Грошы знайшліся. Пасля публікацыі на «Белсаце» аварыйны ходнік у Віцебску адрамантавалі


Сцежкі каля прыпынку «Вуліца 9-ая Сацыялістычная» адрамантавалі так, што па іх немагчыма было хадзіць. Рамонтнікі скардзіліся на адсутнасць грошай і прасілі пачакаць.

Вынік скончанага рамонту ходнікаў на вуліцы Максіма Горкага ў Віцебску.
Фота: Belsat.eu

Пасля таго, як на Belsat.eu выйшаў артыкул пра кепскі рамонт ходніку ў Віцебску, арганізацыя «Гардармост» усё ж такі знайшла грошы і правяла амаль якасны рамонт. Нагадаем, мясцовыя жыхары скардзіліся на тое, што каля прыпынку «Вуліца 9-ая Сацыялістычная» дарожныя службы засыпалі ходнікі старым асфальтам. Хадзіць па гэтаму было немагчыма. Рамонтнікі ў сваю чаргу наракалі: не хапае грошай, але як толькі з’явяцца, то адразу ўсё адрамантуем.

Новыя асфальтаваныя сцежкі на месцы былых ямаў.
Фота: Belsat.eu

Пасля публікацыі на Belsat.eu прайшоў тыдзень.

– Цяпер гэта сапраўды нагадвае дарожку, па ёй можна спакойна хадзіць і не баяцца, што ўпадзеш і разабʼеш сабе лоб. Чаму адразу нельга было зрабіць так? – дзеліцца ўражаннямі ад праведзенага рамонту мясцовая жыхарка.

Новы асфальтаваны ходнік на прыпынку «Вуліца 9-ая Сацыялістычная» у Віцебску.
Фота: Belsat.eu

Мінакі задаволеныя, але недахопы ў рабоце дарожнікаў усё яшчэ ёсць: асфальт паклалі не зусім роўна, і таму на ім у дождж утвараюцца лужы:

Лужы на новым асфальце.
Фота: Belsat.eu

– Маглі хаця б ж роўна пакласці [асфальт. – Belsat.eu], каб лужы не стаялі. Ці зрабіць схіл, каб вада сама сцякала са сцежкі. А так, паглядзіце: даводзіцца стаяць у вадзе, – кажа абураная жанчына, якая чакае транспарту на прыпынку.

Лужы на новым асфальце.
Фота: Belsat.eu

Калі побач з аўтобусным прыпынкам дарожнікі паклалі новы асфальт, далей гэтага ўчастка работы не працягнуліся. І на іншых канцах вуліцы ходнік па-ранейшаму застаецца не ў найлепшым стане.

Рамонт закрануў толькі невялікі ўчастак ходніка.
Фота: Belsat.eu

Праведзены рамонт сапраўды нельга назваць дасканалым, але цяпер ходнікам можна карыстацца і не баяцца за сваё здароўе. Мясцовыя жыхары гэта заўважаюць і выказваюць падзяку «Белсату» за дапамогу.

Чытачы «Белсату» дзякуюць за тое, што пасля публікацыі сцежкі адрамантавалі

Віктар Старавойтаў Belsat.eu

Стужка навінаў