шэрагу іншых вышэйшых службовых асоб Беларусі (і не толькі) запісы ажыццяўляюцца практычна кругласутачна. Але гэта азначае, што «зліў» быў санкцыянаваны кімсьці дастаткова магутным, хто знаходзіцца ў бяспецы. Ці, ва ўсякім выпадку, упэўнены ў тым, што рука Аляксандра Лукашэнкі да яго не дацягнецца.

Hавiны
У 2012 годзе КДБ планаваў ліквідацыю апанентаў Лукашэнкі за мяжой?
2021.01.04 12:26

Адна з галоўных версій, вядома ж, – рука Крамля. Маўляў, Лукашэнка перакананы, што цалкам кантралюе сітуацыю, а таму варта «падвесіць» яго, каб быў больш паслухмяны і ўсё-ткі пайшоў на канстытуцыйную рэформу і на ўласную адстаўку з наступнай эміграцыяй. Гэта лагічна. Спачатку дзейнае асяроддзе Лукашэнкі абвінавачваецца ў тым, што, перапіўшы масандры, занялося выкраданнем і забойствам грамадзян Беларусі. Але гэта – унутраная справа краіны, пры ўсёй жахлівасці самога падобнага дапушчэння. А цяпер гаворка ідзе ўжо аб падрыхтоўцы спецаперацый з ліквідацыяй палітычных апанентаў (Барадач, Алкаеў, Шарамет) на тэрыторыі іншых дзяржаў. Гэта пытанне міжнароднай падсуднасці, і калі сапраўднасць запісу будзе даказаная, а прыналежнасць галасоў «супрацоўніка 1» і «супрацоўніка 2» верыфікаваная, то шлях кіраўнікоў беларускай дзяржавы ў Гаагу скарачаецца, прынамсі, удвая.

Юры Захаранка

Што застаецца Лукашэнку? Стаць крыху болей падатлівым і рэальна пачаць канстытуцыйную рэформу. Таму што можна планаваць з’яўленне іншых запісаў. Напрыклад, споведзі каго-небудзь, хто ведае аб абставінах знікнення Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Нябожчык Васіль Лявонаў распавядаў мне аб тым, што бачыў падобны запіс – прычым менавіта ў Расеі. Затым можна дапусціць, што існуе запіс працоўнай нарады ў кабінеце міністра ўнутраных спраў Анатоля Куляшова, якінекалі голасна заявіў, што менавіта ён нясе адказнасць за падзеі на плошчы Незалежнасці ў снежні 2010 года і за збіццё кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева, якое ім папярэднічала. Нарэшце, можна чакаць, што пральецца на свет божы і якая-небудзь з нарадаў з удзелам кіраўніка дзяржавы, пра змест якой мы нават не падазраем.

Грукату становіцца ўсё больш. Стратэгічныя запасы масандры ў падвалах расейскай амбасады заканчваюцца. Застаецца спадзявацца, што папкорн для назіральнікаў падвязуць своечасова. Але ад паслуг «Космос ТВ» я адмовіўся досыць даўно. На ўсялякі выпадак.

Аляксандр Фядута/АА belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў