Грамадзянская супольнасць нараджаецца ў дварах. У чым навізна і адметнасць беларускіх пратэстаў?


Прафесар Андрэй Вардамацкі прадставіў вынікі апытання фокус-групаў, праведзенага сярод удзельнікаў пратэстаў у Беларусі. Галоўныя высновы: людзі перасталі баяцца, не патрабуюць лідараў, гатовыя да самаарганізацыі і доўгатэрміновай барацьбы.

Фундаментальныя змены ў беларускім грамадстве

Андрэй Вардамацкі – доктар сацыялагічных навук, кандыдат філасофскіх навук, кіраўнік прыватнай даследчай лабараторыі аксіяметрычных (каштоўнасных) даследаванняў «НОВАК», кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні.

Пад кіраўніцтвам Вардамацкага было праведзена апытанне беларусаў – удзельнікаў пратэстаў, якія пачаліся ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Даследаванне фокус-групаў вялося пры дапамозе валанцёраў з ліку саміх пратэстоўцаў.

Сярод асноўных вынікаў прафесар вылучае:

– «павышэнне болевага парогу» беларусаў (арышты на 15 содняў ужо не палохаюць людзей);

– з’яўленне псіхалагічнай патрэбы выходзіць на маніфестацыі (каб набрацца пазітыўных эмоцыяў ад сустрэчы з аднадумцамі і адчування масавасці і сілы);

– адсутнасць патрэбы ў лідары (лідары ўзнікаюць спантанна, сітуатыўна, а людзі аб’яднаныя адной ідэяй);

– «вулканічны» працэс самаарганізацыі (людзі аб’ядноўваюцца падворкамі, што стварае падмурак для будучага мясцовага самакіравання);

– гатоўнасць да шматмесячных пратэстаў.

На думку прафесара Вардамацкага, за апошні месяц у беларускім грамадстве адбыліся фундаментальныя змены – яно становіцца больш самаарганізаваным, менш верыць у эфектыўнасць «жорсткай рукі» дзяржавы. Пра гэтыя змены і асаблівасці беларускіх пратэстаў belsat.eu паразмаўляў з прафесарам.

Кіраўнік Беларускай аналічнай майстэрні Андрэй Вардамацкі.
Фота: Дзяніс Дзюба / Belsat.eu

15 содняў – гэта не страшна

Спадар Андрэй, што стала прычынай пратэстнага выбуху ў Беларусі гэтым летам?

Існуе традыцыйны набор прычын – гэта пандэмія COVID-19, эканамічная сітуацыя, фальсіфікацыі на выбарах і гвалт з боку сілавікоў. Калі ўзважваць гэтыя прычыны па значнасці і матывацыйнай сіле, то менавіта гвалт паслужыў кропкай выбуху.

Ці арышты, затрыманні, пакаранні соднямі і штрафамі, дэманстрацыя брутальнай сілы з боку сілавікоў у Менску і іншых гарадах запалохваюць людзей? Ці беларусы сапраўды баяцца?

Менавіта дэманстрацыя сілы і стала найбольш значнай прычынай пратэстаў. І тут адбыўся працэс трансфармацыі страху ў гнеў. Гэта першая характарыстыка існай сітуацыі. А другая – павышэнне «болевага парогу». Людзі ўспрымаюць як псіхалагічную дадзенасць, што іх могуць рэпрэсаваць, яны могуць атрымаць содні і г. д. Пра гэта казаў у траўні Сяргей Ціханоўскі, што 15 содняў – гэта не страшна. Тады для большасці людзей гэта гучала дзіўна і іншародна. Дык цяпер гэта стала псіхалагічна прымальным. Людзі нават кажуць, што кожны прыстойны беларус мусіць адседзець. Зрух болевага парогу – адна з самых значных матывацыйных псіхалагічных характарыстык пратэстоўцаў.

Калі казаць пра матывацыю, чаму людзі выходзяць на пратэсты? Што іх штурхае?

Непасрэдная прычына, якая падштурхоўвае выйсці – гэта сітуацыя, калі рэпрэсіі закранаюць блізкіх – дзяцей, родных, суседзяў, калег па працы і г. д. Калі чалавек адчувае, што рэпрэсія знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад яго, на адлегласці аднаго кроку, гэта выклікае абурэнне і чалавек выходзіць. То бок, чым бліжэй рэпрэсія да чалавека, тым верагодней ён выйдзе. Заканамернасць тут наступная: паколькі блізкіх рэпрэсаваных становіцца ўсё больш, гэта і абумоўлівае рост колькасці тых, хто выходзіць на пратэсты.

Hавiны
«Людзі пэндзлямі фарбуюць МАЗы». Як у Беларусі ідуць італьянскія забастоўкі
2020.09.16 15:54

На пратэст за пазітыўнымі эмоцыямі

Вы казалі, што людзі маюць нейкую псіхалагічную патрэбу ў тым, каб выходзіць. Што гэта за патрэба?

Гэты працэс вядомы як «сінусоіда «ад нядзелі да нядзелі». Людзі выходзяць масава ў нядзелю, атрымліваюць пэўную псіхалагічную, энергетычную падпітку. Потым медыі прыводзяць негатыўныя сітуацыі пра затрыманні, суды. Тады адбываецца псіхалагічны спад. І ў гэты момант, к серадзе – чацвяргу з’яўляецца патрэба зноў атрымаць тую псіхалагічную падпітку. Атрымліваецца, што людзі выходзяць на дэманстрацыі за пазітыўнымі эмоцыямі. Гэта новая з’ява – калі прычынай выходзіць з’яўляецца не толькі пратэст як такі, неабходнасць выказаць сваю нязгоду, незадаволенасць, а таксама патрэба атрымаць пазітыўныя эмоцыі і энергетычную падпітку ад тых, хто атачае цябе падчас дэманстрацый. У гэтым сэнсе можна казаць, што пратэст становіцца патрэбай не толькі грамадзянскай, але і псіхалагічнай.

Усе падручнікі палітычных навук кажуць, што пратэсты без структуры, лідараў, ясна вызначаных мэтаў не маюць будучыні. А ў Беларусі мы ўжо больш за месяц назіраем пратэсты без лідараў. Ці мае такі пратэстны рух будучыню?

Гэта яшчэ адна цалкам новая з’ява, характарыстыка пратэстаў – і ў нашым рэгіёне, і ўвогуле ў свеце: самаарганізацыя. Мы бачым, што ў беларусаў няма той патрэбы ў канкрэтным лідары, пра якую пішуць у падручніках.

Фільмы
Не баімся! Гарадзенскі жнівень
2020.09.15 20:00

Другі феномен тут – плывучае лідарства. Кожны раз у калоне, мікрагрупе, тут і цяпер з’яўляецца новы лідар на нейкі кароткі перыяд часу. Прычым, яшчэ гадзіну таму ён не ведаў, што стане лідарам, чалавекам, які кажа, куды ісці і што рабіць. Потым ён адпрацоўвае сваю функцыю і зноў ператвараецца ў звычайнага чалавека.

З’яўленне такога імгненнага лідара ў мікрагрупе магчымае дзякуючы агульнай ідэі, якая аб’ядноўвае, цэментуе. У нашым выпадку гэта незадаволенасць тым, што ёсць. Лідар пры гэтым – гэта не ідэолаг, які агучвае вялікія стратэгічныя мэты. Не, ён проста тэхнічна паказвае людзям, што рабіць у дадзены момант.

Беларусы гатовыя выходзіць шмат разоў, да перамогі

Ці адбываецца цяпер у Беларусі самаарганізацыя ўсяго грамадства? Ці нараджаецца ў нашай краіне грамадзянская супольнасць, без якой дэмакратыя немагчымая?

Так, цяпер яна інтэнсіўна фармуецца. Вельмі важны працэс адбываецца на ўзроўні кожнага канкрэтнага двара. Пачалося ўсё з Плошчы Перамен, і цяпер гэта становіцца масавай сістэматычнай з’явай – такіх двароў становіцца дзясяткі, сотні. І гэтым працэсам дзяржава ўжо не можа кіраваць, кантраляваць яго. У падворках адбываецца зараджэнне і вулканічны рост грамадзянскай супольнасці. Гэта прататып будучага мясцовага самакіравання.

Hавiны
Святлана Ціханоўская для The Washington Post: У Лукашэнкі няма будучыні, яго сыход – толькі пытанне часу
2020.09.15 11:30

Як доўга могуць працягвацца пратэсты ў Беларусі? Да якога выніку яны могуць прывесці?

Калі казаць пра тэрміны, то тут таксама мы бачым прынцыпова новую з’яву, якой не было ніколі раней – ні ў 2010 годзе, ні тым больш у 2015. Адбыўся зрух арыентацыі грамадства на доўгачасовы пратэст. Няўдача сённяшняга дня не прыводзіць да апатыі. Вось што тут новага – людзі псіхалагічна гатовыя, што трэба выходзіць шмат-шмат разоў, і пройгрыш сёння не паралізуе і не адбівае жаданне выходзіць заўтра. Арыентацыя на працяглы пратэст – ужо зафіксаваны псіхалагічны факт сярод пратэстоўцаў. Што датычыць канкрэтных тэрмінаў, то тут у беларусаў ёсць розныя меркаванні. Радыкальная пазіцыя – да канца, і людзі гатовыя ісці да выніку на працягу многіх месяцаў.

Размаўляў Аляксандр Папко Belsat.eu

Стужка навінаў