Грошы не пахнуць?

Павел і Надзея. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

2010 год… Міліцыя і АМАП лупцуюць людзей на Плошчы, а па ўсіх дзяржтэлеканалах ляціць бадзёра-патрыятычная песня гурта Rockerjocker «Саня останется с нами!» Потым Насарогаў ды Сірый будуць казаць пра тое, што яны – па-за палітыкаю, а Саня з песні – не той, пра якога ўсе падумалі… Пытанне: дзе сканчаецца гульня ды пачынаецца прастытуцыя?

Мяне ўразіў фэйсбучны пост Ігара Варашкевіча (гурт «Крама»):

«Пасля Дзядзі Вані і І. Хрушчовай трэба нейкі зварот рабіць?»

Новости
Покупатели магазина Symbal.by: ОМОНа, как коронавируса – сначала боялись, а потом привыкли
2020.06.24 20:25

Я не ведаю, хто такая Хрушчова, а Дзядзю Ваню памятаю па лізаблюдскай песні «Белараша». Цяпер 2020 год і ў краіне адбываюцца грамадскія хваляванні. На грабні хвалі ўжо іншы «пратэстовец» – БТ-вядоўца Дзяніс Дудзінскі, які купляе пачак гарбаты ў краме Symbal.by. Запільвае фоткі ў свой Істаграм ды на Фэйсбук. І з яго робяць героя сучаснасці! Лайкі, смайлікі, пацалункі… Калі заўтра ўлады, крый Божа, намякнуць яму пра наведванне згаданай крамы, то ён апраўдаецца: «я гэта проста набываў гарбату, палітыка ні пры чым».

…Нічога не зменіцца, на жаль. Дзядзя Ваня далей будзе «часаць» з блакітных экранаў пра «партизанскую бороду», спрабуючы няўдала касіць пад Сяргея Чыгракова, а Дудзінскі – скакаць у строі трусіка ды карміць публіку сваім псеўда-італьянскім вобразам. Жыццё працягваецца. Гульня і хайп скончаныя.

А што Ігар Варашкевіч з Лявонам Вольскім? Няхай далей сядзяць па сваіх кватэрах-дамах. Змагарам – змагарскае забыццё. Усё жыццё выказваліся – надакучыла! Натоўпу патрэбныя новыя інтэрнэт-героі, якія сваімі пастамі ў Інстаграме ды Фэйсбуку гуляюць у рэвалюцыю. Пад час прагляду сацыяльных сетак валасы на галаве ўздымаюцца! Учорашнія палітычныя прастытуткі – у пашане! Натоўп сяброў, сотні лайкаў пад іхнымі пастамі… Мярзота з прозвішчам Дзмітрыеў ідзе ў прэзідэнты. І хтосьці збірае за яго подпісы (ці робіць выгляд, што збірае). Нібыта не было здрадніцтва, не было выступу на БТ.

Калі ўжо мы прыпынімся і скончым прабачаць у прынцыповых момантах?

Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Прабачце мяне, дэмакратычна-ліберальныя беларусы! Я не магу прабачыць тым АМАПаўцам, якія затрымлівалі мяне ў 2011 годзе пад час «маўклівых акцыяў». Ужо ў «аўтазаку» адзін з іх, наступіўшы каленам мне горла сказаў: «А теперь я тебя буду убивать!» Я не магу прабачыць настаўнікам, якія на сваіх уроках вучаць дзетак дабраце і шчырасці, а потым хлусліва малююць %-кі Каму Трэба ў дні галасавання. Я не магу прабачыць так званым «палітыкам», якія падманваюць безліч людзей сваёй псеўдапазіцыйнай дзейнасцю, а самі крадуць у іх Надзею і Будучыню. І я дакладна не магу прабачыць шоў-бізнэс-прастытуткам, якія дзеля хайпу і бабла зараз гуляюць у «змагароў-асветнікаў», а заўтра пойдуць выступаць на кдбэшных карпаратывах. Прастытуткі маюць права на тое, каб існаваць, але нават яны часам адмаўляюць. Ці вы лічыце, што рecunia non olet? Не, шаноўныя, грошы пахнуць! І калі лайно вам заплаціла, то пахнуць лайном!

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў