«Грошы проста з’ядаюцца». Што і хто замінаюць расці беларускай эканоміцы?


Аляксандр Чубрык.
Фота: СВ, belsat.eu

Да 2025 году валавы ўнутраны прадукт Беларусі мусіць вырасці да $ 100 млрд. Але па выніках 2018 года ВУП дасягнуў толькі $ 60 млрд. Ды і за першае паўгоддзе гэтага году рост склаў усяго 0,9 % пры прагнозе на год 4 %. Ці атрымаецца выйсці на запаветныя лічбы і што гэтаму перашкаджае, абмеркавалі 19 ліпеня падчас прэс-сняданку, арганізаванага Даследчым цэнтрам ІПМ, паведамляе карэспандэнт belsat.eu.

Hавiны
У Беларусі запаволіўся і так павольны рост ВУП
2019.07.17 19:35

Паскарэннем росту пакуль не пахне

Як адзначыў дырэктар цэнтру Аляксандр Чубрык, пры захаванні дзейных тэмпаў інфляцыі і тэмпаў абясцэньвання рубля да долара ў памеры 1 % за год, штогод ВУП мусіць прырастаць на 2,6 %, каб дасягнуць $ 100 млрд у 2025 годзе. Калі абясцэньванне рубля да долара будзе складаць 4 %, то пры той жа інфляцыі эканоміцы трэба будзе расці штогод на 5,7 %.

Аляксандр Чубрык.
Фота: СВ, belsat.eu

Але ж, заявіў ён, калі павялічыць дапушчэнні адносна інфляцыі і абясцэньвання рубля, рост ВУП да $ 100 млрд робіцца недасягальным. Таму перадумовай росту эканомікі мусіць быць эканамічная стабільнасць, падкрэсліў дырэктар Даследчага цэнтру ІПМ.

Эксперт адзначыў, што паскарэннем росту з кароткатэрміновых паказнікаў «пакуль не пахне зусім». Гэтага нябачна ні з развіцця эканомік вобласцяў Беларусі, ні з чаканняў прадпрыемстваў. Таксама не даводзіцца разлічваць і на тое, што актыўным гульцом у эканоміцы можа стаць бюджэт, бо яго даходы ідуць на пагашэнне вонкавага доўгу.

Прагнозныя і фактычныя тэмпы росту ВУП Беларусі. Скрыншот з прэзентацыі Аляксандра Чубрыка

Да таго ж рост заробкаў апярэджвае рост вытворчасці, а разрыў у заробках паміж Менскам і рэгіёнамі спрыяе міграцыі людзей у сталіцу і суседнія краіны. Ёсць вялікія пытанні ў эксперта і да росту інвестыцыяў.

«Нават без усялякіх вонкавых шокаў, калі не мяняць нічога ў сённяшняй эканамічнай палітыцы, мы з кароткатэрміновай дынамікі не бачым ніякіх нагодаў для таго, каб выйсці хаця б на 2,6 % за год», – заявіў Аляксандр Чубрык і дадаў, што для дасягнення лічбы ў $ 100 млрд неабходныя рэформы.

Падчас прэс-сняданку.
Фота: СВ, belsat.eu

Інвестыцыі прыносяць страты

У сваю чаргу начальніца Упраўлення даследаванняў Нацыянальнага банку Наталля Мірончык назвала тэму росту ВУП ключавой для беларускай эканомікі. Паводле яе, Беларусь развіваецца вельмі інерцыйна і не гнутка, што пагражае росту дабрабыту ў доўгатэрміновай перспектыве.

Наталля Мірончык.
Фота: СВ, belsat.eu

Прычыны гэтага прадстаўніца Нацбанку бачыць у нізкай прадукцыйнасці, у выніку чаго грошы, якія ўкладваюцца ў эканоміку, не даюць неабходнай аддачы і «проста з’ядаюцца».

«На ўкладзены рубель мы ў выніку атрымліваем толькі 90 капеек», – адзначыла яна.

У якасці выхаду з сітуацыі Наталля Мірончык назвала правядзенне структурных рэформаў. У прыватнасці, на яе думку, трэба павышаць эфектыўнасць дзяржаўных прадпрыемстваў, удасканальваць карпаратыўнае кіраванне, аддзяляць права ўласнасці і рэгулятару на дзяржаўных прадпрыемствах, павялічваць дыверсіфікацыю экспарту і праводзіць дэманамапалізацыю.

Частка прэзентацыі Наталлі Мірончык адносна неэфектыўнасці фінансавага стымулявання росту. Скрыншот

Наталля Мірончык нагадала, што ў індэксе глабальных інавацыяў паводле іх эфектыўнасці Беларусь знаходзіцца на апошніх пазіцыях у свеце. Каб павысіць гэтыя паказнікі, на яе думку, неабходна ўкладваць грошы ў развіццё чалавечага патэнцыялу, інвеставаць у адукацыю і павышаць кваліфікацыю дзейнай працоўнай сілы.

Наталля Мірончык.
Фота: СВ, belsat.eu

Пры гэтым прадстаўніца Нацбанку падкрэсліла, што нельга імкнуцца павялічыць рост эканомікі за кошт манетарнай палітыкі. Цэнавая і фінансавая стабільнасць – гэта задатак паспяховага росту ў перспектыве, сказала яна.

Друкаваць нельга ствараць

Пазаштатны навуковы эксперт Упраўлення даследаванняў Нацыянальнага банку Міхаіл Дземідзенка ў сваю чаргу заявіў, што ранейшыя спробы «надрукаваць» рост ВУП з дапамогай наўпроставых уліванняў, паказалі, што можа атрымацца дасягнуць кароткачасовага росту эканомікі і заробкаў. Але разам з гэтым пачнуць назапашвацца дысбалансы ў эканоміцы, вонкавым гандлі, пачне расці дзяржаўны доўг і дэфіцыт бюджэту. Усё гэта пачне ціснуць на абменны курс і інфляцыю ды прывядзе да чарговай дэвальвацыі, а праз гэта да падзення тэмпаў росту таго ж ВУП, бо пры нестабільнай інфляцыі вельмі цяжка рабіць фінансавыя ўкладанні ў краіну, падкрэсліў ён.

Мікалай Дземідзенка.
Фота: СВ, belsat.eu

«Трэба разумець, што гэтыя крызісы ў эканоміцы маюць сваю цану, яны не бясплатныя. Эканоміка губляе ў сваім патэнцыяле на некалькі гадоў наперад. Мы будзем расці больш павольна, калі захочам вырашыць праблему, надрукаваўшы грошы і знізіўшы стаўкі, што нам прапануюць гарачыя галовы», – заявіў ён.

Калі ж не «друкаваць», а ствараць ВУП, у першы час рост будзе ўмераным, заробкі не будуць перавышаць прадукцыйнасць, але пачнуць расці інвестыцыі, і самае галоўнае – рост экспарту.

Дынаміка ВУП Беларусі. Скрыншот з прэзентацыі Мікалая Дземідзенкі

«Як толькі мы пабачым, што беларускі экспарт расце не за кошт дзяржпадтрымання, не за кошт стымулявання курсу, як толькі мы навучымся купляць тавары, якія купляюць за мяжой, іх будуць купляць і ў нас, бо яны больш танныя і эфектыўныя», – адзначыў Міхаіл Дземідзенка.

Падчас прэс-сняданку.
Фота: СВ, belsat.eu

Агулам эксперт назваў тры ўмовы, без якіх не атрымаецца стварыць рост ВУП: збалансаваная эканоміка, структурныя рэформы і паляпшэнне бізнес-клімату.

Тым не менш, Міхаіл Дземідзенка лічыць малой верагоднасць таго, што Беларусь зноў наступіць на старыя граблі, якія «ужо ляжаць нават не ў траве, а на паркетнай падлозе ў танцавальнай зале», і будзе друкаваць грошы, каб стымуляваць рост эканомікі.

Падчас прэс-сняданку.
Фота: СВ, belsat.eu

МГ, фота СВ belsat.eu

Стужка навінаў