Грэцыя пацвердзіла першы выпадак каронавіруса


Першае інфікаванне каронавірусам COVID-2019 зафіксавалі 26 лютага ў Грэцыі, паведамляе Reuters са спасылкай на Міністэрства аховы здароўя гэтай краіны.

Пацыентка – 38-гадовая жанчына, якая нядаўна вярнулася з падарожжа па Паўночнай Італіі. Як вядома, Італія – найбольш пацярпелая ад успышкі каронавірусу з усіх еўрапейскіх краін – там ад захворвання памерла 11 чалавек.

Каронавірус імкліва распаўсюджваецца ў Азіі, Еўропе і на Блізкім Усходзе. У сераду ў шэрагу краін Азіі адбыліся сотні выпадкаў заражэння каронавірусам. У тым ліку стала вядома аб першым інфікаваным амерыканскім вайскоўцы.

Людзі ў масках на вуліцах Мілану. Фота IPA / BACKGRID / Backgrid UK / Forum

ЗША папярэджвалі пра непазбежнасць пандэміі і ўспышкі захворвання ў Італіі і Іране, адкуль каронавірус распаўсюджваецца на іншыя краіны. У Цэнтры па кантролі і прафілактыцы захворванняў ЗША паведамілі, што, хоць непасрэдная рызыка на нізкім узроўні, глабальная сітуацыя прадугледжвае верагоднасць пандэміі.

На сённяшні дзень на каронавірус хварэюць каля 80 тысяч чалавек, больш за 2700 памерла, пераважная большасць – у Кітаі.

ЗША паведамілі пра 57 выпадкаў заражэння. Паўднёвая Карэя, у якой зафіксавана больш за 1100 выпадкаў, паведаміла пра 169 новых хворых. Тым часам у Іране ад каронавірусу памерла 16 асобаў.

Прэм’ер-міністр Японіі Сіндзо Абэ заклікаў на два тыдні адмяніць або абмежаваць спартыўныя і культурныя мерапрыемствы, каб спыніць распаўсюд віруса напярэдадні Алімпіяды ў Токіа ў 2020 годзе.

КА belsat.eu

Стужка навінаў